“Суботні дыялёг”. 13 ліпеня
Прадстаўнікі незалежных прафсаюзаў упэўненыя: у канфлікце Фэдэрацыі прафсаюзаў беларускай з уладамі вінаватая сама фэдэрацыя. Падтрымліваць калегаў па прафсаюзным руху яны адмаўляюцца. Слухайце “Суботні дыялёг” Ірыны Халіп з прэзыдэнтам Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Беларусі Мікалаем Канахам.
“Галерэя “Свабоды”. 13 ліпеня
У новай “Галерэі “Свабоды” – расповед пра дзьве выставы, што гэтымі днямі адбываюцца ў Менску. Абедзьве яны прытарнаваныя да датаў народзінаў дзеячоў культуры. Адна зь іх прысьвечаная юбілеям Янкі Купалы й Якуба Коласа, другая – 115 гадам з дня нараджэньня Марка Шагала. Пра свае ўражаньні ад гэтых выставаў у чарговай перадачы Сяргея Харэўскага гутараць мастацтвазнаўцы Міхал Баразна й Марына Тараканава.
“Вольная студыя”. 14 ліпеня
Двойчы — у 1939 і 1944 гадах — беларусы разам з савецкім войскам прыходзілі ў Польшчу й замянялі палякаў на адміністратарскіх пасадах. Гэткая была сталінская палітыка — сутыкаць ілбамі народы. А таму нядзіўна, што ў масавай сьвядомасьці палякаў беларус да гэтай пары — захопнік, які пагражае адабраць stanowisko. На гэтым падсьвядомым польскім страху сёньня нават робіцца бізнэс.
Турыстаў у Белавескай пушчы садзяць на цягнічок, які раптам “зьбіваецца” з дарогі. Гвалтаўнікі ў форме беларускіх памежнікаў урываюцца ў вагоны, паслухмяных пасажыраў абшукваюць, а непаслухмяных прымушаюць капаць сабе магілы пад соснамі. І аматары падобнай экзотыкі ахвотна раскашэльваюцца... Падрабязьней пра гэта — у нядзельнай гутарцы Міхася Скоблы з публіцыстам Сямёнам Букчыным, які апошнія тры гады жыве ў Варшаве.
“Беларускі літаратурны працэс на “Свабодзе”. 14 ліпеня
Чатыры вядучыя літаратурныя часопісы — “Полымя”, “Крыніца”, “Маладосьць”, “Нёман” — прыпынілі сваю дзейнасьць пасьля гвалтоўнай зьмены галоўных рэдактараў, сыходу часткі супрацоўнікаў, адмовы аўтараў друкавацца пад цэнзураю. Новыя нумары ўжо ніколі ня выйдуць у тым выглядзе, у якім рыхтаваліся да друку.
Фрагмэнты твораў з рэдакцыйнага архіву часопісу “Крыніца” слухайце на нашых хвалях ад панядзелка, 15 ліпеня, цягам двух наступных тыдняў. А напярэдадні, 14 ліпеня, былыя супрацоўнікі часопісу філёзаф і культуроляг Валянцін Акудовіч і паэт Леанід Галубовіч за нашым нядзельным круглым сталом разважаюць над пытаньнямі, чым была для беларускага літаратурнага працэсу “Крыніца” і што азначае страта яе. На вялікі жаль, задоўжаны ліквідацыйны працэс выданьня не дазволіў прыняць удзел у гутарцы былой галоўнай рэдактарцы “Крыніцы” Але Канапельцы. Праграму падрыхтавала і вядзе Валянціна Аксак.