Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ІРАНСКІЯ СТУДЭНТЫ ГАТОВЫЯ ДА САМЫХ СЬМЕЛЫХ РЭФАРМІСЦКІХ ДЗЕЯНЬНЯЎ


Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

У адрозьненьне ад моцна зьвязанага кансэрватыўнымі клерыкаламі Хатамі, які ўжо двойчы абіраўся прэзыдэнтам краіны, студэнты ня могуць быць памяркоўнымі і пагадзіцца на рэальны стан рэчаў. Сёньня яны моцна крытыкуюць аднаго са сваіх лібэральных актывістаў Галамбаса Тэвасолі, які прымальна ставіцца да палітыкі Хатамі, да ягоных, на іхную думку, надта памяркоўных рэформаў.

Адзін з рэфармісцкіх палітычных дзеячоў Мозэн Сазгара сказаў, што студэнты робяцца ўсё больш нецярплівымі. “Сваімі дзёрзкімі пытаньнямі яны могуць загнаць у кут любога палітыка”, – кажа ён.

Студэнты заўсёды былі рухавіком рэвалюцыі: і ў бальшавіцкай Расеі, і на пляцы Цяньаньмынь, і ва Ўсходняй Эўропе 1989 году, і ва ўласна іслямскай рэвалюцыі 10 гадоў таму. Сіла студэнцкага руху базуецца на іхнай колькасьці. У 65-мільённай краіне, дзе дзьве траціны насельніцтва складаюць людзі да 30 гадоў, налічваецца 1 мільён 700 тысячаў студэнтаў.

Закрытая, кіраваная дзяржавай эканоміка, памножаная на непрафэсійнае кіраўніцтва, не дазваляе даць працу кожнаму іранцу. Паводле афіцыйнага прагнозу, да 2004 году колькасьць беспрацоўных складзе 6 мільёнаў чалавек.

Сазгара гаворыць, што студэнты патрабуюць большай свабоды ў сваім прыватным і сацыяльным жыцьці. Яны сытыя па горла дзяржаўнымі рэглямэнтацыямі і гатовыя да інтэграцыі ў глябальную культуру, яны хочуць мець дэмакратычную сыстэму і быць упэўненымі, што ў будучым ім не пагражае беспрацоўе.

Што робіцца па-за межамі Ірану, студэнты ведаюць праз Інтэрнэт і спадарожнікавае тэлебачаньне. Яны чытаюць пра заходнюю дэмакратыю і вучацца ў прафэсароў, навучаных у заходніх унівэрсытэтах.

Адна са студэнтак, 28-гадовая Рэза Амэрынасаб, кажа, што яна аддала больш часу на вандроўкі ў інтэрнэце і чытаньне кніжак пра фармаваньне заходніх дэмакратыяў, чым на чытаньне сваіх мэдычных падручнікаў.

Паваротным момантам у студэнцкім руху быў ліпень 1999 году, калі падкантрольныя іслямісцкім кансэрватарам паліцыянты напалі на інтэрнат у Тэгеране пасьля студэнцкага пратэсту супраць закрыцьця рэфармісцкай газэты. У выніку нападу адзін студэнт быў забіты і шмат – параненыя. Напружаньне цягнулася 5 дзён і было самым моцным пасьля ісламскай рэвалюцыі 1979 году. Урэшце, пасьля заклікаў Хатамі, студэнты адступілі. Кансэрватары выкарысталі гэтыя хваляваньні супраць прэзыдэнта. Падкантрольная кансэрватарам судовая ўлада апраўдала нападнікаў і кінула ў вязьніцу студэнцкіх лідэраў.

Нягледзячы на той удар і працяг рэпрэсіяў, студэнты дамагаюцца зьменаў пад кіраўніцтвам Бюро Кансалідацыі і Еднасьці – вядучага студэнцкага рэфармісцкага руху.

Ахмад Франджы – студэнт, які два тыдні прасядзеў, у турме сказаў: “Мы пакуль што не адрынаем Хатамі і ягоныя рэформы, але лічым іх недастатковымі. Мы лічым, што зьмены павінны быць глябальнымі”.

Цяпер студэнты рыхтуюцца правесьці ўнутрыўнівэрсытэцкія рэфэрэндумы ў пытаньнях накшталт зьменаў у канстытуцыі супраць права клерыкалаў вэтаваць пастановы дэмакратычна абранага парлямэнту, рафэрэндумы за перамовы са Злучанымі Штатамі і за адхіленьне неабраных народам кансэрватараў, якія замінаюць рэформам.

Гэта будзе першы раз, калі падобныя пытаньні выносяцца на публічны разляд. Студэнцкія лідэры лічаць, што грамадзкая думка сярод студэнтаў можа быць сфармаваная, а гэтая думка ёсьць наймацнейшай перадумовай зьменаў. Студэнты імкнуцца разблякаваць перашкоды на шляху рэформаў і працягнуць ціск на палітычных дзеячоў у імя гэтых рэформаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG