Раней у гэты дзень у сталіцы адзначалася Сьвята гораду. У першыя гады пасьля аднаўленьня незалежнасьці Беларусі гэтае сьвята адзначаўся 27-га ліпеня – у гэты дзень у 1990 Вярхоўны Савет 12-га скліканьня прыняў Дэклярацыю пра сувэрэнітэт краіны. Ну й дадам, што дэмакратычныя сілы, беларусы замежжа сьвяткуюць Дзень незалежнасьці 25-га сакавіка – у дзень абвяшчэньня ў 1918 годзе Беларускай Народнай Рэспублікі.
Ці ў суседніх зь Беларусьсю краінах існуе падобная сытуацыя, калі Сьвята незалежнасьці зьвязанае з вызваленьнем ад захопнікаў ці іншымі вайсковымі дзеяньнямі?
Дзень незалежнасьці ў краінах Эўропы зьвязаны перадусім з прыняцьцём Дэклярацыяў пра незалежнасьць. У суседніх краінах, падобна як і ў Беларусі, гэтыя дні сягаюць у 1918 год.
Слаўныя ваенныя даты ці важныя даты, зьвязаныя з вайной – як, напрыклад, растрэлы гета, - шануюцца і адзначаюцца, аднак яны, як правіла, ня ёсьць дзяржаўнымі. У Баўгарыі і Сэрбіі вялікімі сьвятамі зьяўляюцца гістарычныя даты перамогі над туркамі.
У Польшчы зараз два сьвяты раўнацэнна важныя і зьвязваюцца зь незалежнасьцю – гэта 11 лістапада 1918 году, дзень абвяшчэньня незалежнасьці Польшчы, і другі, уведзены больш як 10 гадоў таму на ініцыятыву Салідарнасьці – 15 жніўня. “Цуд пад Варшавай” называецца гэтае сьвята, якое пайшло ад перамогі польскіх войскаў над бальшавіцкімі, кіраванымі маршалам Тухачэўскім. Натуральна, што даты перамогі над гітлераўскімі войскамі таксама ў палякаў адзначаюцца – 25 студзеня ў Варшаве, у Кракаве, але гэта падзеі, сьвяткаваныя ня ўсёй краінай,а лякальна. Агульны Дзень перамогі ў Польшчы адзначаюць 9 траўня.
У Літве сьвята незалежнасьці зьвязанае з 1918 годам, калі ў лютым Рада Народу прыняла дэклярацыю пра незалежнасьць. Нейкіх вялікіх сьвятаў, зьвязаных зь менавіта вайсковымі дзеяньнямі ў другой усясьветнай вайне, няма.
Дзень незалежнасьці Чэхіі ўзьнік як дзень незалежнасьці чэхаславацкай рэспублікі 28 кастрычніка 1918 году пасьля заканчэньня першай усясьветнай вайны. Ад таго часу гэта – дзяржаўнае сьвята. Адначасова гэта й дзень стварэньня першай самастойнай чэхаславацкай рэспублікі.
Што да сьвятаў, зьвязаных з другой усясьветнай вайной – 8 траўня сьвяткуецца як дзень перамогі над фашыстамі, гэта дзень вызваленьня Прагі. І яшчэ адзначу, што парадаў ваеннай тэхнікі з нагоды ваеннага сьвята ў Празе няма.
Затое ваенная сіла дэманструецца ў суседняй Украіне. 24 жніўня ў Дзень незалежнасьці адбываецца ваенны парад у Кіеве, з гелікоптэрамі і танкамі.
У Расеі дзяржаўнае сьвята незалежнасьці 12 чэрвеня, а 9 траўня адзначаецца Дзень перамогі. Сьвятаў, зьвязаных з вызваленьнем нейкага гораду ці бітвай за нейкі горад, напрыклад, Сталінград, няма.
У Заходняй Эўропе сьвяткуецца 8-га траўня – дзень Вызваленьня. А ў Нямеччыне галоўнае дзяржаўнае сьвята – гэта дзень узьяднаньня, які адзначаецца напачатку кастрычніка.