Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ФРУНЗЕНСКІМ СУДЗЕ МЕНСКУ СУДЗІЛІ 17 СЯБРОЎ ІНДУІСЦКАЙ СУПОЛКІ


Любоў Лунёва, Менск

Сёньня ў Фрунзенскі суд са спэцпрыёмніка-разьмеркавальніка прывезьлі 14 індуістаў. Яны распавялі Радыё Свабода, што ў суботу вырашылі сабрацца ў парку 50-годзьдзя БССР зь іншымі індуісцкімі арганізацыямі для мэдытацыі й абмеркаваньня становішча, у якое яны трапілі пасьля прыняцьця закону “Аб свабодзе веравызнаньня”. Калі яны йшлі па вуліцы Матусевіча ў бок парку, дарогу ім перагарадзіў міліцэйскі “варанок”. Зь яго і яшчэ зь некалькіх машынаў выбеглі міліцыянты. Індуістаў акружылі й пачалося затрыманьне. Гаворыць адна з затрыманых Марыя Вяткіна:

(Вяткіна: ) “Мы папросту йшлі і нікому нічога дрэннага не рабілі. Хацелі правесьці мэдытацыю. Потым нам казалі, што наша дзеяньні ёсьць парушэньнем закону — несанкцыяванае шэсьце. Міліцыянты нас зьневажалі. Затрымлівалі груба. Некаторым круцілі рукі, а адной дзяўчыне так сьціснулі шыю, што ў яе цяпер вялізны сіняк. Закінулі нас у гэты “варанок” і павезьлі ў РАУС. У дзяжурнай частцы супрацоўнікі міліцыі час ад часу нецэнзурна лаяліся. Нам вельмі не спадабалася, як яны абыходзіліся з нашымі рытуальнымі прыстасаваньнямі — нядобра. Так мы зь імі ніколі не абыходзімся”.

Затрымалі 19 чалавек. Адну цяжарную жанчыну і яшчэ трох, якія маюць малых дзяцей, адпусьцілі. З мужчынаў адпусьцілі толькі аднаго — Аляксея Вяткіна, бо ён сьляпы. Астатніх павезьлі ў спэцпрыёмнік-разьмеркавальнік на вуліцу Акрэсьціна.

Сёньня ў Фрунзенскім судзе Ўладзімер Карноў і Юлія Лукомская каралі індуістаў штрафамі на 200 тысяч рублёў. Сьвятар арганізацыі Сяргей Акаданаў лічыць, што праваахоўчыя органы прадэманстравалі сваю непісьменнасьць у пытаньнях рэлігіі, бо ў міліцэйскіх пратаколах пісалі не “індуісцкая рэлігія”, а “юдэйская”. Калі міліцыянтаў папраўлялі, яны вельмі зьдзіўляліся, што гэта не адно й тое ж.

Ірына Галавіна прыехала ў Менск з Санкт-Пецярбургу да свайго жаніха. Судзьдзя вынес ёй папярэджаньне і патлумачыў, што тут не Пецярбург і хадзіць па менскіх вуліцах з бубнам у руках — небясьпечна. Прычынай затрыманьня сьвятар Сяргей Акаданаў назваў таталітарызм і манаполію праваслаўнай царквы ў Беларусі.

(Акаданаў: ) “Я лічу, што гэта паказчык таталітарызму. У гэтай краіне няма ні радасьці, ні свабоды. Беларускі народ столькі пакутаваў і ад манголаў, і ад фашыстаў, і ад радыяцыі. Дык цяпер таксама пакутуе ад адсутнасьці свабоды. Мы гэта адчулі на сваёй уласнай скуры. Але мы маем намер адстойваць свае правы. У нас ёсьць пачуцьцё ўласнай годнасьці. Усе людзі маюць права хадзіць па парку, а чаму мы ня маем? Хутка дойдзе, што трэба будзе браць дазвол Менгарвыканкаму. Дзяржава намагаецца ўзяць пад кантроль усе сфэры дзейнасьці чалавека”.

Некалькі чалавек аштрафаваныя. Разгляд справы Тацяны Акаданавай, прэзыдэнта арганізацыі, якая абвінавачваецца ў арганізацыі несанкцыянаванага шэсьця, перанесеная з прычыны хадайніцтва пра адваката.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG