Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У БЕЛАРУСІ АДЗНАЧАЛІ ДЗЕНЬ МОЛАДЗІ


Ганна Соусь, Менск

За савецкім часам маладымі лічыліся да гэтак званага камсамольскага ўзросту — 28 гадоў. У незалежнай Беларусі, паводле прадстаўнікоў Дзяржаўнага Камітэту ў справах моладзі, пад катэгорыю моладзі падпадаюць хлопцы й дзяўчаты ад 16 да 31 гадоў.

Афіцыйна ў Беларусі зарэгістравана 132 моладзевыя й дзіцячыя арганізацыі й фонды. Уласна моладзевых арганізацыяў менш — 48, і толькі дваццаць зь іх афіцыйна маюць дзяржаўную падтрымку. Гэта Беларускі патрыятычны саюз моладзі, Беларускі саюз моладзі, Ліга добраахвотнай працы, піянэры, скаўты, гайды ды іншыя. Вышэйзгаданыя БПСМ і БСМ, бадай, найбольш за другіх карыстаюцца дапамогай дзяржавы. Цяпер ідзе працэс аб’яднаньня гэтых арганізацыяў дзеля, як сьцьвярджаецца, аднаўленьня структуры ў справе працы з моладзю ў мясцовых органах улады.

Што да моладзевых арганізацыяў, апазыцыйных цяперашняй уладзе, то большасьць зь іх не атрымлівае ніякай дапамогі ад дзяржавы, мае праблемы нават з рэгістрацыяй, як, прыкладам, Малады Фронт ці Задзіночаньне беларускіх студэнтаў. Вядучая спэцыялістка Дзяржаўнага Камітэту ў справах моладзі Ірына Каганец гаворыць пра перавагі афіцыйнага статусу арганізацыі.

(Каганец: ) “Рэгіструюцца моладзевыя арганізацыі выключна для таго, каб грошы зарабляць. Моладзевая арганізацыя на ўнёскі існаваць ня можа. У першую чаргу рэгіструюцца, каб адкрываць нейкія свае прадпрыемствы, каб дзяцей прыцягваць. Калі яны незарэгістраваныя, ім ня будзе дазволена ні палатачны лягер наладзіць, ні маштабную акцыю правесці. Рэгістравацца ў іхных інтарэсах. Потым ужо, калі яны пройдуць паводле ўсіх крытэраў, то ўвойдуць у Рэспубліканскі рэестар моладзевых арганізацыяў, якія карыстаюцца падтрымкай дзяржавы”.

Практычна ўсе моладзевыя арганізацыі, якім дапамагае дзяржава, месьцяцца ў прэстыжным будынку на Карла Маркса, 40 блізу Лукашэнкавай адміністрацыі. Паводле Ірыны Каганец, самай масавай зь іх цяпер зьяўляецца Беларуская рэспубліканская піянэрская арганізацыя. Нагадаю, што некалькі месяцаў таму Аляксандар Лукашэнка на адной са сваіх нарадаў загадаў аднавіць піянэрскую арганізацыю і зрабіць гэта, як ён выказаўся, “бязь фюрэрства”.

Як паведаміла Радыё Свабода каадынатарка Беларускай піянэрскай арганізацыі Зоя Куцавалава, цяпер у Беларусі больш за 240 тысяч піянэраў. Нагадаю, што яшчэ ў красавіку іх было 170 тысяч чалавек. У школах дзяцей актыўна агітавалі, а часам і прымушалі ўступаць у піянэры. Як і за савецкім часам, цяперашнія піянэры-актывісты маюць пэўныя льготы. Распавядае Зоя Куцавалава:

(Куцавалава: ) “Колькасьць павялічылася па Менску ў сьвятле апошніх падзеяў. Цяпер накіроўвалі актыў у “Орлёнок” у Туапсэ. Ладзім шэраг сваіх лягераў у абласьцях. Чакаем грошы на аздараўленьне. У “Зубраня” кожны месяц накіроўваем. У гэтую зьмену паехалі дзеці, якія перамаглі ў конкурсах з нагоды 80-годзьдзя піянэрскай арганізацыі “Чэснае піянэрскае”, “Піянэрская пошта”, “Піянэрскі гальштук у маёй сям’і”. Вось гэтыя дзеці цяпер адпачываюць у “Зубраня”.

Пакуль піянэрскія актывісты адпачываюць у “Зубраняці”, у 22 гарадах Беларусі пад эгідай Асамблеі дэмакратычных няўрадавых арганізацыяў ладзілася агульнанацыянальная моладзевая кампанія “Зробім лепш!”, прымеркаваная да Дня Моладзі. У ёй бралі ўдзел каля 50 моладзевых грамадзскіх арганізацыяў і ініцыятываў, як зарэгістраваных, так і незарэгістраваных.

Сябры Маладога Фронту, “Маладой грамады”, “Маладых сацыял-дэмакратаў”, “Задзіночаньня беларускіх студэнтаў” ды іншых арганізацыяў вырашалі канкрэтныя лякальныя праблемы — прыкладам, зрабілі дзіцячую пляцоўку, упарадкавалі парк, узялі пад сваю апеку дзіцячыя дамы й гэтак далей.

Але, як мяркуе прэсавы каардынатар моладзевай кампаніі “Зробім лепш!” Сяргей Сахараў, па вялікім рахунку, роля моладзевых арганізацыяў у грамадзтве й іхны ўплыў на яго пакуль невялікі.

(Сахараў: ) “Я не скажу, што незалежныя моладзевыя арганізацыі нейкім чынам адрозьніваюцца ад БПСМ па сфэрах уплыву. Я думаю, што цяпер праца БПСМ і тых жа самых прадзяржаўных і прадэмакратычных арганізацыяў, іх сфэры дзейнасьці будуць не аднолькавыя, але вельмі блізкія. Гэта — сацыяльныя (з гэтым трэба працаваць усім), пасьля — экалягічныя пытаньні, вялікую ўвагу трэба надаваць культурніцкаму напрамку”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG