Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЬВЯТАРАМ ГОМЕЛЬШЧЫНЫ РАДЫЯЦЫЯ НЯ СТРАШНАЯ


Казімер Яноўскі, Гомельская вобласьць

Вёска Вербавічы Нараўлянскага раёну адносіцца да так званай зоны наступнага адсяленьня. Узровень радыяцыйнага забруджваньня тут 15–40 кюры на квадратны кілямэтар. Ад вёскі да Чарнобыльскай атамнай станцыі ўсяго каля паўсотні кілямэтраў.

Значная частка вяскоўцаў з-за радыяцыі пакінула родныя мясьціны. Але 315 чалавек, у тым ліку шэсьць дзясяткаў дзяцей, жывуць тут і цяпер. У Вербавічах ёсьць праваслаўная царква Параскевы Пятніцы. Гутару зь ейным сьвятаром Мікалаем Грыцэнкам:

(Грыцэнка: ) “Я, напрыклад, радыяцыйнай зоны не баюся. Я мог бы зьехаць ва Ўкраіну, дзе чыста. Наадварот, у лесе жыву. Лес, ягады спажываем. Чарніцы вось — мераем, паказваюць радыяцыю. Паміраюць і там, дзе радыяцыі няма. Гасподзь нашую веру выпрабоўвае. Радыяцыя ня страшная”.

Цікаўлюся ў сьвятара Грыцэнкі, ці засьцерагае ён вернікаў у сваіх казанях ад неабачлівага жыцьця ў забруджанай зоне?

(Грыцэнка: ) “Наадварот, я кажу: “Вер, і нічога табе ня страшна!” Умацоўвайцеся. Не шукайце шчасьця. Многія ўцякаюць у Менск, у Гомель. А хто будзе зямлю даглядаць, працаваць?”

Удакладняю пытаньне: як усё ж сьвятар ставіцца да таго, што людзі спажываюць радыеактыўныя грыбы і ягады? Да чаго заклікае вернікаў духоўны пастар?

(Грыцэнка: ) “Зьбіралі і зьбірайце! Мы нават у манастыр даем, і там прымаюць з радасьцю. Я і сам з радыяцыі важу чарніцы ў Кіеў — напрыклад, у Пакроўскі манастыр. З радасьцю прымаюць і кажуць: “Мы за вас будзем маліцца Богу”. Бачыце, не баяцца. А чаго нам баяцца?”

У раённай санслужбе мне распавялі, што чыстай прадукцыі ў лесе няма. Зьбіраць лясныя дары наагул не рэкамэндуецца. Гаворыць выканаўца абавязкаў галоўнага лекара Нараўлянскага цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі Мікалай Лявоненка:

(Лявоненка: ) “Грыбы, ягады — уся гэтая прадукцыя патрабуе абавязковага дазымэтрычнага кантролю, паколькі яна, як правіла, перавышае дазволеныя нормы. Перавышэньне вагаецца ад двух да сарака разоў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG