“Замкнёнае кола”. Чарговая перадача сэрыі “Па-за тактам”: айчынная папулярная музыка і беларускі FM-эфір. Частка 1. 20 ліпеня
Чаму на айчынных FM-радыёстанцыях беларуская музыка зьяўляецца рэдкім госьцем? Што ёсьць таму прычынай: ці то нізкая якасьць музыкі, ці то нежаданьне саміх станцыяў працаваць зь беларускімі музыкантамі, ці нехта забараняе даваць у эфір беларускамоўныя творы? Удзельнікі гутаркі — папулярныя менскія ды-джэі Адам Старповіч (радыё “Рокс”) і Сяргей Кузін (“Альфа-радыё”) прыходзяць да нечаканых высноваў. Вядзе гутарку журналіст Зьміцер Падбярэскі.
“Галерэя “Свабоды”. 20 ліпеня
Чарговая перадача Сяргея Харэўскага, “Галерэя “Свабоды”, прысьвечаная выпускнікам беларускай Рэспубліканскай школы-інтэрнату імя Ахрэмчыка, якой сёлета спаўняецца 40 гадоў. Яны яе завуць міжсобку – Парнат. Яны вучыліся разам у дзяржаве, якой ужо няма. Яны цяпер жывуць і твораць у розных краінах. Кім сталі яны, дзеці “перастройкі”? У новай “Галерэі “Свабоды” бяруць удзел мастакі Андрыс Фрыдбэргс з Рыгі й Аляксандар Поклад зь Вільні.
“Беларускі дыялёг на Інтэрнэце”. 21 ліпеня
У чарговым выпуску праграмы “Беларускі дыялёг на Інтэрнэце”: новы праект інфармацыйнай кампаніі БелаПАН — Інтэрнэт-выданьне “Беларускія навіны”; у беларускім Інтэрнэце паболела гумару — зьявіўся сайт газэты “Навінкі”, на якім плянуецца нават дэманстрацыя відэакоміксаў. Праграму падрыхтаваў Віталь Цыганкоў.
“Вольная студыя”: Алесь Пушкін. 21 ліпеня
Ледзь ня кожны выступ для Алеся Пушкіна заканчваецца пастарункам. Вось і на пачатку ліпеня, калі сталіца адзначала адразу некалькі дзяржаўных сьвятаў, і на вуліцах віравалі шчасьлівыя людзкія натоўпы, мастака ізноў затрымалі і ў кайданках адвезьлі ў КПЗ. У пратаколе фігуравалі сур’ёзныя абвінавачаньні: заліў фарбай ходнікі, форму міліцыянтам, а нават нацкоўваў на ахоўнікаў правапарадку нямецкую аўчарку па мянушцы Ганс… Многія лічаць Пушкіна мастаком-правакатарам, які такім чынам набывае вядомасьць.
Насамрэч мастаку даўно надакучылі затрыманьні, суды і суткі. Ён марыць выстаўляцца ў Нацыянальным музэі ды Палацы мастацтваў і не імкнецца чапаць у сваёй творчасьці таго, каму тры гады назад прывез да рэзыдэнцыі вазок гною… Гутарку Міхася Скоблы з Алесем Пушкіным слухайце ў нашай нядзельнай праграме.
“Нядзельны круглы стол”. 21 ліпеня
Чатыры вядучыя літаратурныя часопісы — “Полымя”, “Крыніца”, “Маладосць” і “Нёман” — зь сёлетняга красавіка прыпынілі сваю дзейнасьць пасьля гвалтоўнае зьмены ўладай галоўных рэдактараў, сыходу з рэдакцыяў часткі супрацоўнікаў, адмовы многіх аўтараў друкавацца пад цэнзурай. Падрыхтаваныя да друку нумары ўжо ня выйдуць.
Але днямі пад старымі назвамі зьявіліся зьмененыя 7–8 нумары гэтых выданьняў. Іхны зьмест, эстэтычную і ідэалягічную канцэпцыю абмяркоўваюць удзельнікі нашага нядзельнага літаратурнага круглага стала — паэт Леанід Дранько-Майсюк і доктар філялёгіі Міхась Тычына. Праграму падрыхтавала і вядзе Валянціна Аксак.