Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГАЛАСАВАНЬНЕ АБ РЭЗАЛЮЦЫІ АБСЭ АДБУДЗЕЦЦА Ў СЕРАДУ


Вольга Караткевіч, Прага

У праекце выказваецца расчараваньне тым, што беларускія ўлады цалкам ігнаруюць патрабаваньні АБСЭ. Гэтыя моманты рэзалюцыі фактычна падтрымаў і кіраўнік амэрыканскай дэлегацыі Крыстафэр Сьміт. Нагадаю, менавіта ён прадставіў на разгляд Кангрэсу ЗША “Акт аб дэмакратыі ў Беларусі”. Учора Крыстафэр Сьміт задаў пытаньне дзейнаму старшыню АБСЭ партугальскаму міністру замежных справаў Антоніў Мартыньшу да Крушу: ці АБСЭ ўлічвае ўсе краіны, якія падтрымліваюць тэрарызм.

Цікава, што рэзалюцыю, падрыхтаваную амэрыканскім прадстаўніком, лічаць вельмі жорсткай тыя палітыкі, якія, напрыклад, адназначна супраць прызнаньня так званага нацыянальнага сходу ў якасьці прадстаўніка Беларусі ў Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ, ці якія летась спрыялі прыезду ў Парыж на сэсію Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ жонак зьніклых беларускіх палітыкаў. Я маю на ўвазе перадусім швэдзкага парлямэнтара Урбана Алена, які ўваходзіць у склад рабочай групы па Беларусі. Ён у гутарцы са мной назваў рэзалюцыю Стэні Гоера замоцнай і непрадуктыўнай, нават несвоечасовай, хаця не аспрэчыў ніводнага пункту з гэтай рэзалюцыі.

Я задала Стэні Гоеру, аўтару праекту рэзалюцыі, пытаньне аб тым, якім чынам амэрыканцы зьбіраюцца дамагацца прыняцьця гэтай рэзалюцыі. Ён адказаў, што была сустрэча на гэтую тэму з расейскай дэлегацыяй, адзначыў, што ў дакумэнце адлюстраваныя рэаліі, і гэтыя рэаліі не сакрэт для ніводнага з удзельнікаў гэтай сэсіі. Стэні Гоер адзначыў, што адміністрацыя Аляксандра Лукашэнкі – найгоршая ў Эўропе, і сытуацыя патрабуе вырашэньня.

Галасаваньне аб гэтай рэзалюцыі адбудзецца ў сераду, і адназначна, што гэтую рэзалюцыю падтрымаюць, напрыклад, дэпутаты з Латвіі, Літвы, Польшчы, Брытаніі. Дарэчы, латыская дэпутатка Дэмакава, якая ў складзе рабочай групы наведвала Беларусь, у праект гэтай рэзалюцыі ўнесла сваю папраўку, яшчэ больш жорсткую: запатрабаваць ад беларускіх уладаў выдаць візы супрацоўнікам Кансультацыйна-назіральнай групы АБСЭ, каб яны працягвалі маніторынг. Дадам, што ў Бэрлін прыехаў Мішэль Рывалье, супрацоўнік місіі, якому беларускія ўлады адмовіліся працягнуць візу. Магчыма, што ён возьме ўдзел у заўтрашнім круглым стале, прысьвечаным сытуацыі ў Беларусі. Там будуць абедзьве дэлегацыі зь Беларусі, эўрапейскія палітыкі, я ведаю, што прыйдзе Ганс-Георг Вік.

Прадстаўнікі дэлегацыі ад беларускай апазыцыі распаўсюдзілі тут зварот Андрэя Клімава да дэпутатаў сэсіі. Клімаў быў запрошаны да ўдзелу, выступу, але беларускія ўлады не далі яму дазволу на выезд.

Сёньня плянарнага паседжаньня няма. Што робяць сёньня прадстаўнікі афіцыйнага Менску, цяжка сказаць. Нейкія перамовы у кулюарах я бачыла, але я бачыла іх сёньня толькі адзін раз. Дарэчы, тут прысутнічае журналіст Беларускага тэлебачаньня Сушкевіч, я ведаю, што дэпутаты так званага нацыянальнага сходу мелі вялікую надзею на тое, што іх тут прызнаюць.

Што да дэлегацыі ад апазыцыі, то сёньня яны мелі сустрэчу з амэрыканцамі, і Анатоль Лябедзька выступіў на паседжаньні фракцыі кансэрватараў у падтрымку рэзалюцыі Стэні Гоера. Дарэчы, гэтую рэзалюцыю падтрымае – прынамсі, так ён мне сказаў – кіраўнік трэцяга камітэту, гэта камітэт правоў чалавека, нямецкі дэпутат Герд Вайскірхен. Яго вельмі непакоіць сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі і сёньня, у гадавіну зьнікненьня Зьмітра Завадзкага, мы пагутарылі на гэтую тэму. Герд Вайскірхен наведваў Беларусь, ён вельмі добра арыентуецца ў сытуацыі ў Беларусі. Цікавы момант, што ён прэтэндаваў на пасаду прэзыдэнта Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ, аднак ягоная партыя, СПБ, адклікала гэтую ініцыятыву. Як мне стала вядома, рэальны прэтэндэнт на гэтую пасаду – Брус Джордж зь Вялікабрытаніі.

Варта сказаць пра агульную атмасфэру сэсіі. Бэрлін – гэта той горад, а Райхстаг – гэта тое месца, якія сымбалізуюць зьмены ў замежнай палітыцы, - так сказаў старшыня АБСЭ Антоніў Мартыньш да Круш. Ён згадваў гэтыя словы, калі бачыў надпісы ўнутры Райхстагу, дзе адбываецца сэсія, напрыклад: “Мы адпомсьцілі за Сталінград” і гэтак далей. Усе сэсіі могуць назіраць турысты: яны літаральна ходзяць па-над галавамі дэлегатаў – верхні паверх, прызначаны для турыстаў, зроблены са шкла. Фатографы, якія абслугоўваюць сэсію, вельмі забаўляюцца і фатаграфуюць дэпутатаў Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ з задранымі галавамі. А ў сквэрыку каля Брандэнбурскай брамы – выстава драўляных мядзьведзяў, якіх размалявалі 125 мастакоў са 125 краінаў. Ёсьць там і беларускі мядзьведзь, яго размаляваў Генадзь Бураўкін. Беларускі экспанат – белы ў валошкі і арнамэнты. Збоку на ім малюнак, які нагадвае пра Чарнобыль, а грудзі перавязваюць два сьцягі: адзін – чырвона-зялёны, затое другі – сьцяг Эўрапейскага Зьвязу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG