Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ БУДУЦЬ БЕЛАРУСКІЯ СПЭЦЫЯЛІСТЫ БУДАВАЦЬ ІРАНСКУЮ АЭС?


Алесь Грыневіч, Менск

Удзел у будаўніцтве атамнай электрастанцыі ў Бушэры, што на поўдні Ірану — адзін з найбольш прыбытковых кантрактаў апошніх гадоў для расейскіх спэцыялістаў. Кошт будоўлі ацэньваецца на 800 мільёнаў даляраў. Але гэты праект выклікае вялікую заклапочанасьць кіраўніцтва ЗША. Яно лічыць, што ў выніку Іран жадае атрымаць ядзерную зброю. Прэзыдэнт ЗША Джордж Буш называў Іран краінай, якая падтрымлівае міжнародны тэрарызм, і часткай усясьветнай “восі зла”.

Злучаныя Штаты заклікаюць расейскае кіраўніцтва адмовіцца ад удзелу ў будоўлі. Гэтае пытаньне падымалася падчас візыту прэзыдэнта Буша ў Маскву ў траўні. Расейскі прэзыдэнт Уладзімер Пуцін тады казаў пра мірны характар праекту. Але, як піша Цэнтар геапалітычных дасьледаваньняў “Стратфар”, нягледзячы на публічныя заявы аб далейшым супрацоўніцтве з Іранам, Расея будзе паступова згортваць свой удзел у будоўлі. Рэч у тым, што ціск з боку ЗША занадта моцны, і расейскае кіраўніцтва ня можа яго ігнараваць.

Дасьледчыкі “Стратфару” лічаць, што прэзыдэнт Пуцін будзе па-ранейшаму публічна казаць пра жаданьне Расеі супрацоўнічаць з Іранам. Але ў той жа час Пуцін будзе патрабаваць больш сур’ёзнага кантролю над станцыяй у Бушэры і гарантыяў вяртаньня ў Расею адпрацаванага ядзернага паліва. Менавіта такое паліва можна ператварыць у плютоній, які можа ўжывацца ў ядзернай зброі. На сёньня Іран не дае такіх гарантыяў.

Акрамя таго, “Стратфар” прагназуе, што колькасьць расейскіх ядзерных інжынэраў і навукоўцаў на будоўлі будзе скарачацца да мінімуму. Са спасылкай на іранскіх дыпляматаў у Эўропе паведамляецца, што Іран распачаў сакрэтныя перамовы з краінамі, чые спэцыялісты маглі б замяніць расейскіх. Сярод гэтых краінаў называецца і Беларусь.

Беларускае кіраўніцтва мае актыўныя кантакты з Іранам. Пры канцы чэрвеня Беларусь наведвала дэлегацыя іранскага парлямэнту на чале са сьпікерам Мэхды Кярубі. Яна рыхтавала будучы візыт у Беларусь прэзыдэнта Ірану Мухамада Хатамі. Сярод сфэраў беларуска-іранскага супрацоўніцтва падчас візыту называлася і навукова-тэхнічная. Але ці мае Беларусь спэцыялістаў, якія маглі б узяць удзел у будаўніцтве атамнай электрастанцыі? Гаворыць супрацоўнік Акадэміі навук Беларусі Юры Хадыка:

(Хадыка: ) “У Беларусі практыкаў-будаўнікоў атамных электрастанцыяў, безумоўна, няма, таму што гэтую прафэсію трымала ў сваіх руках Масква. Зразумела, што ў нас ёсьць кваліфікаваныя фізыкі-ядзершчыкі, хаця ў сэнсе будаўніцтва атамных электрастанцыяў — у значнай ступені тэарэтыкі. Я думаю, што яны справіліся б з такой задачай, калі не лічыць таго, што гэта вельмі рызыкоўнае ў палітычным сэнсе мерапрыемства. Таму што будаўніцтва атамнай электрастанцыі, якая заўсёды мае падвойнае прызначэньне — мірнае і ваеннае — у краіне з такім рэжымам, які існуе ў Іране, гэта справа палітычна рызыкоўная”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG