Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЗЕЦІ ЎЦЕКАЧОЎ АДПАЧЫВАЮЦЬ РАЗАМ ЗЬ БЕЛАРУСАМІ


Севярын Квяткоўскі, Менск

Летнік на Браславах — плён сумеснае працы адукацыйнага цэнтру “Пост” і цэнтру дзіцячае творчасьці “Эўрыка”, які пры падтрымцы ААН дапамагае адаптацыі дзяцей уцекачоў. У летніку пароўну рэпрэзантаваныя дзеці, якімі апякуюцца “Пост” і “Эўрыка”. На пачатку году “Пост” разаслаў па менскіх школах запрашэньне напісаць сачыненьне на тэму здаровага ладу жыцьця. Кажа кіраўніца праекту Аля Дзяргай:

(Дзяргай: ) “Мы рыхтавалі праект для тых, хто яшчэ не адчувае той пагрозы, якая можа стаяць за ўжываньнем алькаголю ці наркотыкаў. У іх у жыцьці яшчэ не было сутыкненьняў з гэтым. Яны яшчэ ня думалі пра гэта, не прымалі самі для сябе рашэньня канкрэтнага”.

Праблема залежнасьці ад таксычных рэчываў ня мае нацыянальнасьці. Але відавочна, дзецям уцекачоў у юным узросьце давялося сутыкнуцца з большымі праблемамі, чым беларускім аднагодкам. Сям’я грузінскага хлопчыка Торніке была вымушаная ўцячы з Абхазіі ў Грузію. Кажа Торніке:

(Торніке: ) “Не было сьвятла, ацяпленьня, не маглі жыць нармальна: давялося зьехаць”.

Калі ў грузінаў у Менску няма моўнага бар’еру, дык афганцам даводзіцца цяжэй. Збольшага гэта палітычныя ўцекачы. Распавядае шаснаццацігадовы Замір:

(Замір: ) “Кабул належаў Масуду, пасьля прыйшлі талібы, і мы былі вымушаныя пераехаць у Менск. Мой бацька быў афіцэрам Масуда. У Менску мы чатыры гады жылі без дакумэнтаў. Гэты час мы, дзеці, не вучыліся ў школе. Наша сям’я здымала кватэру. Міліцыя прыходзіла й вымагала грошы. Мы не плацілі, але пераяжджалі з кватэры на кватэру. Вось такія праблемы ў нас былі, калі мы прыехалі ў Менск”.

Цэнтар дзіцячае творчасьці “Эўрыка” працуе зь любымі дзецьмі незалежна ад таго, ці маюць іхныя бацькі патрэбныя дакумэнты. Бо такі міжнародны закон. Валянціна Мастаўлянская ўжо пяць гадоў працуе з афганскімі й грузінскімі дзецьмі. Адпачатку супрацоўнікі цэнтру не маглі нават зь перакладчыкам зразумець праблемы афганцаў. Кажа Валянціна Мастаўлянская:

(Мастаўлянская: ) “Яны папросту як марсіяне, што патрапілі на іншую плянэту. Для афганцаў нерэальнае вяртаньне назад на сваю радзіму. Грузіны вельмі хочуць вярнуцца. У іх стаіць пытаньне пра захаваньне нацыянальнае культуры — таму для іх важна, каб іхныя дзеці гаварылі на іх мове, каб яны сьпявалі грузінскія песьні, каб яны танчылі”.

Праблема грузінаў у Менску мала адрозьніваецца ад праблемы беларусаў. А таму ў летніку на Браславах папулярная гульня ў словы. Вядоўца называе расейскае, а дзіцёнак мусіць перакласьці на беларускую. Хто больш ведае — той пераможца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG