Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЮРЫ ХАДЫКА ЛІЧЫЦЬ, ШТО ЯГОНЫ АРЫШТ БЫЎ НЕДАРЭМНЫ


Любоў Лунёва, Менск

Юрыя Хадыку павінны былі адпусьціць пасьля восьмай гадзіны вечара. Але калі адміністрацыя спэцпрыёмніка ўбачыла пад вокнамі будынка натоўп, які на вачах пачаў большаць, вырашыла выпусьціць Юрыя Хадыку датэрмінова.

Сябры моладзевага руху “Зубр” сустрэлі прафэсара воплескамі. Яму ўручылі значок з выяваю зубра і правялі да аўтамабіля.

Юры Хадыка быў у спэцпрыёмніку чацьверты раз. Першы — 25 сутак арышту, другі раз — 5 сутак, трэці й чацьверты — па 10 сутак. Дома Юры Хадыка падзяліўся сваімі ўражаньнямі з Радыё Свабода.

(Хадыка: ) “Калі сядзіш адзін без аднадумцаў, то даводзіцца вельмі істотна пашыраць свой кругагляд. Гэтым разам я меў магчымасьць пазнаёміцца з той катэгорыяй насельніцтва, якіх называюць “сінімі”. Гэта крымінальнікі, якія пакрылі сваё цела татуіроўкай. Трэба прызнацца, што я адчуваю да іх глыбокую сымпатыю. Чаму? Таму, што гэта людзі, якія знаходзяцца пад так званым “наглядам”. Вельмі жорсткі рэжым. Для іх вызначылі час, калі яны мусяць знаходзіцца дома — увечары і раніцай. Усё правярае ўчастковы. Ім забаронена зьяўляцца ў месцах масавага збору людзей — на станцыях, на рынках, у крамах... Гэта фактычна другое пакараньне”.

Паколькі ў Менску ў гэтыя дні было горача, Юры Хадыка патрабаваў ад адміністрацыі, каб яго выводзілі на шпацыр. Гэтую прывілею маюць толькі тыя, хто працуе, і яму давялося працаваць прыбіральшчыкам.

(Хадыка: ) “Выклікалі і пытаюцца: “Будзеце месьці двор?” Я адказваю: “Зь вялікім задавальненьнем”. Праўда, яны потым і не патрабавалі, каб мы мялі. Ну, ім было крыху няёмка. Кажуць: “Ладна! Кіньце вы!” А Валодзя, зваршчык, падмятае так вельмі сумленна. Тады ўжо начальнік кажа: “Ды кіньце вы, сядайце, пасядзіце”. Кінем, пасядзім, потым паходзім. А потым увогуле не патрабавалі браць гэтыя мётлы”.

Юры Хадыка, які летась амаль год правёў у шпіталі, на здароўе ня скардзіцца. Нягледзячы на сьпёку, ён не зьвяртаўся да адміністрацыі са скаргамі на дрэнныя ўмовы. У спэцпрыёмніку вядзецца рамонт, і адзін дзень яму давялося сядзець з адзінаццацю чалавекамі ў 18-мэтровай камэры. Але Юры Хадыка ня мае прэтэнзіяў да міліцыянтаў.

(Хадыка: ) “Трэба мяняць законы, але да міліцыі прэтэнзіяў я не магу прад’явіць. Яны папросту выконваюць дурныя законы. Прычым бачна, што яны разумеюць, што законы дурныя”.

Ён лічыць, што недарма правёў 10 сутак свайго чарговага адпачынку ў сумнавядомай установе.

(Хадыка: ) “Да гэтага трэба ставіцца больш спакойна. Я таксама лічу, што гэта ў значнай ступені “ўнівэрсытэты”. Ты бачыш жыцьцё зусім зь іншага боку. Гэта тое, што называеецца “хадзіць у народ”. Вось я і хадзіў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG