“Паштовая скрынка–111”
У заўтрашняй праграме “Паштовая скрынка–111” вы пачуеце фрагмэнты лістоў, якія даслалі на Свабоду Мікалай Вязьмін зь Менску, Аляксандар Караўчанкаў зь вёскі Старое Лядна Лепельскага раёну, Алесь Ляскоўскі зь вёскі Сучакі Ваўкавыскага раёну, Марэк Рэдзімскі з Гдыні (Польшча) і Фэлікс Федаровіч з Даўгаўпілсу (Латвія).
У лістах, якія чытае і камэнтуе вядучы праграмы Валянцін Жданко, слухачы гэтым разам:
— аналізуюць новыя праявы крызысу ў беларуска-расейскіх дачыненьнях і разважаюць пра пэрспэктывы так званай “саюзнай дзяржавы”;
— выказваюць ацэнку дзейнасьці апазыцыі і дзеляцца меркаваньнямі пра посьпехі й пралікі апазыцыйных лідэраў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі;
— дыскутуюць са слухачамі, якія прапануюць выкарыстоўваць расейскую мову ў праграмах беларускай Свабоды.
“Беларуская Атлянтыда”. (паўтор перадачы 4 ліпеня)
“Паміраю, разумеючы, што лепш сьмерць фізычная, чым незаслужаная палітычная сьмерць. Верагодна, такая доля ў паэтаў. Павесіўся Ясенін, застрэліўся Маякоўскі, ну і мне туды дарога”.
Гэта радкі з пакаяльнага ліста Янкі Купалы да старшыні ЦВК БССР Аляксандра Чарвякова. А неўзабаве паэт зробіць замах на ўласнае жыцьцё… І гэты ягоны ўчынак станецца нібы прыкладам для іншых. Ня вытрымаюць маральных і фізычных катаваньняў пісьменьнік Цішка Гартны, прафэсар Усевалад Ігнатоўскі, той жа партыйны дзеяч Аляксандар Чарвякоў. Доўгі ланцуг самагубстваў выбітных людзей Беларусі працягнецца праз усё 20-е стагодзьдзе…
Беларусь і суіцыд – тэма чарговай перадачы Вячаслава Ракіцкага ў аўтарскім цыкле “Беларуская Атлянтыда”. Госьцем перадачы – літаратуразнавец Пятро Васючэнка.
“Палітычная геаграфія”. (паўтор перадачы 4 ліпеня)
Вёска Вялікі Бор – самая вялікая ў Хойніцкім раёне. Яе жыхары называюць сябе вялікаборцамі або вялікімі барцамі, а гісторыя і жыцьцё не спыняюцца выпрабоўваць іх на трываласьць. Тут дагэтуль старыя, што вайною ўцяклі ў лес, спрачаюцца з тымі, каго на прымусовыя работы вывезьлі ў Нямеччыну і хто сёньня атрымлівае кампэнсацыю ў дойчмарках. Тут зьмірыліся з Чарнобыльскай радыяцыяй і зноў сталі верыць, што ўраджай на палёх залежыць не ад улады, а ад русалкі, якой у гэтую нядзелю будуць сплятаць вянкі і сьпяваць песьні. Тут шануюць цэлую кагорту сваіх землякоў-пісьменьнікаў і адзін за адным адкрываюць іхныя музэі... У перадачы цыклю "Палітычная геаграфія" Тацяна Сапач распавядае пра вялікаборцаў – вялікіх барцоў і вялікіх жыцьцялюбаў.