Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІЯ АВІЯТАРЫ ЎВАЖЛІВА РАЗГЛЕДЗЯЦЬ ПРЫЧЫНЫ АВІЯКАТАСТРОФЫ Ў НЕБЕ НАД НЯМЕЧЧЫНАЙ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Дзяржаўная кампанія “Белавія”, адзіны пасажырскі авіяперавозчык у Беларусі, на міжнародных рэйсах карыстаецца ў асноўным самалётамі Ту-154. Тымі самымі, да якіх сёньня зноў прыцягнутая ўвага ў сувязі з авіякатастрофай у небе над Нямеччынай.

Афіцыйна заяўлена, што пакуль няма зьвестак, па віне якога самалёта — расейскага Ту-154 ці амэрыканскага “Боінг-757”, адбылося сутыкненьне, аднак адмыслоўцы зноў загаварылі пра недахопы ў канструкцыі расейскага ляйнэра ды пра магчымыя хібы ў падрыхтоўцы экіпажу з Уфы.

У прыватнасьці, адзначаецца, што прычынай катастрофы магло стаць непаразуменьне між расейскімі лётчыкамі й швайцарскімі дыспэчарамі, якія давалі каманды самалёту з Уфы. Ужо абнародаваныя зьвесткі, паводле якіх расейскі самалёт са спазьненьнем выканаў загад дыспэчара пра зьмену вышыні палёту, што магло прывесьці да сутыкненьня. Але ці магчыма, каб лётчык міжнароднай клясы не зразумеў загад дыспэчара, які даецца па-ангельску? — з гэтым пытаньнем я зьвярнуўся да вядомага дасьледчыка авіяцыйных праблемаў журналіста Мікалая Ініна, які больш за 20 гадоў быў зьвязаны з авіяцыяй.

(Інін: ) “Гэта ўсё моўны бар’ер. Такія выпадкі даволі частыя для лётчыкаў з краінаў трэцяга сьвету, бо яны добра ангельскай мовай не валодаюць, а ведаюць толькі ў межах падрыхтаваных сытуацыяў. Камандзір ляйнэра мог быць вельмі дасьведчаным пілётам, але, прыкладам, у той момант даручыў весьці размовы зь зямлёй радысту ці другому пілёту, а той нечага не пачуў — вось і трагедыя. Такое здараецца”.

Паводле ягонай ацэнкі, у беларускіх авіятараў збольшага добрая моўная падрыхтоўка, аднак лічаныя лётчыкі лётаюць за мяжу столькі, каб сапраўды лічыцца адмыслоўцамі найвышэйшага ўзроўню.

За дзесяцігодзьдзе існаваньня “Белавія” як незалежнай кампаніі яе самалёты не траплялі ў катастрофы з чалавечымі ахвярамі. Паводле адмыслоўцаў, гэта ёсьць вынікам пільнай увагі да тэхнічнага стану самалётаў і пілётнай падрыхтоўкі. Кіраўнік аддзелу бясьпекі паётаў Дзяржкамітэту авіяцыі Ўладзімер Нагулевіч кажа, што з катастрофы над Нямеччынай будзе атрыманы пэўны ўрок.

(Нагулевіч: ) “Да нас абавязкова трапяць дакумэнты пасьля гэтай аварыі, і мы іх усе вывучым. Падобныя выпадкі заўсёды вывучаюцца паводле пагадненьняў з краінамі СНД і эўрапейскімі краінамі. Мы ў гэтым зацікаўленыя, каб у нас такога не адбывалася”.

Дарэчы, Уладзімер Нагулевіч высока ацэньвае узровень валоданьня ангельскай мовай беларускімі лётчыкамі, якія дапушчаныя да міжнародных рэйсаў.

(Нагулевіч: ) “Хто не валодае ангельскай мовай, нават ня трапіць у набор на выкананьне міжнародных рэйсаў. У навучальным цэнтры ўсе атрымліваюць неабходную падрыхтоўку, веды ацэньваюць найлепшыя адмыслоўцы. Да таго ж кожныя два гады ўсе праходзяць перападрыхтоўку, пераздаюць, у тым ліку мову”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG