Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ БУДЗЕ НОВЫ КІРАЎНІК У ФЭДЭРАЦЫІ ПРАФСАЮЗАЎ?


Міхал Стэльмак, Менск

У шэрагах Фэдэрацыі сёньня няма адзінства поглядаў наконт будучыні беларускіх прафсаюзаў. Частка актыву настойвае на зьмене курсу Фэдэрацыі ў пытаньні дачыненьняў з уладамі. Гэтыя сілы намагаюцца, каб прафсаюзы адмовіліся ад крытыкі сацыяльна-эканамічнай палітыкі Аляксандра Лукашэнкі ды пагадзіліся на цеснае супрацоўніцтва з вэртыкальлю. На іх думку, Франц Вітко, які выступае за незалежнасьць прафсаюзнага руху, ня здольны быць лідэрам Фэдэрацыі.

Пра свой намер дамагчыся адстаўкі Вітка яны, паводле прафсаюзных зьвестак, паінфармавалі атачэньне Лукашэнкі. Паводле гэтых жа зьвестак, адміністрацыя прэзыдэнта вырашыла скарыстаць ляяльнасьць да ўладаў часткі прафсаюзных функцыянэраў, і менавіта таму кіраўнік адміністрацыі Ўрал Латыпаў ініцыяваў сёньняшнюю сустрэчу з Францам Вітком.

Пасьля сустрэчы спадар Вітко распавёў пра яе нашаму радыё:

(Вітко: ) “Сэнс гэтай сустрэчы заключаўся ў тым, каб удакладніць пазыцыі адносна пэрспэктываў разьвіцьця прафсаюзнага руху ў Беларусі. Якое бачаньне ўладных структураў прафсаюзнага руху. Я вельмі задаволены тым. што кіраўнік адміністрацыі бачыць у прафсаюзах актыўную арганізацыю, якая была апанэнтам ураду ў пытаньнях абароны сацыяльных і эканамічных правоў простага чалавека. Мне падалося. што аналітычны склад Урала Латыпава дазваляе яму ў поўным аб'ёме бачыць і поўную небясьпеку таго, калі ісьці па шляху разбурэньня прафсаюзаў і стварэньня нейкіх новых”.

(Карэспандэнт: ) “Ці ішла сёньня размова пра зьмену кіраўніка Фэдэрацыі?”

(Вітко: ) “Пытаньне пра кіраўніка Фэдэрацыі і лёс Фэдэрацыі — гэта пытаньні ўзаемазьвязаныя. Я мяркую, што гэтае пытаньне знойдзе правільнае вырашэньне. Але і для мяне, і для суразмоўцаў, зь якімі я меў сустрэчу, галоўнае адно: каб арганізацыя працоўных захавалася”.

Старшыня Фэдэрацыі прафсаюзаў нагадаў, што 16 ліпеня мае адбыцца прафсаюзны пленум, на якім шэраг прафсаюзных структураў ініцыяваў абмеркаванне кадравага пытаньня. Зрэшты, ня выключана, што сытуацыя з кіраўніком прафсаюзаў высьветліцца ўжо заўтра, на паседжаньні прэзыдыюму Фэдэрацыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG