Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У БЛІЗКІМ ЧАСЕ БУДУЦЬ ЗАМЕНЕНЫЯ БОЛЬШ ЯК 10 БЕЛАРУСКІХ АМБАСАДАРАЎ


Валер Каліноўскі, Менск

На паседжаньне былі запрошаныя ўсе беларускія амбасадары. Частка зь іх ужо ня вернецца на працу ў замежныя сталіцы — найперш гэта датычыць беларускіх амбасадараў у краінах Эўропы.

Аляксандар Лукашэнка паведаміў, што сёньня прыняў рашэньне пра замену больш як дзесяці амбасадараў, якое яму прапаноўваў міністар замежных справаў Міхаіл Хвастоў. На канале ОНТ паведамлялася, што іх могуць замяніць міністры беларускага ўраду, але пацьверджаньня гэтай інфармацыі пакуль не прагучала. Наадварот, Аляксандар Лукашэнка запэўніў, што амабасадарамі патрэбна накіроўваць кадравых дыпляматаў, якія валодаюць замежнымі мовамі й досьведам дыпляматычнай працы.

Прычынай групавой замены амбасадараў сталася моцная крытыка ў бок МЗС і беларускіх амбасадаў у тым, што яны дрэнна займаюцца замежнаэканамічнай дзейнасьцю, не прасоўваюць беларускія тавары.

Гаворыць прэсавы сакратар А.Лукашэнкі Натальля Пяткевіч:

(Пяткевіч: ) “Было сумна глядзець, як амбасадары, службовыя асобы, міністры, кіраўнікі канцэрнаў гаварылі аб праблемах, ставілі задачы, але выносілі ўсё гэта на рагзляд прэзыдэнта, хаця ўсё гэта можна было рашаць самім”.

Натальля Пяткевіч таксама паведаміла, што А.Лукашэнка моцна скрытыкаваў дзейнасьць вольных эканамічных зонаў у межах Беларусі. Замест экспартнай ці імпартазамяшчальнай прадукцыі яны працуюць пераважна на ўнутраны рынак і карыстаюцца льготамі ў параўнаньні зь іншымі вытворцамі. Праца вольных эканамічных зонаў будзе перагледжаная.

Яшчэ адной падставай для крытыкі МЗС Беларусі сталася нядаўняя рэзалюцыя ПА АБСЭ пра Беларусь, зьмест якой вельмі крытычны. А.Лукашэнка быў абураны як тым, што МЗС прапусьціў прыняцьце такой заявы, так і яе зьместам. Ён заявіў, што яна не пацьвярджаецца фактамі пра продаж Беларусьсю зброі Іраку і абвінаваціў АБСЭ, што яна нібыта ня хоча рабіць крокаў насустрач Беларусі. Зьменаў у замежнай палітыцы Беларусі ня будзе, — запэўніў А. Лукашэнка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG