Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЭМАКРАТЫЧНЫЯ ПРАФСАЮЗЫ НЕ ЗЬБІРАЮЦЦА ЎВАЙСЬЦІ Ў СКЛАД ФЭДЭРАЦЫІ


Міхал Стэльмак, Менск

У Беларускім кангрэсе дэмакратычных прафсаюзаў ініцыятыву Леаніда Козіка разглядаюць як палітычную замову ўладаў. Існаваньне БКДП у якасьці альтэрнатывы Фэдэрацыі, як лічыць прэзыдэнт кангрэсу Мікалай Канах, ужо не адзін год муліць вочы кіраўніцтву краіны.

Паводле ягоных словаў, улады неаднаразова спрабавалі разбурыць дэмакратычны прафцэнтар праз гвалтоўную ліквідацыю яго суполак ды незаконных звальненьняў актывістаў. І цяперашняя ініцыятыва, на думку Канаха, ня мае прававога рашэньня:

(Канах: ) “Такіх рычагоў, якія яны б маглі скарыстаць у рамках закону, няма. Я лічу, што мы з гэтай ініцыятывай хутка сутыкнемся. Тое, што кангрэс мае зараз свой офіс, яго могуць у любую хвіліну забраць. А гэта ёсьць юрыдычны адрас. А юрыдычны адрас ёсьць асновай для рэгістрацыі ў Мінюсьце. Таму мы ня цешымся ілюзіямі, што нам будзе лягчэй. Гатовыя, як кажуць, да найгоршых варыянтаў.

Але калі мы гаворым пра дэмакратычную краіну, мы гаворым, што дэмакратыя — гэта свабода выбару. І калі людзі наёмнай працы будуць пазбаўленыя свабоднага выбару, куды ім ісьці — у Фэдэрацыю ці ў Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў, то мы можам казаць, ці ёсьць наогул у гэтай краіне нейкая дэмакратыя”.

Свабодны прафсаюз ёсьць адным з заснавальнікаў кангрэсу. Як зазначыў нашаму радыё лідэр гэтага прафсаюзу Генадзь Быкаў, рэалізацыя ідэі аднаго прафцэнтру ў Беларусі магчымая толькі пры наступнай умове:

(Быкаў: ) “Калі новы кіраўнік спадар Козік правядзе такія рэформы, пры якіх прафсаюзам, што ўваходзяць у Фэдэрацыю прафсаюзаў беларускую, будзе забарона па статуце знаходзіцца, альбо ня будзе там наймальнікаў, дырэктараў, міністраў, як гэта, напрыклад, у статуце Свабоднага прафсаюзу, бо ў нас калі чалавек мае права пакараць працаўніка, ён ня мае права знаходзіцца ў шэрагах Свабоднага прафсаюзу. Вось калі Фэдэрацыя пад кіраўніцтвам Козіка правядзе такія рэформы, я першы буду заклікаць і сам увайду ў Фэдэрацыю прафсаюзаў беларускую. Бо гэта будзе азначаць, што Фэдэрацыя прафсаюзаў беларуская насамрэч клясычны незалежны прафсаюз”.

Пра немагчымасьць уваходжаньня ў склад цяперашняй Фэдэрацыі заяўляюць і прадстаўнікі Беларускага незалежнага прафсаюзу. Гаворыць сакратар-скарбнік гэтага прафсаюзу Мікалай Зімін:

(Зімін: ) “Справа ў тым, што гэта так на погляд Козіка і тых, хто яго туды накіраваў у Фэдэрацыю. У нас другі погляд. Мае сябры і калегі па прафсаюзе гэта адназначна адмятуць, і ня будуць яны гэтага рабіць. Там жа палітыка зусім не адпавядае працоўнаму люду”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG