Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦАРКОЎНАЯ МУЗЫКА


Кастусь Бандарук, Прага

У адным з папярэдніх выпускаў мы перадавалі гутарку са шматгадовым арганізатарам Фэстывалю Царкоўнай Музыкі ў Гайнаўцы – Міколам Бушкам. Сёньня пра царкоўную музыку наагул, пра ейнае разьвіцьцё, выключнасьць і каштоўнасьць, а таксама пра беларускія элемэнты ў ёй гавораць загадчык аддзелу музыкі фонду Францыска Скарыны Брытанскай Нацыянальнай Бібліятэкі ў Лёндане, знаўца беларускай музыкі, француз зь Лёндану Гай дэ Пікарда, а таксама дырыгенткі беларускіх хораў: дырыгентка гарадзенскага “Дойлідзтва” Натальля Бульцэвіч і дырыгентка менскага хору “Чысты Голас” Людміла Чысьцякова.

Першае, што пачуе чалавек, які выпадкова зойдзе ў храм, гэта сьпеў, або музыка. У каталіцкім храме ён можа пачуць велічныя гукі аргану, а ў праваслаўным – расчульваючы шматгалосны сьпеў. Як піша знаўца старажытнай музыкі праф. Усьпенскі, “пышнасьць і прыгажосьць візантыйскай багаслужбы былі, мабыць, вырашальным чыньнікам пры выбары афіцыйнай рэлігіі ў часы князя Ўладзімера. Ягоныя паслы заявілі, што “калі мы былі ў храме Сьвятой Сафіі, то ня ведалі, на небе мы ці на зямлі”.

Аднак ў параўнаньні зь візантыйскім сьпевам, нават у велічным храме і на некалькі хораў, тое, што мы зараз чуем у беларускіх храмах, прайшло даўгую эвалюцыю. Вось што сказаў на гэты конт музыколяг Гай дэ Пікарда:

(Пікарда: ) “Гісторыя беларускай царкоўнай музыкі пачалася ў 11-м стагодзьдзі. Грэцкая музыка прыйшла з Канстантынопаля, але сярод сьпевакоў, якія прыяжджалі разам зь місіянэрамі, былі апроч грэкаў таксама баўгары і сэрбы. Жывучы сярод мясцовага насельніцтва, яны пераймалі і адаптавалі таксама народныя песьні. І мы бачым, што паступова стары гэтак званы “знаменны расьпеў”, “крукавая” натацыя гукаў была замененая “кіеўскім”, або, інакш кажучы, “кіева-літоўскім расьпевам”. Там быў відавочны ўплыў фальклёрнай музыкі: украінскай, беларускай і пазьней, натуральна, расейскай.

Беларусы – талерантны народ. Яны ўсё зьмяшалі, адаптавалі “знаменны расьпеў”, узялі стараславянскія, беларускамоўныя, польскія песьні і гімны. Напрыклад, мэлёдыі гэтак званых “кантычкаў” пачалі гучаць ў часе багаслужбаў у выглядзе “Іжэ херувімы”. Беларускі кампазытар Мікола Равенскі пераняў беларускую народную песьню “Ты мой міленькі, голуб сівеньнкі” і паводле гэтай мэлёдыі напісаў “Алілуя, алілуя”.

(Бандарук: ) “Хрысьціянства шмат што пераняло са Старога Запавету. Вось Давід пісаў: “Хвалеце Бога пад трубны звук, хвалеце яго на псалтыры і гусьлях, з тымпанамі і карагодамі, хвалеце на струнах і жалейках” (Пс. 150). Пры ерусалімскім храме былі 4 тысячы левітаў, якія сьпявалі і гралі на інструмэнтах. Аднак ужо з раньнехрысьціянскіх часоў інструмэнты не ўжываліся ў часе багаслужбы. Апостал Павал рэкамэндаваў услаўляць Бога “псалмамі, гімнамі і песьнямі духоўнымі” (Эф. 5,19). Хрыстос таксама сьпяваў, ідучы з вучнямі на Аліўную Гару. Аўтарытэтныя Айцы Царквы, такія, як Клімэнт Аляксандрыйскі (ІV ст.), лічылі, што Бога трэба ўслаўляць найперш словам і сьпевам, а не старажытнымі трубамі, тымпанамі і флейтамі. Што дрэннага было б у тым, калі б і зараз у часе багаслужбы гучалі інструмэнты. З гэтым пытаньнем я зьвярнуўся да дырыгенткі гарадзенскага хору “Дойлідзтва” Натальлі Бульцэвіч”.

(Бульцэвіч: ) “Я лічу, тое, што праваслаўная царква аддае перавагу акапэльнаму сьпеву, дык у прафэсіяналаў ён лічыцца найвышэйшай ступеньню прафэсіяналізму. Сьпяваць пад акампанэмэнт значна прасьцей. Калі а-capella сьпявае добры хор, жывы голас найлепш выказвае ўсе нюансы чалавечага настрою, і ён напэўна глыбей пранікае ў чалавечыя душы. Такі сьпеў – гэта прывілей і здабытак праваслаўя. А што тычыцца вясковых хораў, дзе сьпяваюць ня надта ўдала, дык нічога. Музыка – гэта прыкладное мастацтва багаслужбы. Галоўнае – слова, і калі сьпяваюць ня надта ўдала, дык усё роўна зьвяртаюцца да Бога словам. Таму я ня ўпэўненая, ці мы наагул маем права ставіць гэтае пытаньне на разгляд”.

(Бандарук: ) “З другога боку, возьмем велічную, арганную музыку Ёгана Сэбаст’яна Баха, ягоныя фугі і прэлюдыі. Ёсіп Бродзкі пісаў: “у кожнай музыцы – Бах, а ў кожным з нас – Бог”. Бах – зьява ўнівэрсальная. Ён быў пратэстантам, але, паводле ігумена Іларыёна з РПЦ, Баха можна назваць “праваслаўным кампазытарам” у тым сэнсе, што ён цягам усяго свайго жыцьця вучыўся правільна ўслаўляць Бога сваёй музыкай. На ягоных партытурах ёсьць напісы: “Soli Deo gloria” – “Аднаму Богу слава”, або “Jusu, juva” – “Ісусе, дапамажы”. Няўжо ягоная музыка менш малітоўная за вакал найлепшага хору?”

(Пікарда: ) “Па мойму, павінен быць балянс паміж інструмэнтальнай музыкай і галасамі. Нельга сказаць, што толькі сьпеў a-cappella або толькі інстумэнтальныя канцэрты – гэта адзіная прымальная форма царкоўнай музыкі. На Беларусі даўжэйшы час дамінаваў харавы сьпеў, аднак пачынаючы з эпохі Адраджэньня арган пачалі ўводзіць і ў каталіцкія, і ў праваслаўныя, а затым грэка-каталіцкія храмы. Вядома, што і да гэтага часу ў часе праваслаўных багаслужбаў ужываліся інструмэнты. Зьвесткі пра гэтае паходзяць ад грэцкіх сьвятароў, такіх, як Павал Лапскіс, якія працавалі на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага. Расейскі кампазытар Грэчанінаў таксама пісаў інструмэнтальную музыку. Ягонае “Госпадзе, памілуй” пад акампанэмэнт аргану выконваў у праваслаўным саборы ў Парыжы славуты бас Шаляпін. Але ў асноўным інструмэнты былі больш пашыраныя на Беларусі і Ўкраіне, чым у Расеі”.

(Бандарук: ) “Гэтак лічыць Гай дэ Пікарда зь Лёндану. Зь ягоных дасьледаваньняў вынікае, што ў сучаснай беларускай царкоўнай музыцы ёсьць нацыянальныя элемэнты. Яны напэўна ёсьць. З другога боку, хопіць паглядзець, чые кампазыцыі найчасьцей гучаць ў часе праваслаўных багаслужбаў. Гэта расейскія кампазытары: Сарці, Львоў, Бартнянскі, Архангельскі, Чэснакоў, Рахманінаў, Чайкоўскі, Алеманаў і мноства іншых. Няўжо няма беларускіх кампазытараў? Чаму толькі зрэдку гучаць беларускія творы? Выбар у многім залежыць ад рэгента, і таму з гэтым пытаньнем я зьвярнуўся да Натальлі Бульцэвіч”.

(Бульцэвіч: ) “Справа ў тым, што многія беларускія кампазытары, якія працавалі на царкоўнай лініі, даўгі час былі для нас невядомыя, закрытыя. Мы ня ведалі свайго. Аднак яны ёсьць. Калі пайшла тэндэнцыя на адраджэньне, мы ўзнавілі многія творы беларускіх кампазытараў, напісаныя ў Беларусі. Гэта, для прыкладу, Мікалай Бутома. На апошнім фэстывалі ў Гайнаўцы мы выконвалі ягоную кампазыцыю “Малітву занясу”. У нашай праграме ёсьць творы Куліковіча-Шчаглова “Херувімская”, “Міласьць Міру” і пасхальныя канцэрты. Ёсьць такі беларускі кампазытар Анцаў. Мы выконвалі ягонае “Достойно есть”. Сьпявалі таксама творы сучасных беларускіх кампазытараў. Адзін зь іх – Андрэй Бандарэнка, зараз сьвятар Барысаглебскай царквы ў Горадні 12-га стагодзьдзя. Ён ляўрэат дзяржаўнай прэміі і ў асноўным аўтар царкоўнай музыкі, складанай для выкананьня, але мы маем яе ў сваім рэпэртуары. Мы сьпяваем таксама творы яшчэ аднаго гарадзенскага сьвятара-Аляксандра Шашкова, а таксама іншага кампазытара Аляксандра Хадоскага. Мы зьбіраемся запісаць гэтыя сучасныя творы, пазнаёміць зь імі слухачоў ў Беларусі і за мяжою”.

(Бандарук: ) “Як кажа Натальля Бульцэвіч, хор пад ейным кіраўніцтвам ўсё ж спрабуе папулярызаваць творы беларускіх, царкоўных кампазытараў. Хор “Дойлідзтва” выступае і ў храмах, і ў канцэртных залях. Прынята лічыць, што царкоўная музыка павінна быць малітвай, тым духоўным, натхняльным кіслародам для веруючай душы. На адрас арганізатара гайнаўскага фэстывалю Міколы Бушка, аб чым мы згадвалі ў адной з папярэдніх перадачаў, з боку Царквы прагучаў папрок, што ягоная імпрэза занадта сьвецкая, а царкоўная музыка павінна гучаць у храме і што гэта адна з формаў багаслужбы. Спадарыня Бульцэвіч, што вы скажаце на гэты конт?”

(Бульцэвіч: ) “Мая думка такая, што, канечне, царкоўная музыка павінна гучэць перш за ўсё ў храме. Але ж і конкурсы, і фэстывалі праваслаўнай, сакральнай музыкі таксама вельмі важныя ў сэнсе адухаўленьня людзей, асабліва тых, якія яшчэ не прыйшлі да веры. Вось той касьцяк нашага хору, тыя, што сьпяваюць у ім ўжо 12 гадоў, гэта людзі, якія таксама прыйшлі да веры праз царкоўную музыку і кантакт з храмам. Таму пасьля і мы самі заняліся, так бы мовіць, адукацыйнай дзейнасьцю. Тую музыку, якую мы адкрылі для сябе, вырашылі данесьці да іншых людзей, пазнаёміць іх з каштоўнасьцямі і традыцыямі нашай Царквы і краіны. Мы пачалі выступаць з канцэртамі. Дарэчы, ужо ў 1990 годзе наш хор абраў назоў “Дойлідзтва”. Мы разумеем гэты назоў як фармаваньне чалавечых душаў, як дапамогу ў пазнаньні Бога шляхам музыкі, духоўнасьці і веры”.

(Бандарук: ) “Як высьветлілася, сапраўднае мастацтва – гэта болей, чым эстэтыка. Гэта ня проста забава, але ў некаторай ступені “пропаведзь”. Вось, што сказала Людміла Чысьцякова, дырыгентка сьвецкага менскага хору “Чысты голас”.

(Чысьцякова: ) “Наш калектыў выконвае клясыку і ў якасьці аднаго з накірункаў нашай дзейнасьці таксама рэлігійную мызыку. Да ўсіх сваіх музыкальных апрацовак сьпявакі з “Чыстага Голасу” ставяцца найперш з духоўнага пункту погляду. Для нас важна ня проста па-майстэрску выканаць твор, але сваім сьпевам мы хочам паўплываць на слухачоў. Мы лічым, што галоўнае – духоўнае адраджэньне Радзімы, выхаваньне моладзі, маральнае аздараўленьне грамадзтва. Гэта, хіба, галоўная задача ня толькі нашага хору, але самай нармальнай, любой прафэсійнай групы ў любой краіне”.

(Бандарук: ) “Музыка наагул лічыцца адной з найбольш натхняльных формаў мастацтва. У Бібліі гаворыцца, што калі цар Саўл буяніў, то прыдворныя выклікалі ў палац Давіда. Далікатныя і мэлядыйныя гукі ўтаймоўвалі шаленства Саўла. Моц музыкі заключаецца ў тым, што, абмінаючы розум, яна непасрэдна пранікае ў душу, у падсьвядомасьць і выклікае адпаведны настрой. Музыка Джузэпэ Вэрды, у прыватнасьці, незабыўная опэра “Набука” ў пэрыяд нацыянальнага прыніжэньня ўсяляла надзею у сэрцы італьянцаў. Многіх музыка прывяла да веры ў Бога. Аднак музыколяг Боціюс (Bothius – IV ст.) гаварыў, што “музыка – гэта частка нашай натуры. Яна здольная і зрабіць чалавека больш высокародным, і разбэсьціць”. “Гэта вялікая сіла як для дабра, гэтак і для зла”, – лічыць сучасны амэрыканскі вучоны Говард Гансэн. Як высьветлілася, сучасныя беларускія музыкі, ня толькі царкоўныя, добра разумеюць гэта”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG