Удзельнікі: Леў Зусмановіч, Рыгор Разінскі, Уладлен Эпштэйн
На пачатку бягучага году ў анонсе на нашу праграму мы абяцалі нашым слухачам распавядаць ня толькі пра беларусаў у замежжы, але і аб прадстаўніках іншых народаў, якія выехалі зь Беларусі.
Наша першая перадача на гэтую тэму пра беларускіх габрэяў, якія ёсьць адной з найбольшых па колькасьці плыняў эмігрантаў з асяродкаў нацыянальных мяншыняў Беларусі. Статыстыка сьведчыць, што за 10 гадоў, якія падзяляюць два апошнія перапісы насельніцтва ў Беларусі 1989 і 1999 гадоў, колькасьць габрэяў у краіне зьменшылася амаль у чатыры разы, з 112 тыс. да 27,8 тыс. чалавек.
Вядома, што найперш беларускія габрэі выяжджаюць на сваю гістарычную Радзіму – у Ізраіль.
У Ізраілі сёньня існуе грамадзкая супольнасьць – Аб’яднаньне выхадцаў зь Беларусі, філіялы якога адчыненыя ў 30 гарадох краіны. Заснавалі Аб’яднаньне тыя, хто прыехаў сюды ў 20-х – 30-х гадох мінулага стагодзьдзя.
Наша першае пытаньне намесьніку старшыні Аб’яднаньня Ляву Зусмановічу было аб тым , колькі прыкладна сяброў налічвае іхная арганізацыя.
(Зусмановіч: ) “Сёньня мы аб’ядноўваем каля 120 тысяч чалавек”.
Якое месца ў Ізраілі займаюць рэпатрыянты зь Беларусі адносна да колькасьці прыезжых зь іншых краінаў?
(Зусмановіч: ) “Я думаю, што на другім месцы. На першым месцы – Украіна. Але мы самыя старэйшыя”.
Аб’яднаньне выхадцаў зь Беларусі ў Ізраілі было створана ў 1946 годзе, спачатку пад назваю “Арганізацыя выхадцаў зь Менску і ягоных ваколіцаў”. У 1985 годзе ў сувязі з масавым прыездам новых рэпатрыянтаў арганізацыя была пашыраная і перайменаваная. Штогод у лесе Бен-Шэмен праходзяць сустрэчы выхадцаў зь Беларусі.
Вядома, што зь Беларусьсю зьвязаны лёс шмат каго зь вядомых палітыкаў Ізраілю.
(Зусмановіч: ) “Амаль усіх, і сёньняшні наш прэм’ер-міністар Арыель Шарон, а таксама міністар транспарту – зь Менску, Софа Ландвэр, ейныя бацькі зь Менску, пахаваныя на Чыжоўскіх могілках”.
Нагадаем, што сп. Софа Ландвэр – гэта віцэ-сьпікер ізраільскага парлямэнту.
Сп. Зусмановіч толькі што вярнуўся зь Беларусі, ягоная паездка была зьвязаная са справамі ўпарадкаваньня месцаў масавых пахаваньняў габрэяў, загінулых пад час вайны, і ўшанаваньня іх памяці. Ён паведаміў, што ня вельмі задаволены тым, што ў Беларусі яшчэ прадаўжаюць панаваць старыя парадкі ў адрозьненьне ад ейных суседзяў.
(Зусмановіч: ) “Трэба адзначыць, што Прыбалтыка зрабіла вельмі шмат. Як вы ведаеце, пры Савецкім Саюзе звычайна пісалі: “Тут пахаваныя дзясяткі тысяч савецкіх грамадзянаў, замардаваных фашыстамі”. Найперш, мы не савецкія грамадзяне, а проста людзі – габрэі. Вось у Латвіі, Літве, там усё, што зрабілі бальшавікі, усё зламалі, і там напісана: тут пахавана 30 тыс. габрэяў, столькі тыс. палякаў і г.д.
Напрыклад, возьмем Хатынь, там таксама хлусьня. Не адзначана ні аднаго мястэчка, якое зьнішчылі немцы”.
Тым ня менш, тыя, хто нарадзіўся і жыў на беларускай зямлі, ня хочуць траціць сувязяў зь ёю.
(Зусмановіч: ) “Магу вам сказаць , што кожны год у Беларусь выяжджаюць шмат тысячаў людзей. Кожны лічыць за абавязак штогод наведаць Беларусь, родныя мясьціны, ня можа пражыць году, каб не пабачыць лесу. Гэта ўжо ў крыві”.
Едуць у Беларусь, але яны ня могуць вытрымліваць гэтую атмасфэру – зарэгістравацца трэба, у АВІР хадзіць, гэтыя савецкія парадкі надакучылі, таму людзі 2-3 дні пабудуць і едуць у Літву, дзе няма савецкай улады, дзе няма рэгістрацыі”.
Аб’яднаньне выхадцаў зь Беларусі ў Ізраілі дапамагае рэпатрыянтам трымацца разам, лягчэй адаптавацца да новага жыцьця, а таксама аказвае рэальную дапамогу, каб атрымаць ільготы на аплату за візы і авіябілеты пад час вандровак у Беларусь.
(Зусмановіч: ) “ Аб’яднаньне існуе для таго, каб дапамагаць людзям, каб яны адчувалі падтрымку, сілу. Мы, беларускае зямляцтва, зараз зрабілі саюз з украінскім і нас ужо паўмільёна.
Жыць можна добра, каб не было вайны тут”.
Сярод ахвяраў гэтай бясконцай вайны ёсьці і выхадцы зь Беларусі, якія за вяртаньне на гістарычную радзіму заплацілі сваім жыцьцём.
(Зусмановіч: ) “Ах, гінуць, ня так і многа, але ж бывае”.
Пра адзін з такіх выпадкаў у лютым мы паведамлялі ў нашай перадачы, тады ад рукі тэрарыста загінуў былы мянчук, музыкант Аркадзь Гураў, сябра Беларускага Саюзу кампазытараў.
А зараз пазнаёмімся бліжэй з адным з рэпатрыянтаў зь Беларусі, які зарганізаваў у Ізраілі справу, што дазваляе яму і надалей трымаць кантакты з краінаю, дзе прайшла значная частка ягонага жыцьця.
Рыгор Разінскі выехаў у Ізраіль у 1990 годзе і зараз жыве зь сям’ёю ў горадзе Петах-Тіква, які быў заснаваны габрэямі – выхадцамі зь Беларусі ў 1878 годзе.
(Разінскі: ) “ Я пачаў выпускаць гарадзкую газэту ў нашым горадзе, бо тут жыве больш за 30 тысяч выхадцаў з Расеі, Беларусі і Ўкраіны. Калі муніцыпалітэт спыніў фінансаваньне газэты, было шкада кінуць усё на вецер, скажам, кампутары. Мы на той час ужо выдалі некалькі брашур, дзьве невялікія кнігі вершаў”.
Тады Рыгор Разінскі вырашыў заснаваць выдавецтва, якое назваў “Кругазор”, і адразу вызначыў ягоную арыентацыю на балючую для выхадцаў зь Беларусі тэму.
(Разінскі: ) “Я адразу ўзяў курс на дапамогу рэпатрыянтам у выданьні іх успамінаў пра вайну. Але ж каб зрабіць кнігу, патрэбна шмат грошай, дзе ж іх узяць? Напісаў лісты прэзыдэнту краіны, у Міністэрства абсорбцыі, у Інстытут Яд Вашэм, дзе ёсьць спэцыяльныя фонды, зь якіх дапамагаюць новым рэпатрыянтам. І справа пайшла”.
Выдавецтва “Кругазор” працуе з многімі аўтарамі, якія пішуць пра трагічны лёс габрэяў пад час другой усясьветнай вайны.
(Разінскі: ) “Магу назваць некалькі аўтараў. Абрам Рубенчык напісаў кнігу “Праўда аб Менскім гета”. Двойчы аўтар вазіў гэтую кнігу на фэстываль у Менск.
Вось яшчэ аўтар – Барыс Даган, раней ён меў прозьвішча Таўстапяты. Яго аповесьць “Мы – з паўстаўшай Лахвы” – хвалюючая гісторыя, якая адбылася пад час акупацыі ў беларускай вёсцы Лахва, што недалёка ад Лунінца. Габрэйская моладзь з Лахвы, калі яны даведаліся, што гітлераўцы мяркуюць іх усіх расстраляць, узьняла паўстаньне. Дзякуючы гэтаму, можна сказаць, гераічнаму учынку выратавалася каля 600 габрэяў. Аб тым, як Барыс са сваім сябрам пакутаваў у лесе, пакуль не знайшоў партызанаў, ён ня толькі напісаў, але і ілюстраваў тэкст уласнымі малюнкамі.
Можна назваць яшчэ шэраг аўтараў, выхадцаў зь Беларусі – Якаў Шэпецінскі, Дзьмітры Онгейберг, Ізраіль Славін, Яфім Гольбрайх. Яны ўжо ў нашым выдавецтве выдалі па дзьве кнігі.
У сэрыі “Катастрофа ў нашым лёсе” мы выдалі 17 кніг розных аўтараў. Два аўтары з Чыкага – Якаў Сігал і Эла Мальбіна – прыслалі свае рукапісы. Цікавыя ўспаміны прыслаў Мікалай Шмелькін”.
Сп. Разінскі паведаміў і пра новыя праекты выдавецтва.
(Разінскі: ) “Мы распрацавалі вельмі цікавы праект выданьня Народнага энцыкляпэдычнага даведніка пра габрэяў – выхадцаў з Расеі, Украіны і Беларусі. Надрукаваць там матэрыялы пра сябе і сваіх продкаў мае магчымасьць кожны, хто прыме ўдзел у фінансаваньні выданьня. Калі выйдзе першы том, усе аўтары атрымаюць яго бясплатна.
Павінен сказаць аб намеры надрукаваць дзьве кнігі на паліграфічных прадпрыемствах Беларусі. Нядаўна ў Менску гасьціў Абрам Рубенчык, цяпер ён жадае зрабіць другое выданьне кнігі “Праўда пра Менскае гета” і ён дамовіўся надрукаваць яе ў беларускай друкарні.
Яшчэ адзін канал сувязі – мы прымаем заказы грамадзян зь Беларусі, якія хочуць заказаць кнігі з Ізраілю, ёсьць лісты, каб мы выслалі кнігу пра паўстаньне ў лягеры.
Выходзіць кніга Якава Шэпецінскага пра габрэйскае гета ў Слоніме і пра тое, як ратаваў габрэяў вядомы партызанскі камандзір Пранягін.
Пастаянна трымаем сувязі з нашымі патэнцыяльнымі аўтарамі ў Нямеччыне, ЗША, Канадзе, нават у Аўстраліі. З Бэрліну і Мюнхену мы атрымалі з гандлёвых установаў лісты, каб мы паслалі ім каталёг і анатацыі на нашыя кнігі”.
Адной з тых краінаў, куды часта перасяляюцца габрэі зь Беларусі, апошнім часам ёсьць Нямеччына. Для жадаючых існуе спэцыяльная праграма. Гэткім чынам немцы спрабуюць зьменшыць сваю віну перад габрэямі, якіх перасьледаваў гітлераўскі рэжым. Умовы гэтай праграмы быў вымушаны скарыстаць і Ўладлен Эпштэйн, настаўнік зь Менску, каб уратаваць сваё жыцьцё. У свае троху за 70 гадоў ён займеў праблемы са здароўем.
(Эпштэйн: ) “Недзе ў 1994 годзе я захварэў, меў інфаркт. Пасьля гэтага я папрасіў, каб мяне паставілі на чаргу на апэрацыю. Мне адказалі, што яны майго ўзросту людзей на чаргу не запісваюць. Мне было неяк не па сабе, я ўсё жыцьцё адпрацаваў настаўнікам. А тут, у Нямеччыне гэта ўсё зрабілі і нічога мне гэта не каштавала.
Мы з жонкаю атрымліваем тут у 10 разоў больш, чым была наша пэнсія ў Менску. Хапае на жыцьцё, за лекі ніякіх грошай не бяруць. Жыць тут можна нядрэнна, але на душы неяк не спакойна, думаю, чаму так да мяне паставіліся там, дзе здароўе пакінуў, крыўдна”.
Мы запыталі ў сп. Уладлена, ці шмат ён сустракае ў Нямеччыне тых габрэяў, што паходзяць зь Беларусі.
(Эпштэйн: ) “Так, многа тут, калі галасавалі, я таксама хадзіў галасаваць, дык бачыў, што шмат прыходзіла. Я галасаваў за Ганчарыка”.
Сп. Уладлен мае на ўвазе тых эмігрантаў, што захавалі беларускае грамадзянства і галасавалі пры амбасадзе. Бачна, што многія пачуваюць сябе грамадзянамі Беларусі і неабыякава ставяцца да ейнага лёсу. Наш суразмоўца таксама не забывае, адкуль прыехаў у Нямеччыну.
(Эпштэйн: ) “Я маю настальгію па Беларусі, але не па сёньняшняй. Тое, што там адбываецца зараз, мне не падабаецца. Напрыклад, калі я прачытаў аднойчы на доме на вуліцы, якая паралельная Маскоўскай у Менску: “Лідэры БНФ – жыды”, дык я усё зразумеў.
Мне апавядаў чалавек, які на Камароўцы меў невялікі гандаль: пасьля таго, як Лукашэнка зрабіў Камароўку дзяржаўнай маёмасьцю, дык яму не далі месца, бо дырэктар сказаў, што габрэям там рабіць няма чаго, што гэта – словы прэзыдэнта”.
Але сп. Эпштэйн моцна цікавіцца тым, што адбываецца сёньня ў краіне, найперш, у беларускай культуры, да якой быў далучаны з дзяцінства, калі хлапчуком уцёк з гета і знайшоў прытулак на Ракаўшчыне.
(Эпштэйн: ) “Мяне непакоіла тое, што народ губляе мову і ўрад гэтаму садзейнічае. Вось габрэі што зрабілі. Што ў іх засталося ад мовы? Адны толькі літары, мовы ўжо не было. Учапіўшыся за гэтыя літары, яны вярнулі да жыцьця памерлую ўжо мову”.
Занепакоенасьць становішчам беларускай мовы была настолькі моцнай, што Ўладлен Эпштэйн нават напісаў верш па беларуску, вэрлібрам – “Нетыповая гісторыя”, пра лёс габрэйскага хлопчыка, для якога беларуская зямля шмат што значыць у жыцьці, але які, стаўшы дарослым, мусіць пакінуць яе з-за таго, што балюча перажывае зьнішчэньне культуры і мовы, да якіх прырос душою.
Гэты твор ужо гучаў на хвалях нашага Радыё. Мы пацікавіліся ў сп. Уладлена, ці мае нешта новае прачытаць, але ён адказаў, што такое творчае натхненьне прыходзіць нячаста, але ён ведае і любіць чытаць творы беларускіх пісьменьнікаў.
(Эпштэйн: ) “Калі я выкладаў выяўленчае мастацтва, я часта хадзіў з маімі вучнямі па горадзе, калі праходзілі паўз помнік Максіму Багдановічу ля опэрнага тэатра, заўсёды чытаў ім санэт Багдановіча”.
Ці верыць сп. Уладлен у лепшую будучыню Беларусі, у тое, што беларуская мова будзе жыць і надалей?
(Эпштэйн: ) “Што з таго, што я веру. Трэба ж каб людзі, што жывуць у Беларусі, у гэта верылі. Я дык так разумею, што калі б тыя настаўнікі беларускай мовы і літаратуры нават нічога пра палітыку не казалі б, але каб яны выкладалі мову і літаратуру ад сэрца, ня толькі ад галавы, дык само сабою ўсё было б добра. Усё залежыць ад школы, а што робяць са школаю, вядома.
Вы пытаецеся, ці веру. Хацелася б верыць!
У Багдановіча яшчэ ёсьць верш (чытае):
Ты ня згаснеш, ясная зараначка,
Ты яшчэ асьвеціш родны край.
Беларусь, мая краіна-браначка
Устань, свабодны шлях сабе шукай”
Хацелася б верыць! Хацелася б!”