Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАВЫ ЧАЛАВЕКА: БЫЦЬ НЯЎРАДАВАЙ АРГАНІЗАЦЫЯЙ І МЕЦЬ МАЁМАСЬЦЬ — РЭЧЫ НЕСУМЯШЧАЛЬНЫЯ?


Алег Грузьдзіловіч, Менск

(Чавусаў: ) “Яны змагаюцца з грамадзкімі арганізацыямі. Яны лічаць, што любая грамадзкая арганізацыя, нават непалітычная — гэта ўжо нейкая антыдзяржаўная дзейнасьць. Таму канфіскацыя аргтэхнікі ці маёмасьці ёсьць сродкам, каб паралізаваць дзейнасьць арганізацыі — гэта з аднаго боку, а яшчэ каб кантраляваць арганізацыю і маніпуляваць ёй”.

Паводле падлікаў нашага сёньняшняга суразмоўцы Юрыя Чавусава, толькі летась была канфіскаваная ці часова арыштаваная маёмасьць 10 няўрадавых арганізацыяў Беларусі. І сёлета гэта адбывалася з тым самым рытмам і незалежна ад месцазнаходжаньня арганізацыі — і ў сталіцы краіны, і ў Магілёве, Горадні, Белаазёрску ці маленькім Хоцімску.

Паўсюль улады дзейнічаюць прыкладна аднолькава, ва ўсялякім разе, Юрыю Чавусаву вядомыя два сцэнары. Першы — калі усё робіцца быццам паводле закону, ёсьць прадпісаньне на праверку альбо пастанова пракурора на ператрус. Другі варыянт — калі ўрываюцца міліцыянты і, не прад’яўляючы ніякіх дакумэнтаў, перакульваюць усё дагары нагамі. І першы варыянт, і другі заканчваюцца звычайна тым, што маёмасьць апячатваюць. Ёсьць і яшчэ адна важкая агульная рыса:

(Чавусаў: ) “Дзяржаўныя органы пры праверцы зьвяртаюць увагу чамусьці не на, прыкладам, маніторы ці ксэраксы, а на носьбіты інфармацыі. Такім чынам іх найперш цікавіць інфармацыя”.

Арышт маёмасьці ўлады звычайна грунтуюць на прэзыдэнцкім дэкрэце, які забараняе аказаньне няўрадавым арганізацыям грашовай дапамогі з-за мяжы, кажа экспэрт. Далей ён адзначае, што дэкрэт не прадугледжвае магчымасьці вяртаньня арыштаванай маёмасьці — і гэтым чыноўнікі карыстаюцца.

Паводле Юрыя Чавусава з Асацыяцыі няўрадавых арганізацыяў, варта казаць пра мэтанакіраваную барацьбу уладаў Беларусі зь недзяржаўнымі арганізацыямі як носьбітамі пэўных ідэяў, якія ўлада не падзяляе. Што можна супрацьставіць гэтай практыцы акрамя звароту ў суд?

Зьвернемся да прыкладу гомельскай арганізацыі “Грамадзянскія ініцыятывы”, якая ўжо каля году змагаецца за вяртаньне сваёй маёмасьці. Перадае наш гомельскі карэспандэнт Казімер Яноўскі:

(Яноўскі: ) “Хутка будзе год, як Гомельскае абласное грамадзкае аб’яднаньне “Грамадзянскія ініцыятывы” адстойвае ў мясцовых судах ня толькі сваю годнасьць, рэпутацыю, але і сваю кампутарную тэхніку. Летась у жніўні, незадоўга да прэзыдэнцкіх выбараў, упраўленьне КГБ сканфіскавала шэсьць кампутараў ды іншую, у тым ліку і прыватную, тэхніку ў доме старшыні грамадзкага аб’яднаньня Віктара Карніенкі.

Падстава была даволі дзіўная. У горадзе на мурах зьявіліся антыўрадавыя надпісы, выкананыя фарбай. Упраўленьне КГБ распачало крымінальную справу, але шукала ня столькі фарбу, колькі кампутары ў грамадзкіх арганізацыях. Апроч “Ініцыятываў”, кампутарная тэхніка была сканфіскаваная і ў моладзевага цэнтру “Гарт”.

Ужо тады грамадзкія арганізацыі зрабілі выснову, што крымінальная справа пра графіці была для адводу вачэй. Паляваньне вялося менавіта на кампутарную тэхніку, атрыманую ў якасьці гуманітарнай дапамогі ад замежных арганізацыяў.

У хуткім часе пасьля ператрусаў упраўленьне КГБ даслала лісты ў падатковую інспэкцыю, у якіх яшчэ без дасьледаваньняў зрабіла выснову, што грамадзкія арганізацыі парушалі дэкрэт Лукашэнкі №8 — нібыта скарыстоўвалі тэхніку для правядзеньня выбараў і арганізацыі незалежнага назіраньня. Падаткоўцы адпаведна склалі акты і пратаколы і, нічога дасканала не правяраючы, накіравалі іх у Чыгуначны суд Гомелю, каб ужо ён, як бы на законнай падставе, прыняў рашэньне пра канфіскацыю кампутараў.

У “Гарту” кампутары сканфіскавалі. А “Грамадзянскія ініцыятывы” і цяпер змагаюцца ў судзе Чыгуначнага раёну за сваю тэхніку. Да таго ж “Ініцыятывы” праз гаспадарчы суд аспрэчваюць больш як двухмільённыя эканамічныя санкцыі, прызначаныя падатковай інспэкцыяй.

Пікантнасьць сытуацыі ў тым, што ні суд агульнай юрысдыкцыі, ні гаспадарчы не жадаюць прынцыпова разьбіраць шматлікія парушэньні працэсуальных нормаў, учыненыя супрацоўнікамі УКГБ падчас гвалтоўнай канфіскацыі тэхнікі.

Старшыня “Грамадзянскіх ініцыятываў” Віктар Карніенка тлумачыць, чаму, нягледзячы на неаб’ектыўныя выракі судоў, “Ініцыятывы” працягваюць змаганьне:

(Карніенка: ) “Галоўная нашая мэта, дзеля якой мы праходзім усе гэтыя судовыя інстанцыі мэтадычна, паступова —мы павінныя давесьці гэтую справу да Камісіі ААН па правах чалавека ў Жэнэве. Безумоўна, мы падрыхтуем увесь стос папераў, усю гэтую перапіску. Падрыхтуем усё: і факты парушэньня працэсуальных нормаў, і факты фальсыфікацыі судовых пастановаў. Усё гэта, безумоўна, будзе вядома міжнароднай грамадзкасьці”.


Са спадаром Карніенкам салідарны Юрый Чавусаў з Асацыяцыі няўрадавых арганізацыяў — трэба зьбіраць і даводзіць да міжнародных судовых інстанцыяў факты бяспраўя з боку беларускіх уладаў. Аднак, каб перамагаць у беларускіх судах, гэтага недастаткова, лічыць праваабаронца Юры Чавусаў і раіць:

(Чавусаў: ) “Калі ў кватэру, дзе месьціцца арганізацыя, завіталі супрацоўнікі міліцыі без адпаведнай санкцыі пракуратуры, у вас ёсьць усе падставы іх не пускаць праводзіць праверку, ператрус ці нешта іншае. Зь іншага боку, калі прыходзяць правяраючыя, яны павінны мець дакладнае прызначэньне, што правяраць — тыя ці гэтыя дакумэнты. Вы можаце гэтыя дакумэнты аддаць, выдзеліць месца для працы правяраючых. Але ніякіх канфіскацыяў быць не павінна.

Зразумела, гэта ня тычыцца выпадкаў, калі распачатая крымінальная справа. Тут трэба дзейнічаць інакш. Трэба сачыць за тым, каб усё рабілася працэсуальна бездакорна. Каб падчас ператрусу былі сьведкі, каб пратакол быў складзены належным чынам”.

Юры Чавусаў паведаміў, што пры Асацыяцыі няўрадавых арганізацыяў створаная так званая сыстэма дапамогі. Акрамя інфармацыйнай сеткі, гэта яшчэ і група юрыстаў, якія даюць кансультацыі й дапамагаюць няўрадавым арганізацыям змагацца за свае правы ў судах.


* * *
Пры канцы нагадаю асноўную падзею тыдня ў справах зьніклых апазыцыянэраў. Тут варта найперш адзначыць вынік разгляду касацыйнай скаргі Сьвятланы Завадзкай на прысуд групоўцы Ігнатовіча, на якую ўсклалі адказнасьць за выкраданьне Зьмітра Завадзкага. Вярхоўны суд Беларусі пакінуў бязь зьменаў прысуд Ігнатовічу і ягоным саўдзельнікам, з чым Сьвятлана Завадзкая ня згодная. Яна настойвае на пераглядзе справы, бо гэты прысуд не дае адказу на галоўнае пытаньне — што сталася са Зьмітром Завадзкім і дзе ён цяпер.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG