Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯК ПРЭМ’ЕР НАВІЦКІ АДПАЧЫВАЕ Ў ЛАТВІІ


Юры Сьвірко, Юрмала–Менск

Другая асоба афіцыйнае Беларусі — прэм’ер Генадзь Навіцкі — адпачывае, як афіцыйна паведамілі, у юрмальскім санаторыі “Белоруссия”, што належыць кіраўніцтву справаў прэзыдэнта Беларусі.

Аднак іншыя курортнікі зь Беларусі, якія прыехалі ў гэты санаторый, скардзіліся мне, што кіраўніка ўраду сваёй краіны так і не пабачылі. Жыве спадар Навіцкі ў асобным корпусе, што месьціцца на тэрыторыі беларускага санаторыя, але бліжэй да мора. Прэм’ер адпачывае ня толькі са сваёй сям’ёй, але і з аховай зь Менску. “Ён нават грэбуе есьці з усімі іншымі ў агульнай сталоўцы — ежу яму носяць у ягоную вілу”, — сказаў мне адзін з часовых жыхароў юрмальскай “Белоруссии”.

Колькі каштуе адпачынак беларускага прэм’ера? Гэта таксама ёсьць дзяржаўнай таямніцай, аднак прыблізны кошт знаходжаньня спадара Навіцкага можна падлічыць, паслухаўшы супрацоўніцу рэгістратуры гэтага санаторыя. Я запытаўся, колькі каштуе дзень знаходжаньня ў нумары “люкс”.

(Супрацоўніца: ) “Гэта вам будзе каштаваць 60 латаў на суткі — двухмясцовы двухпакаёвы люкс”.

60 латаў — гэта роўна 100 даляраў на дзень. Аднак мова йдзе пра нумар у галоўным корпусе. Наконт прыморскай вілы, дзе жыве беларускі прэм’ер-міністар, рэгістратура санаторыя раіць дамаўляцца з галоўным доктарам Пятром Бараноўскім.

Дарэчы, для апошняга, а таксама для пэрсаналу беларускай амбасады ў Рызе цяпер сапраўды гарачыя дні. Дыпляматы абслугоўваюць Генадзя Навіцкага паводле найвышэйшага разраду. “Шашлыкі для яго гатуюць”, — сумна зазначылі беларускія ўдзельнікі міжнароднай біялягічнай алімпіяды, што вярталіся зь Юрмалы ў Менск у адным цягніку са мной. Хаця ўсе чатыры школьнікі зь Беларусі заваявалі на гэтай алімпіядзе ў Юрмале мэдалі, сярод якіх было нават адно “золата”, а наступная біялягічная алімпіяда пройдзе наступным годам у Менску, павіншаваць іх не было каму.

Вечарам у суботу блізка ад санаторыя “Белоруссия” на юрмальскім пляжы ладзілася сьвята рыбака, якое сабрала ледзь ня ўсіх курортнікаў. Генадзя Навіцкага я сярод іх не заўважыў. Была там і прэзыдэнт Латвіі Вайра Віке-Фрэйбэрга. Ці не сустрэлася яна раптам на пляжы зь беларускім прэм’ерам? Вось як адказала на гэтае пытаньне прэыдэнцкая прэсавая сакратарка Айва Розэнбэрга:

(Розэнбэрга: ) “Зь беларускім прэм’ерам? (Сьмяецца.) Не, я пра такую сустрэчу нічога ня ведаю. Наш прэзыдэнт ад сёньняшняга дня сама пайшла ў адпачынак. Заўтра яна з мужам будзе ў Аўстрыі. Гэта адпачынак, як у любога чалавека”.

Спадарыня Розэнбэрга яшчэ на мінулым тыдні афіцыйна паведаміла, што прэзыдэнт Латвіі будзе адпачываць 10 дзён у Аўстрыі. На маё пытаньне, хто гэта фінансуе і ці не аплачваюць гэтыя аўстрыйскія вакацыі латвійскія падаткаплатнікі, прэсавая сакратарка адказала гэтак: “Не, гэта робіцца за асабістыя сродкі прэзыдэнта”.

Тым часам Генадзь Навіцкі, асабістых сродкаў якога яўна не хапіла б на адпачынак у Юрмале, працягвае бавіць час у Латвіі, ня робячы ніякіх спробаў, у адрозьненьне ад Аляксандра Лукашэнкі ў Аўстрыі, прыкрыцца нейкімі дзелавымі перамовамі. Нават прэм’ер-міністар Латвіі Андрыс Бэрзыньш даведаўся пра знаходжаньне свайго беларускага калегі ў Юрмале ад мяне, калі я размаўляў зь ім падчас рыскага саміту дзяржаваў-кандыдатаў у NATO. Спадар Бэрзыньш выказаў шкадаваньне, што Беларусь не цікавіцца новым пашырэньнем NATO менавіта да беларускіх межаў. На саміце ў Рызе знаходзіліся яшчэ дзевяць прэм’ер-міністраў краінаў Усходняе Эўропы, а беларускі прэм’ер у гэты час быў за 20 кілямэтраў ад іх — у Юрмале.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG