Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВА ЎЧОРАШНЯЙ АВІЯКАТАСТРОФЕ ЗАГІНУЛА БЕЛАРУСКАЯ СЯМ’Я


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Сёньня міністар замежных справаў Міхаіл Хвастоў пацьвердзіў, што ў самалёце, які разьбіўся ўчора ўначы над Нямеччынай, ляцелі чацьвёра грамадзянаў Беларусі. Аднак міністар не назваў прозьвішчы ахвяраў катастрофы.

Паводле зьвестак зь беларускіх крыніцаў, сярод пасажыраў Ту-154, які пацярпеў катастрофу, была сям’я прадпрымальніка зь Берасьця Алега Шыдлоўскага — ён сам, жонка і дзьве дачкі. Аднак у сьпісе пасажыраў, які падае служба даведкі маскоўскага аэрапорту “Дамадзедава”, прозьвішчы берасьцейцаў гучаць як Шыслоўскія. Ня выключана, што гэта памылка пры афармленьні дакумэнтаў. Афіцыйна паведамляецца, што прозьвішчы ўсіх ахвяраў авіякатастрофы яшчэ ўдакладняюцца.

Дакладна вядома, што беларусы селі ў башкірскі самалёт у Маскве, у аэрапорце Дамадзедава, дзе самалёт спыняўся для дазапраўкі. Гэта быў чартэрны рэйс, які не пазначаны ў раскладзе. Практыка карыстаньня падобнымі “спадарожнымі” самалётамі вельмі распаўсюджаная сярод турыстаў, у тым ліку зь Беларусі. Паводле адмыслоўцаў, за сэзон толькі ў Гішпанію гэтак лётаюць да 3 тысяч грамадзянаў Беларусі.

Вось і сям’я прадпрымальніка зь Берасьця, маючы на руках турыстычныя пуцёўкі ў Гішпанію, вырашыла не ляцець ў Барсэлёну зь Менску, а скарыстацца чартэрам з Масквы. Пры сярэднім кошце авіяквітка 300 даляраў, гэта дае эканомію прыблізна на 100 даляраў, хаця зь Менску Барсэлёна амаль на тысячу кілямэтраў бліжэй. Чаму гэтак адбываецца, патлумачыў мне адмыслоўца ў турыстычным бізнэсе Сяргей Плыткевіч:

(Плыткевіч: ) “У нас толькі адна авіякампанія — “Белавія”, і яна манапаліст. Яна можа ўсталяваць любыя кошты на квіткі, і людзі будуць вымушаныя плаціць. Зусім іншае становішча ў Расеі, дзе шмат авіякампаніяў, шмат турфірмаў, ідзе канкурэнтная барацьба за турыста, і таму кошты там значна ніжэйшыя”.

На жаль, для сям’і берасьцейскага прадпрымальніка гэтая эканомія, хутчэй за ўсё, скончылася трагедыяй. Праўда, сьцьвярджаць, што чацьвёра грамадзянаў Беларусі загінулі, можна толькі пасьля таго, як будуць знойдзеныя і апазнаныя іхныя целы. Паводле крыніцаў, у Нямеччыну для апазнаньня ўжо выляцеў знаёмы берасьцейскага прадпрымальніка.

Паводле расейскага ўраду, сваякі загінулых расейскіх грамадзянаў атрымаюць па 35 тысяч рублёў адначасовай дапамогі. Афіцыйных зьвестак пра грашовую дапамогу сваякам беларускіх грамадзянаў, якія сталі ахвярамі авіякатастрофы, пакуль няма.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG