Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАВЫ ЧАЛАВЕКА: ШТО РАБІЦЬ, КАЛІ ВАС НЕСПРАВЯДЛІВА ЗВОЛЬНІЛІ?


Алег Грузьдзіловіч, Менск

(Аляхновіч: ) “Іх і бацькоў палохалі тым, што па сто тысяч штрафу дадуць за абразу прэзыдэнта. А мне было заяўлена, што як толькі ты падпішаш пратакол, дык адчэпяцца ад дзяцей. Я і падпісаў гэты пратакол, паводле 67-га артыкула — гэта распаўсюд друкаванай прадукцыі без выходных зьвестак. Потым да выбараў яшчэ не чапляліся, а як прайшлі выбары, дык адразу паведамілі, што я буду звольнены”.

Былы настаўнік гісторыі Крупскай першай сярэдняй школы Андрэй Аляхновіч распавёў пра падзеі, што папярэднічалі ягонаму звальненьню са школы. Дадам, што вучні, за якіх ён заступіўся, былі затрыманыя міліцыянтамі за распаўсюд перадвыбарчых налепак з заклікам не галасаваць за Аляксандра Лукашэнку. Настаўнік узяў на сябе ўсю віну, і хлопцаў сапраўды адпусьцілі, а Андрэя Аляхновіча звольнілі — фармальна за ўчынак, не сумяшчальны з працай пэдагога. Былы настаўнік ужо прайшоў раённы і абласны суды, але аднавіцца на працы ня можа.

Гэта для Беларусі звычайная зьява — бездапаможнасьць працоўнага чалавека перад працадаўцам, які свой інтарэс у звальненьні непажаданага супрацоўніка абстаўляе быццам законнымі дзеяньнямі. Гэтак сьцьвярджае праваабаронца Валянцін Стэфановіч з праваабарончага цэнтру “Вясна”. Ён спасылаецца на заявы пацярпелых, якія значна пачасьціліся пасьля леташніх прэзыдэнцкіх выбараў. Цікава, што ў асобных выпадках ўдаецца аднавіцца на працы — як выкладчыку тэхнікуму Нікіціну з Чэрвеня, але гэта хутчэй выключэньне з агульнага правіла.

(Стэфановіч: ) “Калі кіраўнікі пісьменна абстаўляюць звальненьне, то шанцаў на перамогу вельмі мала. Толькі калі парушаная працэдура, калі ёсьць недакладнасьці, якія супярэчаць заканадаўству, тады можна знайсьці падставу для аднаўленьня на працы”, — заўважае праваабаронца Валянцін Стэфановіч.

У цяжкім становішчы звольненага апынуўся герой наступнага рэпартажу гарадзенец Аляксандар Зюка. Ягонае звальненьне не назавеш палітычна матываваным, як звальненьне настаўніка Аляхновіча, але сам Аляксандар Зюка лічыць, што зь ім раправіліся за крытыку. Перадае наш гарадзенскі карэспандэнт Сяргей Астраўцоў:

(Астраўцоў: ) “Каля Горадні ёсьць вядомы калгас-мільянэр, поўная назва якога — сельскагаспадарчае каапэратыўнае прадпрыемства “Кастрычнік”. Ім і нямецкай фірмай “ЭПЁК” было створанае сумеснае прадпрыемства “Экалягічныя праекты”. Аляксандра Зюку ўзялі на працу галоўным кансультантам па эканамічных пытаньнях.

Сумеснае прадпрыемства занялося вырабам пажыўных сумесяў для калгаснай жывёлы, каб яна хутчэй набірала вагу. Складнікі пастаўляліся зь Нямеччыны — Аляксандар Зюка зьвярнуў увагу, што яны пратэрмінаваныя і купляюцца па завышаных цэнах. Ён завез пробы ў Смалявічы, у лябараторыю камбікормавай прамысловасьці.

Дакумэнты з вынікамі аналізаў аказаліся ў яго на руках — высьветлілася, што вітамінаў у сумесях не хапае. Але прысутнічаюць цяжкія мэталы, якіх не павінна быць. Ён гаворыць, што мяса жывёлаў магло быць шкодным — а сумесі выкарыстоўвалі ў самім “Кастрычніку” і прадавалі іншым гаспадаркам.

Аляксандар паведаміў пра гэта старшыні калгаса Віталю Крэмку і дырэктару прадпрыемства Аляксандру Нічыпару. І галоўнага кансультанта раптам звольнілі — нібыта за прагулы. Аднавіцца на працы не ўдалося ні праз Кастрычніцкі раённы суд Горадні, ні праз абласны. Супраць яго нават распачалі крымінальную справу, але яна была спыненая праз адсутнасьць складу злачынства.

Аляксандар Зюка лічыць, што пацярпеў за праўду:

(Зюка: ) “У сьнежні 2001 году ад фірмы “B&K”, Нямеччына, на адрас СП “Экалягічныя праекты” прыйшло 23–24 тоны нібыта вітамінных сумесяў. Гэтыя сумесі не былі правераныя на мяжы, як гэтага патрабуе адпаведная інструкцыя, і адразу былі разгружаныя на тэрыторыі СП у вёсцы Квасоўка. Прадстаўнікі КГБ арыштавалі гэтую пастаўку. І разам з прадстаўніком дзяржаўнага вэтэрынарнага нагляду ўзялі пробы і наклалі арышт”.

Такім чынам, ягоная пільнасьць дала вынікі. Усяго нямецкі бок чатыры разы пастаўляў сыравіну для сумесяў, кожнага разу прыблізна 24 тоны. Дык вось, толькі першую выкарысталі цалкам. Вытворчасьць была спыненая, а нямецкую сыравіну нядаўна адправілі назад у Нямеччыну. Атрымліваецца, што ён меў рацыю, але мае з гэтага толькі праблемы. У сям’і двое непаўнагадовых дзяцей, а спадар Зюка бяз працы”.


Заўважу, што былыя працадаўцы Аляксандра Зюкі настойваюць на тым, што звольнілі яго законна, а гісторыя з пажыўнымі сумесямі звальненьня ня тычыцца. Праваабаронца Валянцін Стэфановіч, які як экспэрт вывучыў гісторыю Аляксандра Зюкі, назваў яе тыповым канфліктам паміж працаўніком і працадаўцам.

Не бывае, каб людзей звальнялі беспрычынна, але не бывае і таго, каб людзі ішлі на канфлікт з начальствам бяз важкіх прычынаў. Для кагосьці такой прычынай можа стаць асабістая абраза, а хтосьці заступаецца за здароўе іншых людзей. Але ў любым выпадку праваабаронца раіць клапаціцца пра доказы ў судзе. “Нават калі чалавек заявіць, што выкрыў міжнародную змову, для суда гэта не падстава ня верыць начальнікам, якія яго звольнілі на падставе працоўнага заканадаўства. Хай шукае сьведкаў ці дакумэнты, якія дакажуць, што іншы бок ня мае рацыі”, — падвёў рысу наш экспэрт.


* * *
Пад канец нагадаю пра дасягнуты на гэтым тыдні посьпех у справе ініцыяваньня міжнароднага расьсьледаваньня справаў зьніклых беларускіх апазыцыянэраў. Расейскі прэзыдэнт Уладзімер Пуцін пасьля сустрэчы зь лідэрамі шасьці фракцыяў і групаў Дзярждумы паабяцаў падняць гэтае пытаньне ў будучай размове з Аляксандрам Лукашэнкам. Пуцін выказаўся за тое, каб да расьсьледаваньня далучыліся расейскія сьледчыя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG