Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ГАНДАЛЬ КАВАНА З ДЫКТАТАРАМ”


Натальля Судлянкова, Прага

16 чэрвеня ў размове зь беларускай рэдакцыяй “Радыё “Свабода” спадар Каван распавёў пра свае перамовы зь беларускімі ўладамі і фактычна прад’явіў прэзыдэнту Лукашэнку ўльтыматум. Ульматум быў наступны: Беларусь адклікае сваю кандыдатуру на пасаду старшыні Генэральнай Асамблеі ААН, Чэхія робіць шэраг крокаў як для паляпшэньня двухбаковых сувязяў, так і для падтрымкі Беларусі ў міжнародных арганізацыях.

29 чэрвеня Беларусь адклікала сваю кандыдатуру на пасаду старшыні Генэральнай асамблеі, а на нашае пытаньне “Чаму Беларусь адклікала свайго кандыдата?” прэсавы сакратар беларускага МЗС Павал Латушка адказаў коратка:

(Латушка: ) “Мы пакідаем без камэнтароў вашае пытаньне...”

Але іншы беларускі дыплямат у іншай размове, а дакладней, у размове з журналісткай часопісу “Тыдзень” быў больш шчырым. Сакратар беларускае амбасады ў Чэхіі спадар Віктар Казлоў распавёў Крысьціне Ванатавічавай аб перамовах з чэскімі дыпляматамі.

Гаворыць Крысьціна Ванатавічава:

(Ванатавічава: ) “Я размаўляла з другім сакратаром беларускае амбасады спадаром Віктарам Казловым. Ён сказаў мне, што Чэская рэспубліка ніколі ніякіх ультыматумаў Беларусі не выстаўляла. Тым ня менш, ён пацьвердзіў, што спадар Каван зрабіў Беларусі пэўныя прапановы, пры ўмове, што Беларусь адкліча сваю кандыдатуру на пасаду старшыні Генэральнай асамблеі ААН”.

Нас вельмі зацікавіла, якія свае ўмовы Беларусь палічыла дастаткова істотнымі, каб адмовіцца ад міжнароднае пасады. Спадарыня Ванатавічава адказала наступным чынам:

(Ванатавічава: ) “Ён адмовіўся сказаць больш канкрэтна, што гэта за прапановы. Ён сьцьвярджаў, што размова можа ісьці аб падвышэньні ўзроўню адносінаў паміж Чэскай рэспублікай і Беларусьсю. Сёньня Чэхію прадстаўляе ў Менску толькі часовы павераны. Спадар Казлоў заявіў, што Беларусь вельмі зацікаўленая ў тым, каб Чэскую рэспубліку прадстаўляў амбасадар. Ён дадаў, што гаворка можа ісьці і пра розныя міжнародныя арганізацыі. У кулюарах ідзе размова аб падтрымцы кандыдатуры Беларусі на пасаду нясталага сябра Рады Бясьпекі ААН”.

А каго падтрымлівае Ян Каван? Што за віртуальная краіна прадстае перад намі зь віртуальных вэб-старонак беларускае амбасады пры ААН? Гэта краіна, дзе абарона правоў чалавека – найбольш важная задача дзяржавы, а галоўнай каштоўнасьцю ёсьць асоба, яе ці ягоныя правы, свабоды і гарантыі існаваньня для кожнага...

Гэта ўсё я цытавала з афіцыйнае старонкі беларускае амбасады. Яна мае адрэсу www.un.int/belarus. Больш за тое, з вэб-старонкі можна даведацца, што менавіта Беларусь выступае катэгарычна супраць масавых парушэньняў правоў чалавека, дзе б у сьвеце яны ні адбываліся. І яшчэ больш, Беларусь патрабуе дакладнага выкананьня пастулатаў Хартыі ААН ад кожнае краіны, што зьяўляецца сябрам ААН.

Але ці будзе Чэская рэспубліка выконваць тыя абавязкі, якія былое кіраўніцтва чэскага МЗС нібыта давала Беларусі? Крысьціна Ванатавічава падкрэсьліла, што ў гэтым сэнсе мы знаходзімся ў вобласьці прагнозаў, але на яе ўласную думку:

(Ванатавічава: ) “Гэтыя дамоўленасьці будзе выконваць спадар Каван. Ён як старшыня Генэральнай асамблеі ААН будзе пераконваць сваіх калегаў у Нью-Ёрку, каб падтрымалі Беларусь”.

Ёсьць толькі некалькі “але...” Як напісаў часопіс “Тыдзень”, адной з асноўных асобаў, што вызначаюць чэскую замежную палітыку, зьяўляецца сёньняшні прэзыдэнт краіны Вацлаў Гавел. Але ягонае стаўленьне да Беларусі абсалютна зразумелае...
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG