Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БОЛЬШ ЯК 10 ТЫСЯЧ ЮНАКОЎ ПРЫЗАВУЦЬ У БЕЛАРУСКАЕ ВОЙСКА ПАДЧАС ЛІПЕНЬСКАЙ ПРЫЗЫЎНОЙ КАМПАНІІ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Менскі абласны прызыўны пункт побач з плошчай Свабоды ў цэнтры сталіцы. Аркестру гэтым разам няма, яго замяняе магнітола прыпаркаванага побач аўтамабіля, якая спрабуе падняць настрой тым, каму ісьці ў войска, і тым, каму чакаць ды турбавацца. Першых і другіх ужо падзяліў жалезны плот, і перш чым прайсьці за яго, я спрабую высьветліць настрой бацькоў прызыўнікоў.

Работніца Менскага камвольнага камбінату Валянціна Пешаходзька за свайго сына не асабліва турбуецца:

(Пешаходзька: ) “Няхай адслужыць, адарвецца ад матчынай спадніцы, адчуе сябе мужчынам. А мы яго дачакаемся. А колькі каштуе, каб не пайсьці ў войска, мы нават ня ведаем, не цікавіліся. Напэўна, калі б і хацелі што такое зрабіць, то няма такіх грошай, бо гэта пэўна вялікія грошы”.

Юры Кірдун з Радашкавічаў ужо ведае, што пападзе ў вайсковую частку 63755 у Менску. Ён мае прафэсію шафёра і спадзяецца, што будзе шафярыць яшчэ паўтара года вайсковай службы. Тое, што патрапіў у Менск, Юра лічыць вялікай удачай. Дома ў Радашкавічах усё роўна не застаўся б, там максымальны заробак, на які ён можа разьлічваць, гэта 130 тысяч. А ў яго ўжо ёсьць дзяўчына Сьвятлана, і калі яны пажэняцца, то на такі заробак сям’ю не ўтрымаеш. Да войска Юры нават плянаваў зьехаць зь Беларусі, хутчэй за ўсё ў Расею, а цяпер падумвае, ці ня лепш заключыць кантракт і служыць далей, але ўжо за грошы.

У 18-гадовага Яўгена Жышкі з Жодзіна пэўных плянаў яшчэ няма, як няма і дзяўчыны, якая яго будзе чакаць. Ён пра сваю будучыню думае шляхам выключэньня — на паўтара года яму ня езьдзіць зь сябрамі-фанатамі на футбол, і ў моладзевых бойках ня ўдзельнічаць. “Але і добра”, — кажа Яўген. Аднойчы яму перапала ад салдатаў унутраных войскаў, якія дубінкамі спынялі бойку фанатаў. “Калі патраплю ва ўнутраныя войскі і дадуць у рукі дубінку ды загадаюць біць, то буду біць, а што зробіш?” — даказваючы сваю сталасьць, запэўнівае Яўген.

Камэндант прызыўнага пункту маёр Аляксандар Шамына сваімі назіраньнямі пацьвярджае, што прызыўнікі кожны год розныя:

(Шамына: ) “Другі прызыў я адпраўляю і магу зазначыць, што гэтыя хлопцы спакайнейшыя, ураўнаважаныя. Шмат хто ўжо думае пра тое, кім вернецца з войска, куды ўладкуецца працаваць. Прагматычныя больш сталі прызыўнікі. І больш цьвярозыя — я маю на ўвазе, менш выпілі напярэдадні. Падчас провадаў.

Але, канечне, ёсьць і такія, хто і сюды спрабуе пранесьці “боекамплект”. Як запэўніў мяне камэндант, такія “боекамплекты” з бутэлек гарэлкі й віна, што прызыўнікі нейкім цудам праносяць на тэрыторыю прызыўнога пункту, афіцэры абавязкова знаходзяць і бязьлітасна зьнішчаюць у прыбіральні. З гэтага, маўляў, пачынаецца змаганьне за цьвярозы лад вайсковага жыцьця.

Але ў тым, што гэтае жыцьцё пакуль не адрозьніваецца кардынальна ад цывільнага, я меў магчымасьць пераканацца. Я на свае вочы бачыў, як бацькі аднаго прызыўніка пад наглядам міліцыянта перадавалі сыну бутэлькі ў поліэтыленавай торбе. “Гэта, відаць, падарунак камусьці з афіцэраў-купцоў. Яны могуць паспрыяць, каб вашага сына накіравалі служыць бліжэй да дому, вось зь імі і разьлічваюцца”, — патлумачыў мне адзін знаўца ў пагонах, які не назваў сябе.

Што да афіцыйных крыніцаў, то яны сьцьвярджаюць, што адбор у беларускае войска праходзіць цалкам згодна з правіламі, і пратэжаваньне немагчымае. “Патрэба ў папаўненьні цяпер меншая, таму мы бярэм толькі людзей з нармальнымі грамадзкімі паводзінамі. У войску здаровая атмасфэра”, — запэўніў начальнік камісарыяту Міхаіл Канстанцінаў.

Старшы доктар прызыўной камісіі Віктар Бланкледер адзначыў, што фізычны стан прызыўнікоў знаходзіцца пад пільным кантролем. “Вось сёньня мы адправілі дадому двух хлопцаў, якіх раённыя камісіі рэкамэндавалі да службы. А мы знайшлі ў іхным здароўі хібы, не сумяшчальныя са службай. Цяпер у войска ідуць толькі здаровыя”, — перакананы доктар. Пры гэтым ён адначае, што па стане здароўя толькі трэцяя частка юнакоў здатная да службы. Таму доктар прагназуе, што ужо праз 3–5 гадоў могуць пачацца праблемы з камплектацыяй войска прызыўнікамі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG