(Вядучая: ) “Са мной у студыі Сяржук Сокалаў-Воюш, які адсочваў сытуацыю са сьвяткаваньнем Дня Незалежнасьці ў ЗША. Сяржук, чаму пастанова тычыцца менавіта Вашынгтону і Нью-Ёрку?”
(Сокалаў-Воюш: ) “Справа ў тым, што сталіца і самае вялікае места краіны традыцыйна адзначаюць гэтае сьвята найбольш масава. Таму толькі ў Нью-Ёрку больш як 4 тысячы паліцыянтаў далучацца да вайскоўцаў і пажарнікаў дзеля патруляваньня вуліцаў, падземных пераходаў і іншых цывільных аб’ектаў. У часе патруляваньня будуць дасканала спраўджвацца аўтамабілі і сумкі мінакоў на прадмет зброі. У Вашынгтоне будзе дзейнічаць пашпартны кантроль на 24 кантрольных пунктах вакол Белага Дому. Там будзе дзяжурыць 2 тысячы паліцыянтаў, а марскія памежнікі будуць патруляваць раку Патамак, якая гэтым разам будзе зачыненая для лодачнікаў.
У сувязі з падвышанымі захадамі ў бясьпецы прадстаўнік Белага Дому Ары Флэйшар заявіў:
“Гэта першае 4-га ліпеня пасьля 11 верасьня. І вы ўбачыце, што па ўсёй краіне будзе вялікая колькасьць перасьцерагальных захадаў. (...) Мы не дазволім тэрарыстам перамагчы, адмяніўшы амэрыканскія сьвяты”.
(Вядучая: ) “Сяржук, ты гаварыў пра Вашынгтон і Нью-Ёрк. А што ў іншых гарадох?”
(Сокалаў-Воюш: ) “У іншых гарадох, апрача названых захадаў, увага надаецца таксама бясьпецы ад паветраных і водных атакаў. Прыкладам, у Сэнт-Люісе будзе ўзмоцнены кантроль воднага руху па Місысыпі, які будуць ажыцьцяўляць марскія памежнікі, а ў паветры будуць знаходзіцца вайсковыя самалёты. У краіне створаны адмысловы каардынацыйны цэнтар бясьпекі, які сочыць за бясьпекай болей як у 2 тысячах імпрэзаў па ўсёй краіне. Да праблемы магчымых тэрактаў на Ўсходнім узьбярэжжы ЗША дадалася яшчэ й праблема сьпёкі. Тэмпэратура паветра паднялася так высока, што апрача тысячаў паліцыянтаў узмоцненае дзяжурства будуць несьці шматлікія брыгады мэдыкаў”.
(Вядучая: ) “Сяржук, учора ў Менску адбывалася сьвяткаваньне дня незалежнасьці, і за апошнія суткі ў шпіталь хуткай дапамогі ў Менску былі дастаўленыя больш за 100 жыхароў гораду, усе яны былі ў стане алькагольнага ап’яненьня. Ты браў удзел у сьвяткаваньні Дня незалежнасьці Амэрыкі, рапавядзі, калі ласка, пра адметнасьць гэтага сьвята, і ці сапраўды яно ёсьць датычным кожнай сям’і?”
(Сокалаў-Воюш: ) “Найбольш памятнае сьвяткаваньне Дню незалежнасьці Злучаных Штатаў для мяне было ў 1994 годзе, калі нашую сям’ю запрасіла да сябе ў госьці алімпійская чэмпіёнка ў фэхтаваньні Тацяна Барэйка. Ейны дом стаіць на беразе вялікай затокі ў Нью-Ёрку. Над ім рэюць сьцягі Злучаных Штатаў і наш бел-чырвона-белы. Усяго гасьцей было чалавек 30.
Пэрсанальная прыстанька для пэрсанальнага ж чоўніка была ператвораная ў танцпляцоўку са столікамі. Асновай стала было славутае амэрыканскае барбэкю – смажаныя на жалезнай кратцы сьвіныя рэбры, курыныя крылцы і ножкі, каўбаскі, гамбургэры. Госьці весяліліся, сьпявалі беларускія і ангельскія песьні, ладзілі карнавал. Калі сьцямнела, усё ўзьбярэжжа ўспыхнула незьлічонымі фаервэркамі.
Вядома ж, былі і сьпірытусовыя напоі – віскі, джын, брэндзі. Але наўрад ці нехта з удзельнікаў сьвята вярнуўся дадому п’яным”.