Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВЯРХОЎНЫ СУД КАЗАХСТАНУ ПРЫСУДЗІЎ АДНАГО ЗЬ ЛІДЭРАЎ АПАЗЫЦЫІ ДА 6 ГАДОЎ ЗЬНЯВОЛЕНЬНЯ


Вячаслаў Ракіцкі, Прага

У панядзелак распачаўся працэс над яшчэ адным лiдэрам апазыцыйнага руху Дэмакратычны выбар Казахстану – Галымжанам Жакiянавым. Гэтыя працэсы, як i шэраг iншых падзеяў у Казахстане выклiкалi занепакоенасьць урадаў заходнiх краiнаў i праваабаронцаў. Пра апошнiя падзеi ў Казахстане мы гутарылі з супрацоўнiкам казахскай службы нашага радыё Мэрхатам Шарыпджанавым.

(Ракiцкi: ) “Мэрхат, апазыцыя называе вырак Вярхоўнага суду Казахстану палiтычна матываваным. Чым апазыцыя матывуе сваё цьверджаньне? Цi сапраўды гэта так?”

(Шарыпджанаў: ) “Гэтак лiчаць i апазыцыя, i самАблязаў, i ягоныя адвакаты. Гэтаму вераць людзi. Нават камунiстычная партыя заявiла, што Аблязаў становiцца нацыянальным героем, бо ягоная справа цалкам палiтычна матываваная. Я згодзен з гэтым таксама. Усе падзеi пачалi разьвiвацца ў лiстападзе летась, калi група маладых палiтыкаў пачала супрацьстаяць кляну Назарбаева ў асобе ягонага зяця Рахата Алiева, якi тады быў намiнальна другой асобай у КДБ, а фактычна кiраваў усiмi спэцслужбамi Казахстану.

У супрацьстаяньне вымушаны быў умяшацца Назарбаеў. Ён звольнiў Алiева, праўда, пасьля прызначыў амбасадарам у Вене. Тады Назарбааеў упершыню за часы свайго кiраваньня вымушаны быў апраўдвацца. Тады нiхто ня думаў, што малады палiтык Аблязаў скончыць у вязьнiцы. А абвiнавачаньнi яму прад’яўленыя сьмешныя. Паводле першага, ён злоўжыў службовым станам, калi, працуючы мiнiстрам энэргэтыкi, карыстаўся мабiльным тэлефонам адной энэргетычнай фiрмы. Другое абвiнавачаньне – нiбыта ён незаконна перакачаў грошы з адной фiрмы ў iншую – не даказанае. Гэта ўсё нагадвае палiтычна матываваную iнсцэнiроўку, а на самой справе – iдзе барацьба старога кiруючага кляну Назарбаева з маладымi незалежнымi палiтыкамi”.

(Ракiцкi: ) “Якiя захады робiць апазыцыя ў абарону Аблязава?”

(Шарыпджанаў: ) “Аблязаў i Жакiянаў летась у лiстападзе арганiзавалi даволi моцны апазыцыйны рух – Дэмакратычны выбар Казахстану, у якi ўвайшлi маладыя палiтыкi i нават сябры парлямэнту, што для Казахстану незвычайна. Учора тысячы людзей, пераважна з гэтага руху, стаялi на пляцы перад Вярхоўным судом, калi абвяшчаўся вырак Аблязаву. Шмат людзей прыехала з далёкага аж за паўтары тысячы кiлямэтраў роднага гораду Аблязава – Чымкенту. Людзi, якiя ня маюць грошы на квiток, iдуць зь iншых гарадоў i аўлаў пехам. Гэта сьведчыць, што мяняецца стаўленьне людзей да ўладаў i што мужнее апазыцыя. Апазыцыя iмкнецца паведамiць i людзям у Казахстане i на ўвесь сьвет, што адбываецца ў гэтай краiне”.

(Ракiцкi: ) “У панядзелак распачаўся суд над яшчэ адным сустаршынём руху Дэмакратычны выбар Казахстану Галымжанам Жакiянавым. Толькi што ў Казахстане ўхвалены закон пра палiтычныя аб’яднаньнi, паводле якога партыi дзеля рэгiстрацыi павiнны мець 50 тысячаў сябраў, а ня 3 тысячы, як гэта патрабавалася раней. Узьнiкае адчуваньне, што ў Казахстане пачынаецца шырокi наступ на iншадумства… А тваё меркаваньне, Мэрхат?”

(Шарапджанаў: ) “Сапраўды, тое, што адбываецца ў Казахстане цягам апошнiх паўгода, трэба назваць наступам на iншадумства. Цiкава, што, калi выносiўся вырак Аблязаву i распачаўся працэс над Жакiянавым у краiне не было i няма Назарбаева. Нiхто ня ведае, дзе ён. Пайшоў у адпачынак… Я думаю, што два гэтыя працэсы з палiтычнай афарбоўкай – вялiкая асабiстая праблема прэзыдэнта Назарбаева. Суды, перасьлед незалежнай прэсы, закон пра партыi – гэта падрыхтоўка да нейкiх моцных палiтычных мерапрыемстваў, магчыма, да датэрмiновых парлямэнцкiх цi прэзыдэнцкiх выбараў, што могуць адбыцца напрыканцы гэтага цi пачатку наступнага году”.

(Ракiцкi: ) “Сытуацыя ў Казахстане апынулася ў цэнтры ўвагi ўрадаў заходнiх краiнаў, мiжнародных арганiзацыяў, праваабаронцаў. Учора на брыфiнгу прадстаўнiк Дзярждэпартамэнту Злучаных Штатаў Рычард Баўчар заявiў:

(Баўчэр: ) “Мы ўсё болей занепакоеныя апошнiмi падзеямi ў Казахстане. Мы лiчым, што закон пра палiтычныя партыi мае забарончы характар. Адбываецца перасьлед апазыцыйных дзеячаў i незалежных мэдыяў. Гэтыя дзеяньнi ўяўляюць сур’ёзную пагрозу дэмакратычнаму працэсу ў Казахстане”.

(Ракiцкi: ) “Новы закон пра палiтычныя партыi, ухвалены ў Казахстане, таксама рэзка скрытыкаваны Арганiзацыяй па бясьпецы i супрацоўнiцтву ў Эўропе”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG