Сёньня і заўтра ў Сочы сустракаюцца прэзыдэнты Расеі ды Францыі. Намесьнік кіраўніка крамлёўскай адміністрацыі Сяргей Прыходзька, які анансаваў гэты саміт, адначасова паведаміў журналістам, што “існуе дамоўленасьць” пра сустрэчу Ўладзімера Пуціна з Аляксандрам Лукашэнкам, аднак, паводле агенцтва РИА “Новости”, даў зразумець, што пра тэрміны й месца правядзеньня такой сустрэчы пакуль гаварыць заўчасна.
Нагадаю, што пасьля сэнсацыйных заяваў спадара Пуціна наконт інтэграцыі зь Беларусьсю афіцыйныя крыніцы ў Менску заявілі, што чарговая сустрэча кіраўнікоў Беларусі й Расеі пройдзе да 25 чэрвеня. Прайшоў амаль месяц пасьля гэтай даты, а пра сустрэчу Пуціна з Лукашэнкам нічога невядома.
Вось які дыялёг адбыўся ў мяне з супрацоўніцай прэсавай службы прэзыдэнта Расеі, якая прасіла не называць ейнага прозьвішча:
(Карэспандэнт: ) “Ці заплянаваная на бліжэйшы час сустрэчы Пуціна й Лукашэнкі?”
(Супрацоўніца: ) “Не, вядома ж”.
(Карэспандэнт: ) “Чаму?”
(Супрацоўніца: ) “Таму што яшчэ рана”.
Дзяжурны прэсавай службы Ўладзімера Пуціна нават паставіў пад сумнеў мажлівасьць сустрэчы прэзыдэнта Расеі з Аляксандрам Лукашэнкам:
(Дзяжурны: ) “Вы ведаеце, мы паведамім пра гэтую сустрэчу па факце — у тым выпадку, калі яна адбудзецца. Калі будзе, тады паведамім. Больш мы нічога ня ведаем”.
Тым часам прэзыдэнт Расеі сустракаецца са сваім францускім калегам. У апублікаваным сёньня газэтай “КоммерсантЪ” інтэрвію Жак Шырак зазначае: “Мой візыт у Сочы — рабочы. Гэта сьведчыць пра нефармальны й даверлівы характар маіх кантактаў з расейскім прэзыдэнтам”. Спадар Шырак заявіў таксама, што Францыя й Расея — гэта дзьве вялікія краіны, закліканыя адыграць пэўную ролю і ў Эўропе, і ў сьвеце. “Ніякай устойлівай раўнавагі на нашым кантынэнце без удзелу Расеі дасягнуць немажліва”, — сказаў прэзыдэнт Францыі.
Гэтыя словы Жака Шырака можна разглядаць і ў беларускім кантэксьце. Францускі лідэр зацікаўлены ў абмеркаваньні з Уладзімерам Пуціным сытуацыі ў Менску, зазначае лідэр Аб’яднанае грамадзянскае партыі Анатоль Лябедзька:
(Лябедзька: ) “Асабіста Шырак не абяцаў, але ягоны дарадца ў міжнародных пытаньнях насамрэч падчас нашае сустрэчы ў Парыжы заявіў, што Шырак абавязкова будзе ўздымаць гэтае пытаньне ў часе сустрэчаў з расейскім прэзыдэнтам”.
(Карэспандэнт: ) “А гэта першая сустрэча Шырака з Пуціным пасьля Вашага візыту ў Парыж? І як Вы думаеце — будзе закранацца беларуская тэма?”
(Лябедзька: ) “Першая. Беларуская тэма апошні месяц, так скажам, даволі раскручаная. І гэта ў значнай ступені ў зьвязку з тэмай зьніклых. Таму я думаю, што калі на такім узроўні, як дарадца ў міжнародных пытаньнях, слова дадзенае — і ня толькі ж палітыкам, але й родным і блізкім, — таму тут акрамя палітычнага аспэкту ёсьць і маральны аспэкт.
Я ўсё ж такі думаю, што гэтае пытаньне будзе закранацца — відаць, у цэлым і сытуацыя зь Беларусьсю як апошняй праблемнай кропкай у Эўропе, а таксама й пытаньне зьніклых”.