Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ФПБ ПАД КІРАЎНІЦТВАМ КОЗІКА — ЯШЧЭ АДНА СТРУКТУРА ЎЛАДЫ”


Галіна Абакунчык, Менск

Сярод маіх суразмоўцаў былі і тыя, хто добра арыентуецца ў падзеях вакол прафсаюзаў, і тыя, хто ўпершыню даведаўся пра зьмены ў прафсаюзным кіраўніцтве, але не было ніводнага абыякавага да гэтай падзеі.

Вылучэньне Леаніда Козіка на лідэрства ў найбуйнейшай прафсаюзнай арганізацыі пераважная большасьць апытаных тлумачыць жаданьнем уладаў стварыць падкантрольную структуру, што вельмі важна напярэдадні выбараў у мясцовыя саветы. Аднак нямала было й тых, хто ў прафсаюзным руху даўно расчараваўся.

(Спадар: ) “Ведаю я Леаніда Козіка. Думаю, што нічога добрага не атрымаецца. А ўвогуле я ня бачу розьніцы ні ў тых прафсаюзах, ні ў сучасных: ці то Козік, ці то Ганчарык. Мусіць прайсьці нейкі час, адбыцца вялікія зьмены, каб пра прафсаюзны рух можна было казаць нешта станоўчае”.

(Спадарыня: ) “Я не адчуваю на сабе ніякага дзеяньня прафсаюзаў. Ніякіх сацыяльных дабротаў я ня маю. Нават у санаторыі ні разу не была”.

(Спадар: ) “Шараговыя сябры прафсаюзаў ня маюць ніякіх правоў, які б лідэр ні быў”.

(Спадарыня: ) “Цяпер ці ёсьць прафсаюзы, ці іх няма — усё роўна. Ніхто да іх не прыслухоўваецца. Рэальнай дапамогі ад прафсаюзаў я не адчуваю”.

(Спадар: ) “Мне здаецца, які б лідэр ні быў, ён спачатку думае пра сябе, а пасьля пра народ. Я ні разу нічога ад гэтага прафсаюзу не атрымліваў. Ён што ёсьць, што няма — аднолькава. Самі сабе, напэўна, пуцёўкі выпісваюць ды катаюцца. А так — ні дапамогі, нічога няма. Для сябе яны маюць, а для народу — ня ведаю”.

(Спадарыня: ) “Наш прафсаюз цяперашні ніяк да народу тварам не павернецца. Чыста фармальны. Як чалавек — можа, ён і ня кепскі будзе. А як да ўлады, то да ўлады я стаўлюся вельмі дрэнна”.

Большасьць апытаных перакананая, што прафсаюзы мусяць і могуць мець рэальны ўплыў на грамадзка-палітычныя працэсы ў краіне, але гэтага цяпер няма — і тым больш ня будзе, пакуль прафсаюзным рухам будзе кіраваць улада. Яны ўпэўненыя, што Леанід Козік зробіць зь незалежнай арганізацыі кішэнную структуру — гэтак, як было за камуністамі.

(Спадарыня: ) “Маё стаўленьне да зьмены кіраўніка Фэдэрацыі прафсаюзаў беларускай вельмі кепскае. Лічу, што прафсаюзны лідэр мусіць быць з асяродку працоўных”.

(Спадар: ) “Лідэры павінныя расьці зьнізу, тады й добра будзе. А так гэта гулі нейкія. Вось і ўсё”.

(Спадар: ) “Павінныя людзі самі вырашыць, што ім рабіць і як. А гэта падказка, і калі нехта падказвае, то гэта ня так, як трэба. Ня так, як у людзей”.

(Спадарыня: ) “Гэта вельмі кепска. Гэта ўмяшальніцтва дзяржаўных службоўцаў, чыноўнікаў у прафсаюзы. Гэта падрывае асновы ўсяго прафсаюзнага руху”.

(Спадар: ) “Спадар Козік? Па-мойму, дзяржава хоча падмяць пад сябе прафсаюзы. Скажу адно: Лукашэнка ўсё ўзяў ад Сталіна. Паглядзіце, што робіцца: прафсаюзы разганяюцца, і чалавек застаўся нікім не абаронены. Кішэнны пракурор, кішэнныя дэпутаты, кішэнны міністар унутраных справаў. Толькі воля аднаго чалавека”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці зьменіцца праца прафсаюзаў з прыходам новага лідэра?”

(Спадар: ) “Цяжка сказаць. Але на лепшае спадзяваньняў няма”.

(Спадар: ) “Ніяк ня зьменіцца. Ён ня прыйдзе і не запытае ў мяне. Вось запыталі, а ён не запытае”.

(Спадар: ) “Кішэнны прафсаюз будзе, вось і ўсё. Будуць псыхалягічна ўзьдзейнічаць і розныя нядобрыя мэтады прымяняцца, каб прымаць рашэньні, выгадныя чыноўнікам”.

(Спадар: ) “Відавочна, што гэта стаўленік уладаў, і гэта нават ніяк не прыкрываецца. Функцыі прафсаюзаў яшчэ некалькі гадоў таму асабліва нічым не выдзяляліся. Цяпер жа яны зусім лягуць пад уладу. Я ў гэтым абсалютна перакананы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG