Справа паводле артыкулу 367 часткі 1 Крымінальнага кодэксу была распачатая Пракуратурай Рэспублікі Беларусі летась у сьнежні — па факце публікацыі ў газэце “Народная Воля” ад 2 лістапада. У артыкуле Міколы Бусла пад назвай “Бандыты фінансуюць беларускі рэжым?” былі зьмешчаныя спасылкі на інтэрвію Анатоля Лябедзькі расейскаму Інтэрнэт-выданьню “Газета.Ру”. Пазьней справа была перададзеная ў пракуратуру Савецкага раёну, і спадар Лябедзька праходзіў у ёй сьведкам — да сёньняшняга дня.
Гаворыць А.Лябедзька:
(Лябедзька: ) “Увайшоў сьведкам, а выйшаў падазраваным у крымінальнай справе. У сувязі з гэтым я вымушаны зрабіць заяву, што мы разглядаем тое, што робіць беларуская пракуратура, выключна як палітычны перасьлед, як намаганьні беларускіх уладаў зьняць з парадку абмеркаваньня грамадзкасьці ўнутры Беларусі і міжнароднай супольнасьці пытаньні аб ценявым бюджэце і продажу зброі як адной з крыніцаў фінансаваньня ценявога бюджэту ў Беларусі”.
Анатоль Лябедзька зьвязвае гэты перасьлед з апошняй жорсткай рэзалюцыяй ПА АБСЭ пра Беларусь, на сэсіі якой ён асабіста прысутнічаў. Анатоль Лябедзька ўпэўнены, што яго абвінавацілі паводле ўказаньня зьверху. Але гэты перасьлед не паўплывае на ягоную пазыцыю і на дзейнасьць партыі.
Раней АГП накіроўвала ў пракуратуру патрабаваньні праверыць праўдзівасьць паведамленьняў аб незаконным продажы зброі, аднак тая адмовілася гэта рабіць, спаслаўшыся на тое, што гэта не ўваходзіць у яе кампэтэнцыю.
(Лябедзька: ) “Фактычна пракуратура стала на шлях садзеяньня ўтварэньня ценявога бюджэту ў Беларусі. Больш за тое, пракуратура сама не расьсьледуе і змагаецца з грамадзкай думкай, якая хоча ўсё ж даведацца праўду — дзе, каму і як прадаецца зброя”.
Сьледчы пракуратуры Савецкага раёну Іван Зелянкоўскі, які падпісаў пастанову аб прыцягненьні спадара Лябедзькі як падазраванага, упэўнены, што ў артыкуле Міколы Бусла прыводзяцца сапраўды непраўдзівыя і ганебныя для А.Лукашэнкі выказваньні спадара Лябедзькі, і што сьледзтва сабрала дастаткова доказаў, каб прыцягнуць яго да крымінальнай адказнасьці.
Фактычна гаворка ідзе пра адзін перадрукаваны “Народнай Воляй” з Інтэрнэт-выданьня “Газета.Ру” абзац, у якім нібыта Анатоль Лябедзька сьцьвярджае, што пастаўкі зброі адыёзным рэжымам ёсьць адным з прыярытэтных кірункаў дзейнасьці прэзыдэнта Лукашэнкі, і гэты бізнэс знаходзіцца пад ягоным асабістым кантролем.
Па сутнасьці той публікацыі Анатоль Лябедзька сказаў:
(Лябедзька: ) “Справа ў тым, што артыкул Міколы Бусла ня мае адносінаў непасрэдна да мяне — ні Міколу Буслу, ні “Народнай Волі” я не даваў інтэрвію. Разам з тым, у мяне даволі многа артыкулаў ці камэнтароў, дзе насамрэч зьмяшчаецца інфармацыя, якая датычыць гэтай праблемы. Мне не зусім зразумела, чаму менавіта гэты артыкул узялі”.
Анатоль Лябедзька не выключае, што падчас наступнага допыту яму прапануюць падпіску пра нявыезд. Але ён ня бачыць ніякай судовай пэрспэктывы гэтай справы, хаця не выключае палітычнай важнасьці магчымага працэсу:
(Лябедзька: ) “Я не выключаю, што ў нас будзе цікавасьць давесьці гэта да судовага разгляду. Калі мы ў гэта ўцягнем розныя міністэрствы, каб яны давялі інфармацыю альбо абвяргалі інфармацыю — магчыма, мы насамрэч даведаемся, ці вядзе Рэспубліка Беларусь гандаль зброяй зь недэмакратычнымі адыёзнымі рэжымамі”.
Спадар Лябедзька яшчэ ня вырашыў, які спосаб абароны абраць, ён зьбіраецца пракансультавацца з адвакатам. Але ў любым выпадку ён мяркуе ня толькі абараняцца, але і наступаць — мае намер аднавіць свае пазовы да Аляксандра Лукашэнкі, які беспадстаўна абвінавачваў яго ў атрыманьні грошай ад амбасадаў і ў шпіянажы.