Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА АДКРЫЦЬЦЁ “СЛАВЯНСКАГА БАЗАРУ” ЖУРНАЛІСТАЎ НЕЗАЛЕЖНЫХ ВЫДАНЬНЯЎ НЕ ДАПУСЬЦІЛІ


Браніслава Станкевіч, Віцебск

На ХІ міжнародным фэстывалі “Славянскі базар у Віцебску”, які распачынаецца сёньня, акрэдытаваныя больш за 80 карэспандэнтаў з розных беларускіх мэдыяў. Але насуперак заключаным дамовам, дырэкцыя фэстывалю склала свой уласны сьпіс журналістаў, запрошаных на сёньняшнюю цырымонію адкрыцьця з удзелам Аляксандра Лукашэнкі.

У гэтым сьпісе больш за 100 супрацоўнікаў Беларускага тэлебачаньня, 39 журналістаў з расейскіх выданьняў ды 11 украінскіх журналістаў. З 11 прадстаўнікоў беларускіх мэдыяў трое прадстаўляюць розныя віцебскія газэты, аднак ніводзін журналіст зь недзяржаўнай газэты “Віцебскі кур’ер” на адкрыцьцё фэстывалю ня трапіць. Нягледзячы на тое, што за акрэдытацыю кожнага журналіста “Віцебскі кур’ер” ды ўсе астатнія мэдыі заплацілі па 200 тысячаў беларускіх рублёў. Зь іх 3 тысячы каштуе асабістая картка з фотаздымкам і 53 тысячы – папяровая тэчка з праграмаю, каляровым буклетам ды прэс-рэлізамі. Астатнія 144 тысячы – гэта, па сутнасьці, кошт усіх канцэртных білетаў, у тым ліку і сёньняшняга.

Але незадавальненьне журналістаў з нагоды занадта дарагой акрэдытацыі ды з прычыны сёньняшняе забароны наведаць першы фэстывальны канцэрт у дырэкцыі фэстываля не зразумелі, заявіўшы калегам-журналістам, што фэстываль ужо дастаткова папулярны ды “раскручаны” і ня мае вялікай патрэбы ў іхным асьвятленьні. Між тым сёлетні “Славянскі базар” распачынаецца ў вельмі неспрыяльных фінансавых варунках. 200 мільёнаў беларускіх рублёў давялося пазычыць у віцебскіх прадпрыемстваў, а з заплянаваных 36 мільёнаў расейскіх раблёў з саюзнага бюджэту на рахунак фэстывалю паступілі толькі 18 мільёнаў. Не зусім апраўдаліся і надзеі дырэкцыі фэстывалю на атрыманьне грошай ад продажу білетаў: іх раскуплена ўсяго 65 адсоткаў ад агульнай колькасьці…

Адным з найбуйнейшых выдаткаў сёлетняга фэстывалю сталася добраўпарадкаваньне новага праспэкту Перамогі, які адчыніўся сёньня а 6-й вечара ў прысутнасьці Аляксандра Лукашэнкі. Праектны кошт гэтага аб’екту складаў 8 з паловаю мільярдаў рублёў, і будавалі яго амаль 14 гадоў. Праўда, асноўныя працы былі завершаныя літаральна на працягу апошняга году, прычым яшчэ сёньня зранку пад аховаю міліцэйскіх патрулёў там сьпешна прыбіралася сьмецьце ды высаджваліся кветкі на клюмбах.

Эскорт Аляксандра Лукашэнкі на праспэкце Перамогі чакалі ў асноўным пэнсіянэры ды малыя дзеці, а таксама вайсковы аркестар, ансамбль народнай музыкі ды мноства міліцыянтаў у навакольных дварох. Павіншаваўшы віцяблянаў з адкрыцьцём першага кілямэтру новага праспэкту – а менавіта столькі будаўнікі на дадзены момант пасьпелі зрабіць — Аляксандар Лукашэнка адразу ж зазначыў, што з заўтрашняга дня ён прапанаваў Савету Міністраў увесьці ў краіне надзвычайнае становішча. Надзвычайнае становішча ў галіне сельскай гаспадаркі, бо толькі так, на ягоную думку, можна сабраць сёлетні ўраджай. Але сёньня яшчэ можна пець ды плясаць, зазначыў Аляксандар Лукашэнка перад тым, як скіравацца ў бок амфітэатру ды а 9-й вечара распачаць ўрачыстае адкрыцьцё “Славянскага базару”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG