Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НЕСАНКЦЫЯВАНАЯ АКЦЫЯ СЯБРОЎ АГП ПРАЙШЛА Ў ПЕРАДФЭСТЫВАЛЬНЫМ ВІЦЕБСКУ


Браніслава Станкевіч, Віцебск

А 18-й гадзіне калёна з 20 віцебскіх сяброў Аб’яднанай грамадзянскай партыі рушыла ад кнігарні “Крыніца” наўпрост па цэнтральнай вуліцы Леніна. У чаканьні заўтрашняга адкрыцьця “Славянскага базару” якраз там, у цэнтры Віцебску, бавіць час большасьць гасьцей фэстывалю ды значная колькасьць віцяблянаў. Менавіта да іх і зьвярталіся ўдзельнікі акцыі, раздаючы ўсім ахвотным адмысловыя ўлёткі ды распавядаючы мінакам, чые партрэты яны нясуць на грудзёх паперадзе калёны. Дарэчы, апроч партрэтаў зьніклых палітыкаў Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Юрыя Захаранкі ды Зьмітра Завадзкага віцебскія сябры мелі партрэты загінулага журналіста Анатоля Майсені, нядаўна асуджаных супрацоўнікаў недзяржаўнай газэты “Пагоня” Міколы Маркевіча ды Паўла Мажэйкі, а таксама партрэт Аляксандра Чыгіра, нядаўна пераведзенага ў турму строгага рэжыму ў Івацэвічах.

Віцебскія мінакі вельмі цікаўна паставіліся да ўдзельнікаў несанкцыянаванага шэсьця, асабліва шмат пытаньняў палітычнага зьместу задавала віцебская моладзь, а таксама госьці фэстывалю з іншах краінаў. Яны казалі, што шмат чулі пра зьнікненьні людзей у Беларусі ды выказвалі незадавальненьне паводзінамі віцебскіх міліцыянатаў, якія спрабавалі затрымаць удзельнікаў шэсьця пад лёзунгам “Хочам ведаць праўду”.

Насамрэч, калёна АГП амаль адразу трапіла ў поле зроку міліцыянтаў, якіх у перадсьвяточным Віцебску значна пабольшала за кошт дасланых з розных раёнаў вобласьці калегаў. Гэтыя камандзіраваныя на фэстываль міліцыянты распавялі, дарэчы, што іх пасялілі ў загарадным вайсковым гарадку, дзе халодная вада ёсьць адзіным наяўным здабыткам цывілізацыі…

Затрымаць удзельнікаў акцыі некалькі разоў спрабавалі супрацоўнікі Кастрычніцкага раённага аддзяленьня міліцыі. Яны час ад часу падыходзілі да старшыні гарадзкое арганізацыі АГП Алены Залескай ды патрабавалі, каб яна села ў патрульную машыну. Спадарыня Залеская не пагаджалася, да яе шчыльным колам далучаліся астатнія ўдзельнікі шэсьця, і калёна неўзабаве рушыла далей. Тады міліцыянты выклікалі супрацоўнікоў з кінакамэрай ды фотаапаратам, якія здымалі удзельнікаў акцыі. Але апазыцыянэры не зьвярталі на гэта ўвагі і не спыняліся. Так сябры Аб’яднанай грамадзянскай партыі прайшлі ўвесь фэстывальны цэнтар ды раздалі людзям каля тысячы ўлётак. Амаль увесь гэты час іх суправаджала патрульная міліцэйская машына, прыпыняючыся насуперак усім правілам дарожнага руху, ды натоўп цікаўных мінакоў, якія хацелі даведацца, чаму на Беларусі зьнікаюць людзі ды яўна парушаюцца правы беларускіх грамадзянаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG