Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УРАД НЯМЕЧЧЫНЫ ВЫКАЗАЎ ЗАКЛАПОЧАНАСЬЦЬ У ЗЬВЯЗКУ СА СТАНАМ ПРАВОЎ ЧАЛАВЕКА Ў БЕЛАРУСІ


Алена Панкратава, Прага

Размова ідзе пра надзвычай рэзкае стаўленьне нямецкага ўраду да сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, зь беларускімі СМІ і з праблемамі веравызнаньня ў Беларусі.

Мяркуючы паводле стылю, тону заявы, яна зроблена надзвычай рэзка для немцаў –сёньняшняя сытуацыя зь перасьледам іншадумцаў параўноваецца з пасьлясталінскім часам. У Беларусі больш прызвычаіліся да больш памяркоўных выказваньняў Бэрліну ў дачыненьні да Менску. Ці можна ў гэтым зьвязку меркаваць пра нейкую новую лінію ў замежнай палітыцы Бэрліну ў дачыненьні да беларускага кіраўніцтва альбо гэта хоць і рэзкая, але чарговая шэраговая заява?

Як мне падаецца, тут усё разам. Безумоўна, стаўленьне Бэрліну ў дачыненьні да палітыкі Лукашэнкі сёньня як ніколі крытычнае. Пра гэта адкрыта гавораць палітолягі, пішуць журналісты. Нямеччына, якая ў зьвязку з пашырэньнем Аб’яднанай Эўропы на Ўсход стала свайго роду галоўным мэдыятарам ва ўсталяваньні стасункаў паміж Эўразьвязам і Беларусьсю, глыбока расчараваная тым, што Лукашэнка ня выканаў сваіх пасьлявыбарных абяцаньняў, а таксама ягоным стаўленьнем да місіі АБСЭ – кіраваньне гэтай структурай традыцыйна лічылася прэрагатывай Нямеччыны. Вельмі істотны фактар у зьмене стаўленьня Бэрліну да Беларусі – сёньняшнія стасункі паміж Пуцінам і Лукашэнкам. Бэрлін разумее, што Беларусь ужо больш не знаходзіцца пад патранатам Расеі, а значыць, можна дазволіць сабе больш рэзкі стыль паводзінаў ў дачыненьні да Менску. Аднак праблема ў тым, што новая лінія Бэрліну ў дачыненьні да Менску пакуль выпрацоўваецца, абмяркоўваецца. Усё гэта, як кажуць самі немцы, робіцца ў вялікіх муках. Заява спадара Попэ – у кантэксьце гэтых зьменаў.

Спадар Попэ сьцьвярджае, што Лукашэнка хоча прымусіць усіх крытыкаў рэжыму замаўчаць, маючы на ўвазе беспрэцэдэнтнае прыцягненьне да крымінальнай адказнасьці журналістаў Пагоні Мажэйкі і Маркевіча, рэдактара газэты “Рабочы” Івашкевіча, а таксама і чарговую забарону на выданьне кнігаў Васіля Быкава. Спадар Попэ параўноўвае такое стаўленьне да журналістаў і літаратараў з тым, што адбывалася ў СССР у сталінскі і постсталінскі час. Дарэчы, тут трэба ўзгадаць, што спадар Герд Попэ паходзіць з былой ГДР, з гэтак званага грамадзянскага дысыдэнцкага руху, і яму лягчэй, чым тым жа заходнім немцам, рабіць падобныя паралелі. Дарэчы, спадар Попэ робіць досыць рэзкія заўвагі ў зьвязку з апошнім Законам адносна свабоды веравызнаньня, ухваленым палатай прадстаўнікоў. Ён выказваецца такім чынам, што ў пытаньнях дэмакратыі і правоў чалавека Беларусь застаецца далёка ззаду сваіх суседзяў у Эўропе, і гэта ёсьць бар’ерам для нармалізацыі стасункаў паміж Беларусьсю і Нямеччынай.

Заяву адказнага супрацоўніка ўраду Нямеччыны можна тлумачыць так – падзеі ў Беларусі як ніколі адсочваюцца ў Бэрліне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG