Як вынікае з прагнозаў палітыкаў, найбольшыя шанцы мае кіраўнік дэлегацыі Вялікай Брытаніі Брус Джордж. Яго канкурэнт – Мішэль Вуазэн з Францыі. Разглядалася кандыдатура нямецкага палітыка Герда Вайскірхена, які ёсьць старшынём камітэту правоў чалавека і вельмі добра арыентуецца ў беларускай праблеме. Аднак у выніку міжпартыйных дамоўленасьцяў ягоная кандыдатура была зьнятая.
Што да Бруса Джорджа, ён учора прысутнічаў на круглым стале, прысьвечаным сытуацыі ў Беларусі, і побач зь ім ў якасьці кансультанта быў адзін з удзельнікаў так званай “парлямэнцкай тройкі” па Беларусі Тэры Дэвіс. Брус Джордж цяпер ёсьць намесьнікам старшыні Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ, ён жа ёсьць старшынём Палаты абшчынаў у парлямэнце Брытаніі ў пытаньнях абароны. Ён актыўны ўдзельнік Парлямэнцкай Асамблеі NATO і займаў там кіроўныя пасады. Мішэль Вуазэн кіраўнік дэлегацыі Францыі, сябра Правай партыі і прадстаўнік Міжземнаморскай Асацыяцыі.