Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АФІЦЫЙНА ПРЫЗНАЧАНЫ НОВЫ ЧЭСКІ ЎРАД


Натальля Судлянкова, Прага

Гэта – адзін з самых маладых кабінэтаў у гісторыі Чэхіі і Чэхаславакіі. Самаму малодшаму сярод міністраў – міністру фінансаў Багуславу Суботку – толькі 31 год.

Мы зьвярнуліся да прэсавага сакратара Чэскай сакцыяльна-дэмакратычнай партыі, што перамагла ў апошніх парлямэнцкіх выбарах, спадара Іржы Грона з пытаньнем: “Ці ня ёсьць малады ўзрост спадара Суботкі перашкодай? Ці можна быць упэўненым у ягонай кампэтэнцыі і кампэтэнцыі іншых маладых сябраў ураду?”

Адказвае Іржы Грон.

(Грон: ) “Маладосьць не зьяўляецца перашкодай. Калі спадар Шпідла выбраў Багуслава Суботку разам зь іншымі сябрамі свайго кабінэту, дык добра ўсё ўзважыў. Прэм’ер-міністру вядомыя прафэсійныя здольнасьці Багуслава, дарэчы, як і іншых міністраў. Гэтыя здольнасьці аспрэчыць немагчыма”.

Але, бадай, самым маладым у постсавецкай Эўропе зьўляецца ўрад Эстоніі. Самаму малодшаму сябру кабінэту – міністру адукацыі Майлісу Ранду – 27 год. Пасаду міністра замежных справаў Эстоніі займае 36-гадовая Крысьціна Оюланд. Тое жа самае, што і спадару Грону, пытаньне мы задалі прэсаваму сакратару эстонскага ўраду спадару Даніэлю Ваарыку.

Адказвае Даніэль Ваарык:

(Ваарык: ) “Нашая краіна прайшла праз вялікае мноства рэформаў і пераменаў. І менавіта дух маладых людзей дапамог павярнуць краіну са старога шляху і правесьці ўсе патрэбныя зьмены. Наш першы пасьля набыцьця незалежнасьці ўрад таксама быў вельмі малады. Нашаму міністру замежных справаў было 28 гадоў. Гэта быў таксама вельмі цяжкі пэрыяд у нашай гісторыі, таму што мы мусілі будаваць новую краіну. Новыя асобы стварылі давер да нашае краіны”.

Як перад Чэхіяй, так і перад Эстоніяй стаяць выключна важныя задачы. Чэхія ўжо зьяўляецца сябрам НАТО і зьбіраецца ў бліжэйшы час далучыцца да Эўразьвязу. Эстонія імкнецца ўступіць у гэтым годзе ў НАТО і адначасова з Чэхіяй – у 2004 годзе стаць сябрам аб’яднанай Эўропы. Але ці зьяўляюцца ўрады гэтых краінаў дастаткова кампэтэнтнымі і падрыхтаванымі. Сёньняшні прэм’ер-міністар Чэхіі Ўладзімер Шпідла ўпэўнены, што новы ўрад Чэхіі вельмі кампэтэнтны.

А вось адказ спадара Даніэля Ваарыка.

(Ваарык: ) “Маладыя людзі абвучаюцца значна хутчэй, чым людзі сталага веку. Можа, гэта і ёсьць прычынай таго, што наш урад – кампэтэнтны. Пра гэта сьведчыць нашая статыстыка. Гэта – і замежныя інвэстыцыі, што паступаюць у Эстонію, і міжнародныя пытаньні, у якіх мы дасягаем посьпехаў”.

Нас зацікавілі біяграфіі сябраў ураду Эстоніі. Шмат хто зь іх скончыў эўрапейскія ўнівэрсытэты ці інстытуты. Мы запыталіся, ці было гэта нейкай адмысловай кадравай праграмай эстонскага ўраду. Вось што адказаў Даніэль Ваарык:

(Ваарык: ) “Гэта не было адмысловаю праграмаю ўраду. Гэта быў, хутчэй, вынік жаданьня далучыцца да эўрапейскіх каштоўнасьцяў і атрымаць разуменьне таго, як кіраваць краінаю і бізнэсам. Я думаю, што гэта – проста такая тэндэнцыя ў грамадзтве”.

У апошнія некалькі гадоў на Беларусь вярнулася шмат з таго, што было раней. Але з пэўнымі зьменамі. Мы маем практычна ідэнтычныя былым савецкім дзяржаўныя герб, сьцяг і гімн. Неўзабаве могуць вярнуцца і старыя лёзунгі, але ў новым, зьмененым варыянце. Напрыклад, “Рыночный социализм – это молодость мира. И его возводить молодым!”

Аднак маладыя людзі зь Беларусі зьяжджаюць. І, дарэчы, шмат хто зь іх паступае вучыцца ва ўнівэрсытэты і інстытуты Эўропы, Злучаных Штатаў, Аўстраліі ды іншых краінаў.

Цалкам магчыма, што менавіта яны створаць новы беларускі ўрад. Але толькі вельмі наіўны чалавек можа спадзявацца на тое, што яны будуць будаваць “рынкавы сацыялізм”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG