Сёлетняя Глябальная справаздача пра чалавечае разьвіцьцё, прэзэнтаваная шэфам прадстаўніцтва ААН у Беларусі Нілам Бунэ, мела назву “Паглыбленьне дэмакратыі ў падзеленым сьвеце”. Каб патлумачыць, якія каштоўнасьці ёсьць асноўнымі для ААН, Ніл Бунэ прывёў цытату генэральнага сакратара гэтай арганізацыі Кофі Анана, зьмешчаную ў справаздачы:
(Бунэ: ) “Адным з урокаў ХХ стагодзьдзя ёсьць тое, што там, дзе прыніжаецца годнасьць чалавека, дзе існуе пагроза ягонаму існаваньню, там, дзе грамадзяне не карыстаюцца асноўным правам — абіраць свой урад ці правам рэгулярна яго мяняць — у гэтых выпадках частым вынікам ёсьць канфлікты, і невінаватыя грамадзяне плацяць сваім жыцьцём. І супольнасьці гэтых народаў скарачаюцца й зьнішчаюцца”.
Паказальна, што ў групу з 53 дзяржаваў з высокім узроўнем разьвіцьця чалавечага патэнцыялу ў асноўным уваходзяць краіны Эўропы, Паўночнай Амэрыкі, а таксама Аўстралія, Японія ды іншыя дзяржавы з дэмакратычным ладам.
Беларусь сёлета ў індэксе чалавечага разьвіцьця перамясьцілася з 53 на 56 месца, прапусьціўшы наперад Мэксыку й Кубу. Праўда, яна па-ранейшаму ёсьць лідэрам у гэтым сьпісе сярод краінаў СНД (Расея займае 60 месца), але ў параўнаньні з 1990 годам рэйтынг Беларусі значна зьнізіўся. Паводле Ніла Бунэ, Беларусь яшчэ трымаецца за кошт даволі высокага ўзроўню адукацыі, навуковага патэнцыялу, але ўжо значна адстае ў мэдыцыне (напрыклад высокі ўзровень сьмяротнасьці дзяцей ва ўзросьце да 5 гадоў, у барацьбе са СНІДам) і г.д.
Найбольш жа заўважнае адставаньне Беларусі ў справе дэмакратыі й пабудовы грамадзянскай супольнасьці. Ніл Бунэ працягвае:
(Бунэ: ) “Што тычыцца індэксу чалавечага разьвіцьця, Беларусь у гэтай справе ўсё больш адстае ад краінаў Усходняй Эўропы. Калі ж прааналізаваць паказьнікі Беларусі ў галіне дэмакратыі й грамадзянскага кантролю над уладай, то яны ў Беларусі горшыя, чым у большасьці краінаў СНД”.
Беларускія ўлады ўвогуле падалі мала зьвестак па пытаньнях, якія цікавілі аўтараў справаздачы пра чалавечае разьвіцьцё ААН. Пры гэтым спадар Бунэ паставіў пад сумнеў аб’ектыўнасьць некаторых афіцыйных беларускіх паказьнікаў — такіх як стабільнасьць, правапарадак, ці доля сукупнага ўнутранага прадукту на чалавека, які нібыта роўны 7544 далярам ЗША. (Дакладна такая ж лічба па Беларусі фігуравала ў ААНаўскай справаздачы двух-трохгадовай даўніны.)
Ніл Бунэ параіў беларускім уладам хутчэй пачаць дэмакратызацыю дзяржавы й грамадзтва, бо толькі такі шлях вядзе да павышэньня жыцьця людзей і адпаведна больш высокага рэйтынгу краіны ў індэксе чалавечага разьвіцьця ААН.