Арганізатары абазначылі мэту гэтага круглага стала як спрыяньне больш цеснаму супрацоўніцтву дэмакратычных сілаў падчас мясцовых выбараў. Дзеля гэтага арганізатары спэцыяльна запрасілі ня толькі кіраўнікоў партыяў але й прадстаўнікоў рэгіянальных структураў.
Адразу пасьля пачатку дыскусіі на тэму правядзеньня ўладамі магчымага рэфэрэндуму высьветліліся розныя падыходы ўдзельнікаў стала да гэтай праблемы.
Лідэр АГП Анатоль Лябедзька казаў, што нягледзячы на апошнія рэзкія заявы Ўладзімера Пуціна, беларускія ўлады яшчэ не разьвіталіся з ідэяй правядзеньня рэфэрэндуму па пытаньні інтэграцыі і працягу прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў Лукашэнкі. Таму, маўляў, трэба думаць пра супрацьдзеяньне гэтым плянам. Людміла Гразнова, прадстаўнікі сацыял-дэмакратычнай “Народнай грамады” ды іншыя ўдзельнікі стала наадварот лічаць, што гэтае пытаньне менш актуальнае за праблему стварэньня апазыцыйнай перадвыбарчай кааліцыі.
На думку гэтых людзей, калі рэфэрэднум будзе такі абвешчаны, тады й будзем думаць, як яму супрацьдзейнічаць. Аднак і ў справе стварэньня перадвыбарчай кааліцыі сярод апазыцыі няма адзінства. Гаворыць лідэр БНФ Вінцук Вячорка:
(Вячорка: ) “Мы лічым, што ў нас такая кааліцыя ёсьць — яна называецца Каардынацыйная рада дэмакратычных сілаў. Палітычныя кааліцыя павінна ўключаць у сябе ня проста падзел акругаў, а выпрацоўку агульнага палітычнага пасланьня грамадзтву. У такой кааліцыі мы гатовыя працаваць”.
Прадстаўнікі БНФ выступаюць рэзка супраць прапановы лідэра “Народнай грамады” Міколы Статкевіча арыфмэтычна падзяліць акругі між кандыдатамі ад розных партыяў.
А вось меркаваньне кіраўніка АГП Анатоля Лябедзькі:
(Лябедзька: ) “Ёсьць некалькі магчымасьцяў: стварэньне кааліцыі ў маштабе краіны, стварэньне некалькіх палітычных блёкаў, стварэньне адзіных рэгіянальных кааліцыяў і арыфмэтычны падзел акругаў. Ідэальным варыянтам было б стварэньне адзінай агульнакраёвай кааліцыі. Але, відаць, гэта немагчыма, таму для нас найбольш прымальным ёсьць стварэньне кааліцыяў на ўзроўні рэгіёнаў”.
Прадстаўнікі амаль усіх партыяў сёньня казалі пра немагчымасьць стварэньня адзінага перадвыбарчага блёку (многія расчараваныя дзейнасьцю леташняй кааліцыі у падтрымку Ўладзімера Ганчарыка), але яны бачаць падставы дзеля перадвыбарчага супрацоўніцтва.
Гаворыць намесьнік старшыні ПКБ Алена Скрыган:
(Скрыган: ) “Перад мясцовымі выбарамі кааліцыя немагчымая, бо немагчыма аб’яднаць правых і левых на адной плятформе. Але магчымыя агульныя дзеяньні. І яны ў нас ужо былі на мінулых выбарах — гэта дзеяньні па арганізацыі выбарчых камісіяў, па вылучэньні туды сваіх людзей. Партыі павінныя падтрымаць адна адну ў гэтым выпадку. І таксама дзеяньні па назіраньні”.
У выніку ўдзельнікі круглага стала прынялі заяву, у якой пацьвярджаюць гатоўнасьць да перамоваў з уладамі ў справе правядзеньня дэмакратычных выбараў, заклікаюць міжнародную супольнасьць правесьці адмысловую канфэрэнцыю ў справе выбараў у Беларусі і даюць паўнамоцтвы рэгіянальным структурам самастойна вызначаць фармат мясцовых перадвыбарчых кааліцыяў.
У звароце, у справе магчымага рэфэрэндуму, удзельнікі круглага стала заклікаюць суайчыньнікаў сказаць “не” гэтай акцыі ўладаў і гавораць, што будуць дзейнічаць супольна, каб не дапусьціць яго правядзеньня.