Паводле сёньняшняга афіцыйнага курсу Нацыянальнага банку Беларусі, даляр пакуль даражэйшы за эўра: адзін даляр каштуе 1815 беларускіх рублёў, а адзін эўра на 7 рублёў 35 капеек менш (1807,65). Аднак жыхары Беларусі так ня лічаць.
Апошнімі днямі ў абменных пунктах Менску ўсё часьцей пытаюцца пра наяўнасьць эўра. Аднак купіць іх амаль немажліва. Людзі здаюць на абмен толькі даляры, якіх у Беларусі шмат і якія некалькі гадоў выконвалі функцыю галоўнай умоўнай адзінкі ў краіне.
Праўда, у некаторых сфэрах даляр паціху замяшчаецца новай валютай — напрыклад, мыта за імпартныя аўтамабілі ў Беларусі афіцыйна разьлічваецца ў эўра. Гэта значыць, што кошт “растаможкі” ў беларускіх рублях павялічыўся.