Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСЬ ЗНАХОДЗІЦЦА Ў ЭПІЦЭНТРЫ ПАРАНАРМАЛЬНЫХ ЗЬЯВАЎ


Ігар Карней, Менск

Першая згадка пра незвычайны кантакт у Беларусі датаваная чэрвенем 1937 году, калі 7-гадовая Людміла Чэпік з Чашнікаў распавяла адмысловай напаўвайсковай камісіі пра незвычайную істоту, якая спусьцілася зь неба без парашута. Апісаньне прышэльца збольшага паўтарае тыповыя рысы іншаплянэтніка, толькі гэтым разам чалавечак быў не зялёны, а чырванаскуры. Пасьля ўзаемнага хвіліннага вывучэньня госьць імкліва сігануў угару, дзе згарнуўся клубком і зьнік.

У сваіх пазьнейшых успамінах Людміла Чэпік казала, што паверыла тады ёй толькі маці, якая ўзьнёсла вымавіла: “Ты шчасьлівая, бо бачыла Божаньку!” Ад тае пары сьведчаньняў пра кантакты беларусаў з гуманоідамі няма. Затое мноства гісторыяў пра палёты талерак, дыскаў, сьветлавыя слупы.

Прычым пік анамаліяў прыйшоўся на 2000 год, калі ў небе над Магілёвам і Гомелем дзясяткі людзей назіралі незвычайнае сьвячэньне ў выглядзе вялізных сьветлавых слупоў. Дагэтуль месцам пастаяннай “прапіскі” НЛА ў Беларусі лічылася вайсковая станцыя сачэньня ў Вялейцы (тут пэрыядычна назіралі дыскі) і некалькі вёсак Пінскага раёну, якія наведваюць вогненныя шары.

Апошняя згадка пра сустрэчу з НЛА (гэтым разам — зь пяцьцю сьветлавымі сфэрамі, што на нізкай вышыні ляцелі праз ускраіну Мазыру) датуецца 25 верасьнем мінулага году. Зрэшты, навукоўцы рэагуюць на падобныя гісторыі зь вялікай доляй скептыцызму і спасылаюцца на буйную фантазію кантактэраў. Вось што кажа кандыдат фізыка-матэматычных навук Ігар Сташкевіч:

(Сташкевіч: ) “У бальшыні выпадкаў гэта тлумачыцца звычайнымі фізычнымі працэсамі. Па тых здымках, па тых відэастужках, што існуюць, нічога іншага сказаць немагчыма. Цалкам верагодна, што гэта частка вайсковых экспэрымэнтаў, неабвешчаныя пускі ракетаў (дарэчы, усе сьветлавыя слупы тлумачацца менавіта гэтым). Перакананы, што гэта ці рукатворныя, ці прыродныя зьявы”.

(Карэспандэнт: ) “Але ж сусьвет такі вялікі, што наіўна думаць, нібы мы ў гэтай бясконцай прасторы адны?”

(Сташкевіч сьмяецца: ) “Расейцы нядаўна зрабілі выснову, што амэрыканцы даўно вывучаюць прышэльцаў і на падставе атрыманых ведаў зрабілі зброю лепшую за расейскую. Прычым, падаецца гэта ўсур’ёз”.

У падобнага меркаваньня вялікая колькасьць апанэнтаў. Адзін зь іх — менскі праграміст Сяргей Басін, які вядзе трывалае ліставаньне з уфолягамі па ўсім сьвеце.

(Басін: ) “Сьвет занадта вялікі, каб лічыць усё гэта лухтой. Я ведаю, што гэта ёсьць, але далей чалавек зрабіць нічога ня можа. Ёсьць і ёсьць, нічога ня зьменіш, застаецца толькі прымаць як пэўнае”.

Самая вядомая на цяперашні момант жанчына-альпіністка Ірына Велянкова ўпершыню сустрэлася з анамальнымі зьявамі ў Тыбэце, у часе ўзыходжаньня на васьмітысячнік Канчынджанга.

(Велянкова: ) “Хто вызнае вучэньне Рэрыхаў, ведае, што менавіта тут павінен быць патаемны ўваход у краіну Шамбалу, дзе адбываецца сілкаваньне касьмічнай энэргіяй. Была поўня, вельмі яснае неба. Раптам пачалося незвычайнае сьвячэньне, сьвет разыходзіўся па небе хвалямі. Што гэта было? Нідзе і нічога падобнага я больш ня бачыла. Праз год я праходзіла курс рэабілітацыі ў Прыэльбрусьсі. Вось тут было сапраўднае прыцягненьне энэргетыкі. Літаральна ўсе бачылі сьвячэньне ў выглядзе дыскаў, яны віселі над вяршынямі. Гэта не было зьвязана зь перасоўваньнем спадарожнікаў ці самалётаў. Асабліва шмат іх было ў раёне Тырнаў, дзе вядзе распрацоўкі малібдэнавы камбінат. Сапраўдны шквал НЛА. Але я так зразумела, што мясцовыя да гэтага нават прызвычаіліся, для іх гэта стала шараговай зьявай — прынамсі за год, калі ўсё адбывалася ў гэтым месцы”.

Паводле апошніх зьвестак міжнароднай Асацыяцыі ўфолягаў, Беларусь знаходзіцца ў зоне зь сярэдняй актыўнасьцю наведваньня НЛА. Але, каб узрушыць фантазію ахвотных уступіць у міжплянэтны кантакт, дастаткова і гэтага.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG