Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БАРЫС НЯМЦОЎ: “ЛУКАШЭНКА МЯРКУЕ, ШТО Ў РАСЕІ ШМАТ КРЭТЫНАЎ”


Юры Дракахруст, Прага

(Дракахруст: ) “Сп-р Нямцоў, як праходзіла тая частка сустрэчы, што была прысьвечаная праблеме зніклых грамадзкіх дзеячаў у Беларусі, як рэагаваў Уладзімер Пуцін на адпаведны зварот пяцёх фракцыяў Дзярждумы?”

(Нямцоў: ) “Ён вельмі ўважліва выслухаў, сказаў, што гэта сур’ёзная праблема, што ён пра яе ведае, сказаў, што абавязкова будзе на гэтую тэму гаварыць з Лукашэнкам. Пры канцы сустрэчы, якая доўжылася больш за 4 гадзіны, ён сказаў: “Вельмі дрэнна, калі правая апазыцыя, – гледзячы на мяне, – альбо левая апазыцыя, – гледзячы на Зюганава – кудысьці зьнікае”. Мне здаецца, што вось гэтая апошняя заўвага вельмі сымбалічная.

Увогуле я мушу сказаць, што пазыцыя прэзыдэнта ў стасунку да Беларусі абсалютна дакладная, выразная, і я падтрымліваю яе на 100 адсоткаў. Я маю на ўвазе прэзыдэнта Пуціна, натуральна. Хаця мяне цяжка западозрыць у падлізьніцтве, але ў гэтай справе я падтрымліваю прэзыдэнта на 100 адсоткаў. Так, саюз патрэбны, так нам патрэбнае эканамічнае аб’яднаньне, безумоўна, геапалітычныя плюсы ёсьць для абедзьвюх краінаў. Але мы ня можам рабіць саюз крывадушным, і мы ня можам аб’ядноўваць дэмакратычную Расею з дыктатарскай Беларусьсю. Альбо, зусім коратка: саюз патрэбны, але без Лукашэнкі.

Далей, аб’яднаньне магчымае толькі паводле двух сцэнароў. Сцэнар №1: Беларусь уваходзіць у склад Расейскай Фэдэрацыі. Сцэнар, мяркуючы па ўсім, малапрымальны для Беларусі, але гэты сцэнар здымае ўсю шырму крывадушных размоваў і запэўніваньняў у любові і сяброўстве.

Другі сцэнар – гэта аб’яднаньне паводле ўзору Эўразьвязу, калі ёсьць парлямэнт саюзнай дзяржавы, гэты парлямэнт прымае законы ў пытаньнях супольнай кампэтэнцыі, але гэтыя законы пачынаюць дзейнічаць толькі тады, калі яны ратыфікаваныя як Дзяржаўнай Думай у Расеі, так і Вярхоўным Саветам у Беларусі.
Вось гэтая тэхналёгія канфэдэрацыі таксама дзеездольная і дазваляе выразна і ясна разьмежаваць кампэтэнцыю саюзу і краінаў, якія ў яго ўваходзяць”.

(Дракахруст: ) “А якой ў гэтай сытуацыі вам бачыцца пазыцыя афіцыйнага Менску, пазыцыя Аляксандра Лукашэнкі?”

(Нямцоў: ) Лукашэнка займае досыць цынічную пазыцыю што да гэтага: ён кажа, што галоўная задача – гэта яму, Лукашэнку, выйсьці на бяскрайнія прасторы Расеі. Мы яго сюды ня пусьцім, гэта я магу гарантаваць, няма яму тут што рабіць, у нас сваіх такіх хапае. Я магу толькі паспачуваць беларускаму народу, што яны яго абралі. Але нам такіх падарункаў зь Менску ня трэба зусім. І гэта пазыцыя ня толькі Саюзу правых сілаў і Нямцова асабіста, а – я вас запэўніваю – гэта пазыцыя ўсіх разважлівых палітычных сілаў Расеі. Усіх без вынятку. Далей, я думаю, што ў яго будуць праблемы, калі ён і надалей будзе замоўчваць гэтую справу зьнікненьняў палітыкаў, журналістаў, бізнэсмэнаў. Чамусьці калі здарылася трагедыя з Гангадзэ, увесь сьвет, улучна з Расеяй, гэтай тэмай цікавіўся, і вельмі моцны ціск рабіўся на прэзыдэнта Кучму, каб ён гэтую справу не замоўчваў. А ў Беларусі не адна такая справа, іх шмат, і чаму мы павінны чакаць, пакуль Дзярждэпартамэнт ЗША, Рада Эўропы, канцлер Шродэр ці прэзыдэнт Шырак будуць ціснуць на Лукашэнку. Расея зацікаўленая ў тым, каб у Беларусі была дэмакратыя, у большай ступені, чымсці іншыя краіны. Мы ж хочам аб’ядноўвацца. Яны ж не зьбіраюцца. Таму я лічу, што пазыцыя, якую зараз заняло кіраўніцтва Расеі, абсалютна правільная і адпавядае інтарэсам і Расеі, і Беларусі, і мы і далей будзем настойваць на тым, каб гэтыя жудасныя нераскрытыя цёмныя справы, каб яны ўсё-ткі зрушыліся”.

(Дракахруст: ) “Маё наступнае пытаньне тычыцца, так бы мовіць, палітычнай кухні. СПС і “Яблык” заўсёды адгукаліся на звароты зь Беларусі наконт справаў зьніклых. Аднак і “Адзінства”, і ОВР, і Крэмль захоўвалі маўчаньне. Але зараз і гэтыя фракцыі, і прэзыдэнт раптам праявілі занепакоенасьць гэтай праблемаю. Чаму?”

(Нямцоў: ) “Я лічу, што гэта знакавая падзея, і тое, што кіраўнік фракцыі “Адзінства” Ўладзімер Пехцін браў удзел у сустрэчы, і тое, што кіраўнік фракцыі “Айчына” Валодзін сустракаўся з жонкамі беларускіх палітыкаў і бізнэсмэнаў. Я лічу, што і такая ўвага Крмаля да гэтай праблемы – вельмі добры знак. Чаму? Таму што вось гэтая крывадушная істэрыка пра любоў і сяброўства сыходзіць у мінулае, і зараз нас цікавіць толькі зьмястоўны, рэалістычны і прагматычны падыход. Я думаю, што гэтая палітыка, якую, на маю думку, слушна праводзіць прэзыдэнт Пуцін у стасунку да Беларусі, гэтая палітыка адпавядае нацыянальным інтарэсам як беларускага боку, так і расейскага боку.

Рэч у тым, што Пуцін ня мае цяжару адказнасьці за Белавескія пагадненьні, ён ня мае цяжару адказнасьці за тыя незьлічоныя пацалункі і абдымкі, якія мы цягам апошніх дзесяці гадоў бачылі і ў тэлевізіі, і на свае вочы. Ён мае задачу: абараніць інтарэсы Расеі і зрабіць усё так, каб ні беларускі бок, ні расейскі не пацярпеў у выніку ўсіх гэтых аб’яднаньняў. І ён, на мой погляд прытрымліваецца вось гэтага прагматычнага пункту гледжаньня. Рэч у тым, што Лукашэнка – гэта ж мінулае. Гэта ж мінулае, ён усё думае, што можна як зь Ельцыным, ведаеце – што можна пацалавацца, абняцца, падняць келіхі, за любоў і сяброўства выпіць, а пасьля рабіць усялякія паскудзтвы ў стасунку да Расеі, што ён увесь час і робіць. Ён жа не пускае расейскі бізнэс у Беларусь дагэтуль. Вось гэтая абуральная скандальная гісторыя з “Балтыкай” – гэта, вы думаеце, выпадковасьць? Гэта абсалютная заканамернасьць. Яму ня трэба ніякага аб’яднаньня, яму трэба нейкім чынам уплываць на палітычнае жыцьцё ў Расеі, а яшчэ лепей, паспрабаваць Расею пад сябе падмяць. Ён мяркуе, што ў Расеі шмат крэтынаў. Яны ёсьць, але ва ўладзе іх усё меней і меней. І ўсе ўжо даўно зразумелі: шанцаў у яго няма. Я спадзяюся, што і ў Беларусі ў яго рана ці позна ніякіх шанцаў ня будзе. А ўжо ў Расеі ён можа адпачываць. Шанцаў ніякіх”.

(Дракахруст: ) “Пуцін у размове з лідэрамі фракцыяў выказаў занепакоенасьць сытуацыяй са зьніклымі ў Беларусі. Аднак што можа і што будзе рабіць Расея ў гэтай справе? Я прыгадваю, як у 1997 годзе, у разгар справы Шарамета, вы, тады першы віцэ-прэм’ер Расеі, прыгразілі, што адключыце газ Беларусі…”

(Нямцоў: ) “…так, і дарэчы, Шарамета адразу выпусьцілі”.

(Дракахруст: ) “Дык што зараз можа і будзе рабіць Расея?”

(Нямцоў: ) “Ну, па-першае, я ўжо ня віцэ-прэм’ер і не магу адключыць газ, як вы здагадваецеся. Я думаю так: ёсьць пагадненьне, – хоць яно толькі на паперы, як і практычна ўсе нашыя пагадненьні зь Беларусьсю, – пагадненьне паміж КГБ і ФСБ Расеі, ёсьць пагадненьні паміж міністэрствамі ўнутраных справаў дзьвюх краінаў, у рамках гэтых пагадненьняў магчымае стварэньне сумеснай групы ў справе расьследаваньня. Натуральна, калі будзе добрая воля Лукашэнкі. Для Лукашэнкі, між іншым, было б добра, калі б зь яго зьнялі падазрэньні, якія відавочна лунаюць у паветры. Відавочна, было б добра для Лукашэнкі, калі б пасьля звароту нашага прэзыдэнта ён бы адрэагаваў ня так, што гэта, маўляў, нашая справа і мы нікога сюды ня пусьцім, а каб ён адкрыта сказаў: так, добра, давайце супольнымі намаганьнямі шукаць таго, хто гэта ўсё зрабіў. Гэта было б цудоўна. Але зь іншага боку, у ягоных руках усе магчымасьці. Вы ж ведаеце, што ён зрабіў з чалавекам, які дагэтуль КГБ узначальваў? Ці ня ведаеце?”

(Дракахруст: ) “Вы маеце на ўвазе Мацкевіча? ”

(Нямцоў: ) “Ён яго звольніў. Да пабачэньня. Я думаю, што ён зробіць максымум магчымага, каб гэтага расьсьледаваньня не адбылося. Ён прыкладзе максымум намаганьняў дзеля гэтага, пад любой адгаворкай. Справа такая, ведаеце. Сур’ёзная”.

(Дракахруст: ) Сп-р Нямцоў, Вы казалі, што ў свой час і Расея дэманстравала занепакоенасьць у справе зьніклага украінскага журналіста Гангадзэ. Але мне здаецца, што тады на афіцыйным ўзроўні ніякіх парокаў і патрабаваньняў на адрас Кіева не гучала…”

(Нямцоў: ) “…на крамлёўскім не гучала, а на ўзроўні Саюзу правых сілаў яшчэ як гучала”.

(Дракахруст: ) “Але чаму зараз рэакцыя менавіта афіцыйнай Масквы на беларускія справы зніклых – зусім адрозная ад той, што была на справу Гангадзэ?”

(Нямцоў: ) “Рэч у тым, што Ўкраіна і Расея не знаходзяцца на такой стадыі палітычнага абмеркаваньня саюзнай дзяржавы, як Беларусь і Расея. Мы павінны зразумець, з кім мы аб’ядноўваемся. Мы павінны зрабіць усё, каб Расея не пацярпела ад гэтага аб’яднаньня. І ня толькі ў пляне эканамічным і геапалітычным, тут відавочныя плюсы, але і ў пляне грамадзянскіх свабодаў. Вось зараз скажы Расеі – аб’ядноўвайцеся з Паўночнай Карэяй. Вы думаеце, шмат ахвотных будзе? Я думаю, мала. Нават левыя будуць пярэчыць. Таму я думаю, што больш уважлівае стаўленьне да праблемаў, якія ёсьць у Беларусі, прадыктаванае менавіта тым, што стасункі паміж нашымі краінамі, магчыма, будуць нашмат больш блізкімі, чымся зараз. Прычым не на словах, а на справе”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG