Сёньня намесьнік старшыні аблвыканкаму Георгі Дашкевіч на так званым штабе па жніве разам з прэзыдэнцкім інспэктарам у рэгіёне Зянонам Ломцем рэзка крытыкавалі кіраўнікоў службаў аблсельгасхарчу.
На аб’яўленых ўчора зажынках больш-менш арганізавана жніво распачалі толькі рэчыцкія хлебаробы. У Добрускім, Нароўлянскім і Чачэрскім раёнах камбайны наогул ня вышлі ў поле. У астатніх 17 раёнах на палеткі было выведзена меней за 80 камбайнаў з 2184 наяўных.
Дарэчы, сёньня агульная сытуацыя не нашмат зьмянілася. На жніве ў рэгіёне працавала ўсяго 308 машын. Вось што сказаў намесьнік старшыні аблвыканкаму ў справах сельскай гаспадаркі Георгі Дашкевіч:
(Дашкевіч: ) “Мы ставілі мэту, каб было падрыхтавана 92% камбайнаў, а атрымалі толькі каля 70%. Мы хацелі, каб 100% гаспадарак выйшлі на жніво, а ў выніку атрымалі толькі 75%”.
У абсельгасхарчы ўдакладнілі: да пачатку жніва ў калгасах пасьпелі належным чынам падрыхтаваць усяго 62% камбайнаў. На рамонт не было сродкаў, а крэдыты дазволілі ўзяць позна.
Распавядае намесьнік старшыні аблсельгасхарчу Аляксандар Яраш:
(Яраш: ) “Мы ўзялі крэдыты 3,5 мільярда на падрыхтоўку камбайнаў і збожжатокаў. І зараз атаварваем, купляем запчасткі. За тыдзень асвоіць такую суму — страшная рэч”.
Бракуе грошай і на паліва — самі калгасы павінны купіць яго на 4,5 мільярда рублёў. Але дзе ўзяць грошы, ніхто толкам ня ведае. Перапрацоўчыя заводы ня могуць рэалізаваць сельгаспрадукцыі на 15 мільярдаў рублёў. А іншых крыніцаў грашовых сродкаў у калгасаў няма.
Відавочна, што за 25 дзён, як меркавалася, вёска са жнівом ня справіцца. Дый уражай, паводле падлікаў спэцыялістаў, будзе далёкі ад тых 900 тысяч тонаў збожжа, што плянавалася сабраць напачатку году.