Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКАЯ ДЫПЛЯМАТЫЯ Ў ХVІ СТАГОДЗЬДЗІ


Вячаслаў Ракіцкі, Прага

Удзельнічае: гісторык, драматург Алесь Петрашкевіч.

(Вячаслаў Ракіцкі: ) “Разважаючы над беларуска-расейскімі стасункамі ў гістарычнай пэрспэктыве, мы часьцей за ўсё кажам пра тое, што стасункі паміж Масковіяй і Вялікім Княствам Літоўскім вызначаліся шматлікімі войнамі. Масковія хацела заваёўваць нашыя землі, у сваю чаргу, беларусы не маглі не даваць адпору.

Але ці заўсёды нашыя дачыненьні ў гісторыі вызначаліся толькі войнамі, ці заўсёды мы хадзілі на Масковію біцца, а мо хадзілі й мірыцца? Ці існавала дыпляматыя ў вырашэньні беларуска-расейскіх дачыненьняў?”

(Алесь Петрашкевіч: ) “Дакумэнты сьведчаць пра тое, што дыпляматыя Вялікага Княства набывае моц ужо ў пачатку ХVІ стагодзьдзя. Людзі займаліся гэтым ужо прафэсійна, рыхтаваліся прафэсійныя дыпляматы, якія праходзілі эўрапейскія ўнівэрсытэты — яны ведалі мову, ведалі філязофію, ведалі, на чым трэба стаяць”.

(Ракіцкі: ) “Маім госьцем — гісторык, драматург Алесь Петрашкевіч. Спадар Петрашкевіч, у беларускай дыпляматыі ўжо ў ХVІ і пазьнейшых стагодзьдзях былі знакавыя фігуры. Хто яны? Давайце назавем першых дыпляматаў”.

(Петрашкевіч: ) “Сярод першых самай знакавай фігурай быў Астафій Валовіч. Гэта канцлер Вялікага Княства Літоўскага, фігура ўплывовая, даволі самастойная і надзвычай патрыятычная. Яго вучнем быў Леў Сапега. У 27 гадоў Валовіч разам з каралём направіўся зь вялікім пасольствам да Івана Жахлівага, каб заключыць калі ня мір, то хоць бы перамір’е”.

(Ракіцкі: ) “У чым была скаладанасьць праблемы і наколькі вялікай была пагроза з боку Масковіі?”

(Петрашкевіч: ) “Турбавала найперш самастойнасьць, незалежнасьць. Уявіце сабе, што Лівонія ўжо заваяваная Іванам Жахлівым, Полацак паў, 80-тысячнае войска ўжо на Дняпры — трэба было шукаць ратунку ў нейкіх перамовах. На такія перамовы Масква ня вельмі давалася, ёсьць такі запіс у летапісе, што “цяпер вам трэба баяцца ўжо не за Полацак, бо ён ужо ў нашых руках, трэба баяцца ўжо за Вільню, так што вы ня вельмі нам дыктуйце”.

Але гісторыя павярнулася так, што пасольства Сапегі не сустрэлася з Іванам Жахлівым, ён памёр, каля яны былі ў дарозе, і сустракацца прыйшлося зь Фёдарам Іванавічам, якому ня вельмі высокую адзнаку дае Сапега, што “чалавек гэта нядалёкі, ня вельмі дасьведчаны. Калі я ў яго быў на аўдыенцыі, ён сядзеў на пасадзе, трымаў дзяржаву і скіпэтар, глядзеў на іх і недарэчна пасьміхаўся”.

(Ракіцкі: ) “Натуральна, гэта выкарысталі. Але ня так проста гэта ўсё адбывалася, бо мы ведаем, што Масковіяй, ды й кожнай іншай дзяржавай, кіруе ня толькі самадзержац, але і яго атачэньне. У Масковіі гэта былі баяры, якія вельмі дакладна ведалі маскоўскі інтарэс. З другога боку — якія аргумэнты высоўвала беларускае пасольства, да чаго апэлявала?”

(Петрашкевіч: ) “Іван Жахлівы памёр, прыйшоў новы цар, але памёр і Стэфан Батура, кароль Польскі. І ў Польшчы дзьве групоўкі Збароўскіх і Замоўскіх хацелі пасадзіць свайго прэтэндэнта на польскую каралеўскую пасаду. Тады Валовіч і Сапега прапанавалі так: калі вы прапаноўваеце двух польскіх кандыдатаў на адну пасаду, то мы запросім на Княства Літоўскае, калі не на ўсю Рэч Паспалітую, Івана Фёдаравіча, маскоўскага цара і князя”.

(Ракіцкі: ) “Гаворка ішла пра нейкі саюз ці пра адзіную дзяржаву?”

(Петрашкевіч: ) “Была звычайная дыпляматычная гульня. Можна было нешта прапанаваць Масковіі, потым уціхамірыцца вайна, было падпісанае перамір’е і, пакуль абіралі польскага караля, Сапега з Валовічам вадзілі за нос Фёдара, абяцаючы яму і каралёўскі, і княскі пасад і тым самым шантажавалі дзьве польскія групоўкі.

А асноўная мэта — выйсьці з залежнасьці ад Польшчы, фактычна разарваць Люблінскую унію і зьберагчыся ад Масквы, застацца самастойнымі. І трэба было такога абраць караля, які бы, не чытаючы, падпісаў Трэці Статут Княства Літоўскага 1588 году, які рыхтаваў Валовіч, а дапрацоўваў Сапега. У гэтым Статуце нават не ўпаміналася унія — Княства фактычна павінна было выйсьці з Рэчы Паспалітай і застацца самастойным. У гэтай гульні быў выкарыстаны і вось гэты маскоўскі фактар”.

(Ракіцкі: ) “Чым не маглі паступіцца Валовіч і Сапега пры размове з Масквой, прапаноўваючы кампрамісы, нейкія паступкі?”

(Петрашкевіч: ) “Калі ўжо быў Барыс Гадуноў на царстве, то Сапега паедзе з другім вялікім пасольствам і будзе там сустракацца і весьці перамовы. Быў распрацаваны тэкст уніі, у якім было каля 20 пунктаў. Усё там было, акрамя аднога — там не было пункту, што мы губляем незалежнасьць. Там было, што ў нас засаецца сваё войска, свае законы, свая тэрыторыя, свае грошы. І толькі калі нехта нападзе на Масковію ці Княства Літоўскае, тады таму, хто трапіў у бяду, аказваецца дапамога”.

(Ракіцкі: ) “Але наколькі гэта магло задавальняць маскоўскую дзяржаву?”

(Петрашкевіч: ) “Усе пункты гэтай уніі былі адкінутыя і пры тым вельмі груба. У гэты час на перамовах адзін з баяраў, Тацішчаў, абразіў годнасьць і Сапегі, і яго дзяржавы. Цікава, што гэты выхаваны дыплямат эўрапейскага ўзору ня тое што сарваўся, а ён годна адказаў гэтаму Тацішчаву, і гэта варта працытаваць:

“Сам ты манiш, халоп глупы, я прызвычаiўся мовiць праўду. Ня ўмею так, як ты, круцiць фартэлямi. Не са знамянiтымi пасламi табе размаўляць, а з халопамi на стайнi, ды i тыя размаўляюць больш прыстойна за цябе. Нецнатлiвы пёс, вялiкую крыўду мне чынiш, вiнiш мяне ў падмане, каб не шанаваў свайго караля i князя вашага, баяраў значных i сябе самога, здолеў бы цябе, сьмердзюка, на гэтым плацы правучыць.. Але на волю старэйшага тое аддаю. Я тут болей быць не хачу”.

(Ракіцкі: ) “Падчас гэтых перамоваў, як сьведчыць гісторыя, з боку Масковіі раздаваліся і пагрозы?”

(Петрашкевіч: ) “У іх заўсёды быў адзін аргумэнт: там, дзе жывуць праваслаўныя славяне, гэта і ёсьць тэрыторыя Масковіі. І гэтай дыпляматыяй маскоўская дзяржава кіравалася на працягу стагодзьдзяў:

“Вайну пачаць можаце, але канец вайны ў руках Боскiх”, – з годнасьцю зазначыў Сапега. А прачытаўшы свой праект саюзу, дадаў: “Мы з вамi, славяне, адзiны народ. Бога з вамi хвалiм адзiнага i адну чэсьць, хвалу яму аддаем. Хiба гэта мала, каб не паразумецца? Слушна тады было б наперад сваiх манархаў зьвесьцi ў вечную прыязьнь ды павесьцi да таго iхнага панства. Каб памiж сабой мiласьць i згоду вечную ўзялi i супраць усiх паганых братэрства мелi. Шчырым сэрцам зычу, каб у вашых i нашых сэрцах праўдзiва прыняць гэты саюз”.

(Ракіцкі: ) “Спадар Петрашкевіч, вось прыклад мовы маскоўскай дыпляматыі і нашай дыпляматыі — у чым была розьніца?”

(Петрашкевіч: ) “У нашай дыпляматыі любымі сродкамі хацелі жыць у міры і хацелі не дапусьціць агрэсіі, не згубіць сваёй Айчыны. Суседняя дзяржава карысталася такім аргумэнтам — там, дзе жывуць праваслаўныя славяне, там і ёсьць тэрыторыя Масковіі, і гэтым яны карысталіся стагодзьдзямі, а калі гаварыць пра сёньняшні дзень, то ў прэсе была надрукаваная такая цытата аднаго вядомага сёньняшняга маскоўскага шавініста, які сказаў: “Везде, где оправился русский солдат, есть Россия”.

(Ракіцкі: ) “Як можна было такі аргумэнт перамагчы, і чым скончыліся дыпляматычныя высілкі Сапегі й ягонага атачэньня ў той гісторыі, пра якую мы з вамі сёньня размаўляем?”

(Петрашкевіч: ) “Сапега скарыстаў смуту на Русі. Абсалютна дыпляматычнымі спосабамі Сапегу ўдалося схіліць маскоўскіх баяраў, каб яны прагаласавалі й пасадзілі на маскоўскі прастол сына караля Жыгімонта Ўладзіслава. Гэтаму цяжка паверыць, але так было.

Не ўдалося, можа, давесьці да канца такую дыпляматычную акцыю Сапегу, каб пасадзіць чалавека, які ня будзе ваяваць Княства Літоўскае. Можа, не ўдалося толькі таму, што Жыгімонт, бацька, прыраўнаваў да маскоўскай пасады свайго сына і ня выпусьціў яго з Польшчы. На Маскве пачалася Вялікая смута, Жыгімонт захапіў Смаленск, які яму ніколі не належаў. Смаленск вельмі ўпарта супраціўляўся, і ў Масковіі пачалася фактычна вызваленчая вайна ад Польшчы”.

(Ракіцкі: ) “А што атрымала Вялікае Княства Літоўскае?”

(Петрашкевіч: ) “ВКЛ атрымала час. Княства ацалела на гэты час. Але наперадзе яго чакалі новыя цяжкасьці й новая пляяда дыпляматаў. На арэну выйдуць дыпляматы з магнацкіх родаў Радзівілаў і Хадкевічаў — рыцары, воіны, патрыёты, дыпляматы, якія і жыцьця не шкадавалі. Яны былі прыхільнікамі самастойнасьці Княства, непадлеглага ні Масковіі, ні Польшчы”.

(Ракіцкі: ) “Углядаючыся ў гісторыю, ці мы можам казаць, што з Масковіяй можна размаўляць з пазыцыі дыпляматыі, можна атрымліваць нейкія перамогі?”

(Петрашкевіч: ) “І перамовы былі, і перамогі былі. Калі Расея трапляла ў цяжкае становішча, то дыпляматы Княства Літоўскага маглі мець з гэтага свой плён, сваю карысьць”.

(Ракіцкі: ) “Сілу перамагалі розумам?”

(Петрашкевіч: ) “Думаю, што так. Такой вайсковай сілы ў Княства Літоўскага, якая была ў Расеі, не было — даводзілася браць розумам, галавою”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG