Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВЫСОКАПАСТАЎЛЕНЫ ЧЫНОЎНІК СНД АБВІНАВАЧВАЕ СВАІХ КАЛЕГАЎ У КАРУМПАВАНАСЬЦІ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Яфім Маліцікаў узначальвае міждзяржаўны камітэт СНД у справе распаўсюджваньня ведаў і адукацыі дарослых. Сёньня Маліцікаў склікаў журналістаў у гатэль "Кастрычніцкая", каб заявіць пра карупцыю сярод чыноўнікаў выканкаму СНД.

(Маліцікаў :) "Ідзе фальсыфікацыя, падробка дакумэнтаў, перасьлед нашага камітэту, нам спрабуюць даказаць, што чыноўнікі ўсемагутныя. Але гэта ня так".

Паводле акадэміка Маліцікава, чыноўнікамі менскага офісу быў уведзены ў зман сам міністар замежных справаў Расеі Ігар Іваноў. Таксама Маліцікаў абвінаваціў чыноўнікаў выканкаму СНД у вымаганьні грошай.

Як удалося высьветліць, канфлікт паміж выканкамам СНД і кіраўніцтвам камітэту пачаўся пасьля рашэньня кіраўнікоў СНД скараціць некаторыя структуры арганізацыі, каб зьменшыць выдаткі. Выбар прыйшоўся на камітэт, які ўзначальвае акадэмік Маліцікаў. Той нейкі час даказваў, што рабіць гэтага нельга, а сёньня перайшоў у наступ, зрабіўшы заяву пра карумпаванасьць чыноўнікаў. Акадэмік таксама паведаміў, што паводле фактаў карумпаванасьці супрацоўнікаў менскага офісу СНД ён падрыхтаваў зварот у пракуратуру. Аднак Маліцікаў не ўдакладніў дзяржаўную прыналежнасьць гэтай пракуратуры і не назваў прозьвішчаў чыноўнікаў, якія нібыта вымагалі ў яго грошы.

Прэсавы сакратар СНД Тацяна Ягорава адмовілася камэнтаваць абвінавачаньні кіраўніка камітэту СНД. Яна паведаміла толькі, што рашэньне пра скарачэньне камітэту яшчэ не прынятае, частка краінаў СНД выказваецца супраць. Прадстаўнік Беларусі заклікае не сьпяшацца з прыняцьцем канчатковага рашэньня.

Паводле неафіцыйных зьвестак, Яфім Маліцікаў мае рэпутацыю чалавека, здольнага на гучныя ўчынкі. Ён называе сябе акадэмікам больш чым дзесяці акадэміяў замежных краінаў і заяўляе, што стварыў міжнародны ўнівэрсытэт – пяты па колькасьці навучэнцаў у сьвеце. Спадар Маліцікаў адмовіўся назваць штогадовы бюджэт камітэту, які ён узначальвае. Пры гэтым ён паведаміў, што за два мінулыя гады камітэт атрымаў амаль 500 тысяч даляраў замежнай дапамогі на мэты адукацыі дарослых. У асноўным грошы ішлі праз структуры ААН. Вось на гэтыя гранты, сьцьвярджае Маліцікаў, і паклалі вока чыноўнікі СНД.

Між тым, адзін з гэтых чыноўнікаў, які пажадаў захаваць інкогніта, абвінавачвае самога Яфіма Маліцікава ў карумпаванасьці. "Камітэт СНД патрэбны яму толькі як шыльда для атрыманьня грантаў. Яму ўчынілі праверку, знайшлі шмат фінансавых парушэньняў і вырашылі закрыць камітэт – вось ён і пачаў контрдзеяньні", – сказаў Радыё Свабода супрацоўнік апарату СНД.

Заўважу, што фінансавыя скандалы ў структурах СНД узьнікаюць не ўпершыню. Некалькі скандальных гісторыяў было зьвязана з экс-кіраўніком гэтай арганізацыі Барысам Беразоўскім. Цяпер Беразоўскі знаходзіцца ў Гішпаніі, дзе хаваецца ад расейскага правасудзьдзя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG