Грошай няма ня толькі на фарбу, каб “паднавіць” лаўкі ў глядацкай залі. Галоўнай праблемай сталіся наступствы леташняй пасьпешлівай рэканструкцыі, калі ў Віцебску рыхтаваліся сустрэць ды ўразіць Аляксандра Лукашэнку.
Да прыкладу, абсталяваньне сцэны, падоранае “Славянскаму базару” напярэдадні леташняга фэстывалю Аляксандрам Лукашэнкам асабіста, было змантажаванае тады са сьвядомым парушэньнем праекту: замест меднага быў пракладзены таньнейшы алюмініевы кабэль. Як паведаміў загадчык філіялу гарадзкога Цэнтру культуры Анатоль Васенда, усе спадзяваліся выправіць гэта сёлета, але цяпер гэта цалкам немагчыма з-за браку сродкаў.
Яшчэ адзін прыклад: будуючы так званую “прэзыдэнцкую ложу”, праектоўцы не падумалі, што парушаюць вэнтыляцыю ў адмысловай кавярні для ўдзельнікаў фэстывалю. Таму сёлета, каб пазьбегнуць скразьнякаў, вэранду ў кавярні вырашана было зашкліць. Але грошай на гэта ізноў-такі няма.
Нарэшце, узгадалася, што над сцэнай працякае дах, да якога летась, у юбілейны фэстывальны год, проста, як кажуць, “не дайшлі рукі”.
Сёлетні фэстываль у Віцебску пройдзе ўжо ў адзінаццаты раз. Таму праблемы зь фінансаваньнем тут далёка ня новыя. І паколькі значная частка грошай мусіла прыйсьці зь бюджэту СНД, шмат хто ў Віцебску цяпер гаворыць пра тое, што грошы не паступаюць з-за неадпаведнасьці поглядаў Уладзімера Пуціна ды Аляксандра Лукашэнкі на расейска-беларускія дачыненьні.
Тым часам віцябляне ахвотна бяруць білеты на фэстывальныя канцэрты, дапамагаючы дырэкцыі разьлічыцца з запрошанымі артыстамі: 40% ад усёй колькасьці білетаў ужо раскупленыя, нягледзячы на даволі салідныя цэны. Так, найбольшым попытам карыстаюцца білеты на канцэрт расейскага артыста Барыса Маісеева, якія каштуюць ад 15 да 30 тысяч беларускіх рублёў. “Другое месца” па запатрабаванасьці білетаў займае галя-канцэрт зорак беларускай эстрады, куды можна патрапіць за 10 тысяч рублёў.
А вось самыя непапулярныя канцэрты — гэта канцэрт эстрадных зорак Украіны ды конкурсныя выступленьні маладых выканаўцаў, дзеля якіх, уласна кажучы, “Славянскі базар” некалі й ствараўся. Не нашмат больш гледачоў завабілі пакуль што і ўрачыстыя цырымоніі адкрыцьця ды закрыцьця фэстывалю. Білеты на гэтыя імпрэзы самыя дарагія — ад 25 да 45 тысяч беларускіх рублёў, хаця яшчэ дакладна невядома, ці будзе выступаць на іх галоўная беларуская “зорка” — Аляксандар Лукашэнка.