Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МІЖНАРОДНЫ ЧАРНОБЫЛЬСКІ САЙТ; LITARA.NET – СТАРОНКА ДЛЯ ЧЫТАЧОЎ БУДУЧЫНІ; САЙТ БЕЛАРУСКАГА ЗЯМЛЯЦТВА Ў ІЗРАІЛІ


Віталь Тарас, Прага

Пачнем з важнай падзеі, якая знайшла сваё адлюстраваньне, зразумела, і ў інтэрнэце. Як вядома, 27 чэрвеня на разгляд палаты прадстаўнкоў ЗША быў вынесены законапраект “Аб дэмакратыі ў Беларусі”. Яго прадставіў сустаршыня Гельсынскай камісіі кангрэсмэн Крыстафэр Сьміт. Тэкст законапраекту, а таксама пачатковы варыянт, падрыхтаваны яшчэ летась сэнатарам Джэсі Гэлмсам, можна прачытаць на нашым сайце. Акрамя таго, нагадаем нашым чытачом інтэрнэт-адрас Гельсынскай камісіі ЗША, якая займаецца справамі АБСЭ: http://www.csce.gov/helsinki.cfm.

А цяпер пра яшчэ адну важную міжнародную падзею.

25 чэрвеня ў сеціве афіцыйна распачаў працу новы сайт з адрасам www.chernobyl.info. У гэты дзень генэральны дырэктар Управы ў справах разьвіцьця й супрацоўніцтва Вальтэр Фуст са Швайцарыі і намесьнік генэральнага сакратара ААН Кенза Ашыма ў прысутнасьці афіцыйных прадстаўнікоў Беларусі, Расеі ды Ўкраіны ўрачыста адчынілі новую камунікацыйную плятформу, прысьвечаную доўгатэрміновым наступствам катастрофы на ЧАЭС. Пра мэты, якія ставяць перад сабой стваральнікі новага рэсурсу, нашы слухачы змаглі ўведаць у мінулым выпуску перадачы. Зараз усяго некалькі фактаў. Дарэчы, “Факты” – адна з галоўных рубрыкаў на сайце.

“З агульнай колькасьці дзяцей Гомельскай вобласьці Беларусі, якім на момант катастрофы было да 4-х гадоў, 30 адсоткаў цягам жыцьця захварэюць на рак шчытападобнай залозы. Я падзяляю гэты пункт погляду Ўсясьветнай арганізацыі аховы здароўя. Толькі ў адной Гомельскай вобласьці гэтая лічба складае 50 тысячаў чалавек”.

Такі несуцяшальны прагноз робіць дырэктар мюнхенскага Інстытуту радыялёгіі Эдмунд Лягэнфэльдэр. Навуковец, які з 1991 году загадвае дасьледчыцкім Цэнтрам шчытападобнай залозы, не выключае, што размова павінна йсцьі пра 100 тысяч выпадкаў захворваньня гэтай залозы ва ўсіх узроставых катэгорыях. Гэтую ды іншую надзвычай важную інфармацыю можна прачытаць на сайце www.chernobyl.info, які выходзіць пакуль у трох варыянтах – на ангельскай, нямецкай і расейскай мовах.

Перш чым перайсьці да размовы на іншыя тэмы, пазнаёмім з вынікаміі апошняга апытаньня на сайце беларускай Свабоды. Прэзыдэнт Расеі Пуцін выступіў з рэзкай крытыкай інтэграцыйных прапановаў афіцыйнага Менска. Мы прапанавалі нашым слухачам два варыянты: гэта “шараговы канфлікт, які будзе хутка пераадолены” або гэта “сканчэньне ўсяго ранейшага этапу двухбаковых адносінаў”. Першы варыянт – шэраговы канфлікт – лічаць слушным 65 працэнтаў апытаных (91 адказ на пятніцу, 28 чэрвеня).

Litara.net: “літаральна ўсё пра сучасную беларускую літаратуру”. Гэтак ляканічна гучыць дэвіз новай старонкі ў беларускім Інтэрнэце. Аўтарам ідэі сайту ёсьць журналістка Аліса Бізяева, якой мы патэлефанавалі ў Менск, каб атрымаць інфармацыю, што называецца, наўпрост.

(Тарас: ) “На галоўнай старонцы мы чытаем пра гэты інфармацыйны рэсурс, што “ён зьявіўся ў часы пэўных зьменаў у беларускай культуры. Адной з асноўных рысаў новага жыцьця літаратуры бачыцца паварот пісьменьніка да чытача, адмова ад псэўдаэлітранасьці беларускай літаратуры, пошукі цікавых для чытача сюжэтаў і формаў”. Але ж вядома, што Інтэрнэт пакуль што ня стаўся агульнадаступным. Ці няма тут пэўнай супярэчнасьці, на Ваш погляд?”

(Бізяева: ) “Я думаю, ніякай супярэчлівасьці няма, таму што мы працуем менавіта на будучыню. Мы зараз зьбіраем базу дадзеных па беларускіх пісьменьніках, беларускіх выдавецтвах, выданьнях, якую потым можна будзе выкарыстоўваць – і ў Інтэрнэце ў тым ліку. Зараз гэты рэсурс, можа быць, ня знойдзе так шмат чытачоў, як потым. Але база ўжо будзе сабраная.

І іншае, што я хачу сказаць – тое, што мы хочам далучыць да свайго рэсурсу тых людзей, якія яшчэ ўвогуле недалучаныя да карыстаньня сецівам. Гэта беларускія пісьменьнікі, якія з большага незнаёмыя зь сецівам”.

(Тарас: ) “У вас на першай старонцы прыводзіцца сьпіс імёнаў: Глёбус, Аркуш, Бізяева, Антанян, Хадановіч, Акудовіч, Мудроў – ня буду пералічваць усіх. Гэта людзі, якія супрацоўнічаюць з вашым сайтам, ці падтрымліваюць яго, альбо зьяўляюцца аўтарамі?”

(Бізяева: ) “Гэта людзі, інфармацыя пра якіх ужо ёсьць на нашым сайце, а таксама тыя, хто з намі супрацоўнічае. Але гэта ня значыць, што толькі гэтыя людзі будуць прадстаўленыя на сайце. Гэта справа часу, але мы будзем імкнуцца далучыць як мага больш людзей, і інфармацыю пра ўсіх беларускіх пісьменьнікаў мы разьмесьцім у каталёгу пэрсаналіяў”.

(Тарас: ) “Як вядома, са зьменай кіраўніцтва некаторых літаратурна-мастацкіх часопісаў – таго ж “Полымя”, “Маладосьці”, “Крыніцы”, многія пісьменьнікі проста страцілі магчымасьць друкавацца дзе-небудзь. Ці маеце Вы на мэце друкаваць некаторыя творы? Ці Вы лічыце, што для гэтага ёсьць іншыя інтэрнэт-рэсурсы, і ў вас будуць пераважаць, скажам, рэцэнзіі, інтэрівію і іншыя падобныя формы?”

(Бізяева: ) “Як Вы правільна зразумелі, “Беларуская палічка” – гэта электронная бібліятэка, на якой будуць зьмяшчаца творы. А мы будзем іх анансаваць, замаўляць рэцэнзіі і рабіць інтэрвію з аўтарамі, і такім чынам будзем супрацоўнічаць зь “Беларускай палічкай”.

(Тарас: ) “І апошняе пытаньне – пра форум. Праўда, усяго тыдзень існуе ваш сайт. І ўсё-ткі, хто вашыя наведнікі, хто больш цікавіцца ім – маладыя літаратары? Ці ёсьць тыя, хто раней ніколі не зьвяртаўся ў сеціва?”

(Бізяева: ) “Пакуль што такіх яшчэ няма. 1-га ліпеня ў нас адбудзецца прэзэнтацыя гэтага рэсурсу, куды мы запрашаем нават тых людзей, якія пра нас ня ведаюць, таму што не бываюць у сеціве. А зараз там гутарка ідзе паміж людзьмі, якія бываюць на форумах “Беларускай палічкі”. Гэта Ганна Кісьліцына, Алесь Аркуш, Лявон Юрэвіч і некаторыя іншыя людзі з тых, хто цікавіцца беларускай літаратурай, але самі ня ёсьць літаратарамі – проста актыўныя чытачы”.

Пра Беларускае зямляцтва ў Ізраілі мы некалькі разоў згадвалі ў розных нашых перадачах. А нядаўна зьявіўся і сайт Аб’яднаньня выхадцаў зь Беларусі ў Ізраілі (так афіцыйна называецца гэтая арганізацыя). Стваральнікі сайту нагадваюць, што падчас Галакосту на Беларусі загінула да 800 тысяч габрэяў. “Нашая мэта”, – пішуць далей аўтары інтэрнэт-старонкі, – “захаваньне культурнай ды гістарычнай спадчыны габрэйскай грамады Беларусі і ўвекавечаньне памяці габрэяў – ахвяраў нацыстоўскага генацыду на зямлі Беларусі. І безумоўна – умацаваньне сувязяў зь землякамі ў Ізраілі ды ва ўсім сьвеце”. Філіі аб’яднаньня нараджэнцаў Беларусі існуюць, дарэчы, у 30 местах Ізраілю. Поўныя імёны і адрасы сяброў Управы аб’яднаньня зьмешчаныя на сайце з адрасам www.souz.co.il.

І на заканчэньне падамо адрас яшчэ аднаго сайту, які, мабыць, зацікавіць аматараў лінгвістыкі: www.esperanto.pisem.net. Як вынікае ўжо з самой назвы, размова ідзе пра міжнародную мову эспэранта. “Bonvenon! Калі ласка!” – гэтак вітаюць наведнікаў стваральнікі беларускай часткі гэтага рэсурсу. Тут ёсьць падручнік і курс эспэранта, эспэранта-беларускі і беларуска-эспэранцкі слоўнікі, а таксама адказы на пытаньні, якія найбольш часта задаюць эспэрантыстам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG