Адразу пасьля пачатку суду і супернікам, і суду сталася ясна, што справа настолькі заблытаная, што варта прыйсьці да замірэньня. Але яшчэ напярэдадні яны былі гатовыя змагацца да пераможнага канца. Дырэктар школы №6 Галіна Цяраева і дырэктар школы №3 Анатоль Самуйлаў мерыліся атрымаць мільённыя сумы за шкоду й маральныя страты, якія яны нібыта мелі.
У артыкуле Ларысы Насановіч пад назвай “Мы не рабы…” распавядалася пра тое, што хтосьці з дарослых падбухторыў вучняў названых школаў зьбіраць подпісы на імя Аляксандра Лукашэнкі з просьбай паспрыяць пабудове новае школы №13, якая б дапамагла разгрузіць трэцюю й шостую школы. У артыкуле гаворыцца, што нібыта дырэктары запалохвалі вучняў і прымушалі пісьмова адмаўляцца ад сваіх словаў.
У сваім матэрыяле журналістка Насановіч абапіралася на словы аднаго з вучняў, які напісаў скаргу ў Салігорскае аддзяленьне БГК. Пракуратура правяла расьсьледаваньне, але не знайшла пацьверджаньня гэтым фактам. Тым ня менш, дырэктары пажадалі пакараць газэту “Салідарнасьць”. Жарсьці здолела суцішыць адвакатка Тацяна Станкевіч:
(Станкевіч: ) “Мы ніколі не даведаемся дакладна ўсяго. Менавіта таму мы прапануем міравое пагадненьне. Бо і ў вас ёсьць доказы вашае праваты, і ў рэдакцыі ёсьць зьвесткі, якія могуць патлумачыць, чаму яны пісалі так, а не інакш. Мы прызнаем, што дадзеную інфармацыю выклалі неаб’ектыўна”.
Спадарыня Станкевіч нагадала, што ніхто не апытваў дзяцей: ні журналістка, ні пракуратура. Таму прадстаўнікі абодвух бакоў пагадзіліся, што Ларыса Насановіч ня хлусіла, але падала няпоўную інфармацыю, напрыклад, не пагутарыла з самімі дырэктарамі. Фармулёўку “неаб’ектыўна” замянілі на “аднабакова”. Пазоўнікі адмовіліся камэнтаваць вынік судовае справы. Кажа Галіна Цяраева:
(Цяраева: ) “Увогуле не хачу казаць на гэтую тэму. Гэтая справа завершаная”.
Галоўны рэдактар газэты “Салідарнасьць” Віталь Мурылёў паабяцаў надрукаваць выбачэньне ў наступным нумары газэты. Але калі — невядома, бо ад ліпеня “Салідарнасьць” часова не выходзіць. Калі да верасьня “Салідарнасьць” не адновіць працу, выбачэньне надрукуюць у салігорскай раёнцы. Калі тэкст ня зьявіцца да кастрычніка, супрацьстаяньне адновіцца.