Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ЛЮДЗІ НЯ ВЕРЫЛІ АФІЦЫЙНЫМ ПРАФСАЮЗАМ НАВАТ ПРЫ ГАНЧАРЫКУ”


Валянцін Жданко, Менск

Адна з галоўных палітычных падзеяў мінулага тыдня — ціхая перамога ўлады над Фэдэрацыяй прафсаюзаў. Вынікам закулісных перамоваў і пагадненьняў высокіх чыноўнікаў з прафсаюзнымі функцыянэрамі стаў добраахвотны сыход Франца Вітка і маўклівая згода прафсаюзных актывістаў перайсьці пад кіраўніцтва Леаніда Козіка — учорашняга намесьніка кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі й аднаго з самых адданых паплечнікаў Лукашэнкі.

Адгукаючыся на гэтую падзею, наш слухач са Жлобіна Віктар Ляпеша напісаў:

“Нават добра, што прафсаюзамі цяпер будзе кіраваць Козік. Прынамсі, ня будзе двухсэнсоўнасьці. Усім зразумела, якой абароны сваіх правоў можна чакаць ад такой структуры і такіх людзей. Кіраўнікі Фэдэрацыі прафсаюзаў ніколі ня сталі б незалежнымі. Нават тады, калі іх змушала да гэтага сытуацыя, калі Ганчарык прэтэндаваў на пасаду прэзыдэнта — гэта была вельмі цяжкая для іх роля, зусім ім не ўласьцівая.

Прыход Козіка паскорыць распад афіцыйных прафсаюзаў, прывядзе да поўнай іхнай дэградацыі. Людзі ім усё роўна ня верылі, нават пры Ганчарыку”.

За камуністамі кар’ера па прафсаюзнай лініі лічылася ня дужа прэстыжнай. Часта туды, так бы мовіць, “сьпісвалі” партыйных функцыянэраў, якія праштрафіліся і выпалі з партыйна-намэнклятурнай абоймы. На прафсаюзных пасадах няўдачнікі ціха сядзелі дзесяцігодзьдзямі і найчасьцей даседжвалі да пэнсіі.

З таго часу ў Фэдэрацыі прафсаюзаў нямногае зьмянілася — прынамсі, людзі там засталіся тыя ж. Сытуацыя, калі Ганчарык стаў прэтэндаваць на галоўную пасаду ў дзяржаве і калі ім наўпрост ці ўскосна давялося выконваць ролю апазыцыі — была для большасьці з гэтых людзей некамфортнай, не ўласьцівай ім, глыбока супярэчлівай для іхнай натуры. Відавочна, таму яны з такой лёгкасьцю і вярнуліся пад крыло ўлады.

Мікалай Вязьмін зь Менску, незадаволены маім камэнтаром да свайго ліста, які я цытаваў у эфіры два тыдні таму, прынес на пошту яшчэ адзін ліст.

Нагадаю, у сваім папярэднім лісьце спадар Вязьмін выказваў думку, што Аляксандар Лукашэнка — толькі марыянэтка ў руках маскоўскіх палітыкаў, і што насамрэч ён нібыта даўно паабяцаў уключыць Беларусь у склад Расеі шасьцю ейнымі абласьцямі. Я пярэчыў спадару Вязьміну — у прыватнасьці, сказаў, што прыніжальную для Беларусі ідэю ўваходжаньня ў склад Расеі ў якасьці суб’екту Фэдэрацыі Аляксандар Лукашэнка заўсёды адкідаў і працягвае адкідааць.

Нават калі дапусьціць, што падобнае таемнае пагадненьне існуе, то дзеля ягонай рэалізацыі ў Лукашэнкі, на маю думку, быў значна больш спрыяльны час, калі існавалі шанцы заняць месца аслабелага Ельцына. А што ён можа атрымаць ад такога гандлю цяпер, калі Расеяй кіруе малады і папулярны Пуцін?

Мікалай Вязьмін надзвычай нэгатыўна ўспрыняў гэтыя мае заўвагі:

“Вашая манера вядзеньня перадачы... Зь ёй трэба нешта рабіць... Не навязвайце радыёслухачу сваё, дайце яму самому паразважаць. Гэта падніме ваш рэйтынг у ягоных вачах. А павучаньне ў эфіры — рэч увогуле небясьпечная. Вы ж ня ведаеце, каго спрабуеце вучыць. Ці маеце вы дастаткова досьведу і ведаў дзеля гэтага? Пра іншых казаць не магу, але ў маім выпадку вы спрабавалі вучыць чалавека, які на рубяжы 1970–1980-х гадоў наладзіў у Беларусі такую дзейнасьць, што КГБ без сумневу прыпісаў гэта трохзорнаму акадэміку. Уяўляеце, які быў шок, калі даведаліся праўду... Вы даведаецеся пра гэта, калі адкрыюць архівы КГБ. Гэта адбудзецца тады, калі мне ўдасца перамагчы іх канчаткова, альбо праз 50 гадоў пасьля маёй сьмерці”.

Перапыню на гэтым цытаваньне вашага ліста, спадар Вязьмін, каб сказаць, што цалкам пагаджаюся з вамі ў тым, што павучаць кагосьці ў эфіры, катэгарычна навязваць свой пункт гледжаньня — недапушчальна.

Але весьці размову са слухачамі (а я менавіта імкнуся весьці размову з аўтарамі лістоў) немагчыма, калі не выказваць уласны пункт гледжаньня, не дзяліцца ўласнымі сумненьнямі й развагамі. Пасьля вашага папярэдняга ліста ў мяне ўзьніклі пытаньні — імі я і падзяліўся. І толькі. Што да вашых заслугаў у змаганьні з КГБ на рубяжы 1970–1980-х гадоў, то, на жаль, мне пра іх нічога невядома.

Мікалай Вязьмін таксама апісвае эпізод у 5-м менскім аддзяленьні сувязі, куды ён зайшоў, каб апусьціць ліст у нашую паштовую скрынку.

“Заўважыўшы, што я апусьціў паперы ў вашую скрынку, да мяне падышоў мужчына. “Гэта бескарысна, — кажа, — яны ўсё роўна на нашыя лісты ўвагі не зьвяртаюць. Я некалькі разоў дасылаў ім — і ніякага толку”. Западозрыўшы магчымы падкоп спэцслужбаў, я ўступіў зь ім у гутарку. Гэта быў чалавек не ад іх. Ва ўсякім выпадку, зь ім можна мець справу. У пэўных жа ўмовах можна працаваць нават зь іхнымі агентамі — я маю ў гэтым станоўчы досьвед. А адштурхоўваць людзей нямэтазгодна. А ў вас гэта бывае”.

Мы не цікавімся анкетнымі зьвесткамі нашых слухачоў, спадар Вязьмін. Зьвязаныя яны са спэцслужбамі ці не — гэта іхная асабістая справа. Ніякай адмысловай працы, на якую вы намякаеце, мы не праводзім. Дашле слухач цікавы ліст — мы абавязкова знойдзем для яго месца ў эфіры. Нават калі раптам выявіцца, што напісаў ліст глыбока засакрэчаны агент КГБ.

Мікалай Мікалаеў зь Берасьця — былы вязень фашызму. У сваім лісьце ён піша:

“Пры наяўнасьці вялізнай колькасьці свабодных грошай нямецкія фонды не выплачваюць належную кампэнсацыю за страчанае ў Нямеччыне былымі вязьнямі фашызму здароўе. Я, мая сястра Ніна Юрэвіч і маці ў часе вайны былі сасланыя ў Нямеччыну, дзе ўтрымліваліся тры гады. Сястра ў Нямеччыне атрымала інваліднасьць, доўга лячылася. Гэтаму ёсьць дакумэнтальныя пацьверджаньні.

Сёньня ў Нямеччыне вязень у турме за восем гадзінаў можа зарабіць 24 маркі. Остарбайтэры працавалі па 80 гадзінаў на тыдзень, маючы значна горшыя ўмовы ўтрыманьня. Мы просім заплаціць хаця б па 15 марак за 14–15-гадзінны рабочы дзень. Між тым, сястры заплацілі кампэнсацыю ўсяго 830 марак. Я, мяркуецца, павінен атрымаць да 5000 марак.

Я з гэтым ня згодны. Нам павінны выдаць па 16200 марак кожнаму (памножце 1080 дзён на 15 марак за дзень). Апроч таго, сястра павінная атрымаць кампэнсацыю за страчанае здароўе. …Тэхналёгія падліку памераў кампэнсацыяў схаваная за сямю замкамі. У працы Фонду паразуменьня і прымірэньня няма галоснасьці”, — скардзіцца Мікалай Мікалаеў зь Берасьця.

Нямецкі ўрад, які выдаткоўвае грошы на гэтыя мэты, неаднаразова падкрэсьліваў, што кампэнсацыі — акт хутчэй маральны, што немагчыма дакладна вымяраць грашыма пакуты вязьняў фашызму. Мне цяжка меркаваць, спадар Мікалаеў, наколькі справядлівыя вашыя прэтэнзіі й наколькі дакладныя зробленыя вамі падлікі дойчмарак, заробленых на прымусовай працы. Аднак, на маю думку, неабходна ўлічваць некалькі важных абставінаў.

Па-першае, пры ўладзе ў Нямеччыне сёньня людзі, якія ня могуць і не павінныя несьці ніякай пэрсанальнай адказнасьці за злачынствы фашызму. Ніякі суд не прымушае іх выплачваць вам кампэнсацыі — гэта іхны акт добрай волі.

І па-другое. У краінах былога Савецкага Саюзу сотні тысяч людзей, якія дзесяцігодзьдзямі бясплатна працавалі і пакутавалі ў сталінскіх лягерах. Многія з тых, хто вінаваты ў беспадстаўных палітычных рэпрэсіях, і сёньня атрымліваюць пэрсанальныя пэнсіі, а пра кампэнсацыі іхным ахвярам няма нават гаворкі. І я задаю вам і сабе пытаньне: ці ня варта пачынаць з даўгоў уласнае краіны, перш чым выстаўляць прэтэнзіі да краіны чужой, якая да таго ж прызнае і спрабуе кампэнсаваць свае гістарычныя памылкі?

На заканчэньне — ліст ад Тацяны Барэль з Асіповічаў. Яна піша:

“Свой ліст я адрасую так званым інтэгратарам. Толькі бязродны, са страчанай памяцьцю чалавек можа аддаваць, прадаваць зямлю, якая нарадзіла і выкарміла яго, дае прытулак ягоным нашчадкам. Мне не зразумелыя матывы такіх брудных дзеяньняў. Мяне зьдзіўляюць паводзіны такіх людзей, што сякуць сук, на якім сядзяць.

Сама я да чацьвертага калена ведаю сваіх продкаў. Шэршні, Касіловічы, Хурсікі — усе яны вякамі палівалі потам і крывёю зямлю Беларусі, знайшлі ў ёй вечны спачын. Прыжылася тут і мая бабуля-латышка Эва Дранцэн. Менавіта ад яе я пераняла любоў да Радзімы, ад яе пачула родную беларускую мову, даведалася пра Пяруна і Купальле (у Латвіі яно называецца сьвятам Ліго).

Яшчэ малечай бацька браў мяне ў грыбы і ягады. Такая цікавая была назва ў лесу, дзе сьпелі суніцы — Штаны. Зь ім разам мы зьбіралі першыя краскі — пралескі, летам — васількі ў жыце, незабудкі на ручаіне, сушылі сена, адпасвалі кароў.

Тое ж я стараюся прышчапіць цяпер сваім дзецям. Я вучу іх, што няма нічога даражэй за родную зямлю. Калі яна ёсьць, калі ёсьць свая краіна — то любое ліхалецьце можна перажыць. І мае дзеці ня лічаць сябе бязроднымі, яны з гордасьцю называюць сябе беларусамі і не забудуць гэтага ніколі.

Хацелася б, каб гэта нарэшце зразумелі ліхадзеі-інтэгратары ўсіх масьцей. Бо нашая зямля была, ёсьць і будзе нашай”.

Пад гэтымі вашымі словамі, спадарыня Тацяна, я ўпэўнены, мог бы падпісацца кожны, каму неабыякавы лёс тае зямлі, дзе ён нарадзіўся і жыве, і дзе будуць жыць нашыя дзеці і ўнукі.

На мінулым тыдні нам таксама даслаў ліст Алесь Марціновіч з Баранавічаў.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG