Калі ўлічыць, што за апошнія пяць гадоў выхад заводзкіх шматтыражак масава прыпыняўся (у адным толькі Наваполацку прыпынены выхад двух шматтыражак), зьяўленьне на сьвет “Полимировца” трэба разглядаць як падзею неардынарную. У сваім інтэрвію, зьмешчаным у першым нумары газэты, Аляксандар Бароўскі выказаў спадзеўку, што “Полимировец” стане своеасаблівым сувязным зьвяном паміж працоўным калектывам і дырэктаратам, напоўніцу высьветліць праблемы прадпрыемства. “Я хачу, каб нашая газэта была адкрытай, каб яна не трансфармавалася ў трыбуну адміністрацыі”, – заявіў генэральны дырэктар.
“Полимировец” – газэта расейскамоўная, але мае беларускамоўную рубрыку “Дзяньніца”, у якой неабыякавыя да літаратурнай творчасьці паліміраўцы спрабуюць свае сілы ў паэзіі і прозе. Сёлета шматтыражка будзе выходзіць 2 разы на месяц накладам 299 паасобнікаў, але з новага году на яе будзе абвешчаная падпіска і наклад узрасьце.