Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАНГРЭС ЗША АБМЯРКОЎВАЕ “АКТ АБ ДЭМАКРАТЫІ Ў БЕЛАРУСІ”


Ул. інф.

Cа зьместам законапраекту слухачоў Радыё Свабода азнаёміў дырэктар Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода Аляксандар Лукашук:

(Вядучы праграмы: ) “Законапраект “Акт аб дэмакратыі ў Беларусі” ўносіцца на разгляд амэрыканскіх заканадўцаў другі раз. Чаму спатрэбілася ў дадатак да законапраекту сэнатара Джэсі Гелмса ўносіць паўторна такі ж законапраект і кангрэсмэну Крыстафэру Сьміту?”

(Аляксандар Лукашук: ) “Сэнатар Гелмс выступіў са сваім праектам 7 лістапада 2001 году ў Сэнаце. Каб законапраект стаў законам, патрабуецца пастанова дзьвюх палатаў – вось цяпер выкананая другая частка працэсу. Важна, што так званым спонсарам, ці аўтарам прапановы, выступіў Крыстафэр Сьміт, які узначальвае сумесную дзьвюхпалатавую Гельсынскую камісію Кангрэсу ЗША. Нагадаю, што ў 2000 годзе кангрэсмэн Сэм Гейдэнсан прапанаваў свой дакумэнт аб сытуацыі ў Беларусі, які быў прыняты без абмеркаваньня і дзейнічаў год. Такім чынам, мы назіраем пасьлядоўную зацікаўленасьць амэрыканскага Кангрэсу сытуацыяй у Беларусі. Канрэсмэн Сьміт называе стан правоў чалавека ў Беларусі жахлівым – найгоршым у Эўропе”.

(Вядучы: ) “Чым адрозьніваюцца два законапраекты?”

(Лукашук: ) “Спачатку нагадаю галоўны сэнс дакумэнта: спрыяць дэмакратыі ў Беларусі праз дапамогу партыям, недзяржаўным арганізацыям, незалежным СМІ, а таксама ўжываць карныя санкцыі супраць уладаў, у тым ліку ўвесьці эканамічныя, фінансавыя, гандлёвыя абмежаваньні. Таксама ўрад ЗША мусіць працаваць зь іншымі эўрапейскім краінамі і дамагацца прыняцьця імі падобных мераў. Беларусь павінна выконваць умовы АБСЭ як у справе ўнутранага дэмакратычнага працэсу, гэтак і ў справе зьніклых людзей. Прозьвішчы чатырох зьніклых фігуруюць ва ўсім тэксьце.

Што тычыцца адрозьненьняў – я адзначу тры. У законапраекце Гелмса гаворыцца пра непрызнаньне нацыянальнага сходу і прызнаньне ў якасьці легітымнага парлямэнту Вярхоўнага Савету 13 скліканьня. У дакумэнце Сьміта такога запісу пра Вярхоўны Савет ужо няма. І яшчэ адно адрозьненьне – сэнатар Гелмс прапанаваў вылучыць 30 млн даляраў на ажыцьцяўленьне дапамогі ў 2002 фінансавым годзе. Цяпер у кангрэс прадстаўленая іншая лічба – 40 млн, але на два фінансавыя гады: 2003 і 2004.

І трэцяе адрозьненьне – зроблены запіс пра беларускі гандаль зброяй, вайсковымі тэхналёгіямі з краінамі, якія спрыяюць міжнароднаму тэрарызму. Прэзыдэнт ЗША будзе мусіць прадставіць Кангрэсу справаздачу пра такі гандаль і атрыманыя за яго сумы, а таксама пра асабістае багацьце Аляксандра Лукашэнкі. Зрабіць гэта трэба будзе на працягу 90 дзён пасьля прыняцьця закону.

Іншыя зьмены носяць стылёвы характар – напрыклад, ужо не пералічаюцца падрабязна акцыі апазыцыі – Маршы свабоды, Чарнобыльскія шляхі. Удакладненыя і расшыфраваныя дэмакратычныя дзеяньні – назіраньне за выбарамі, разьвіцьцё дэмакратычных партыяў. Пераважна гэта стылёвыя перамены”.

(Вядучы: ) “Давайце нагадаем слухачам, якія менавіта санкцыі прадугледжаныя законапраектам”.

(Лукашук: ) “Гэта забарона на ўезд у ЗША вышэйшым службоўцам і членам іхных сем’яў; забарона стратэгічнага экспарту ў Беларусь – кампутараў, тэхналёгіяў, усяго, што магло б быць выкарыстанае вайскоўцамі, спэцслужбамі ці, напрыклад, у турмах – за выняткам прадукцыі гуманітарнага прызначэньня. ЗША ня будуць аказваць ніякай фінансавай дапамогі ўраду Беларусі, будуць скасаваныя гандлёвыя льготы. Прадстаўнікі ЗША ў міжнародных арганізацыях будуць забавязаныя галасаваць супраць адпаведных просьбаў Беларусі. Могуць быць заблякаваныя актывы Беларусі ў ЗША.

(Вядучы: ) “Хто, паводле законапраекту, уваходзіць у вышэйшае кіраўніцтва Беларусі?”

(Лукашук: ) “Паводле тэксту, у тэрмін “вышэйшае кіраўніцтва Беларусі” ўключаюцца прэзыдэнт Беларусі, прэм’ер-міністар, віцэ-прэм’еры, міністры ўраду і іхныя намесьнікі; старшыня Нацыянальнага Банку Беларусі; службоўцы КГБ Беларусі, міліцыі і любых іншых рэпрэсіўных органаў; любыя службоўцы Ўраду Беларусі, якія маюць дачыненьне да здушэньня свабоды ў Беларусі, у тым ліку судзьдзі і пракуроры; любыя службоўцы Ўраду Беларусі, непасрэдна прызначаныя Аляксандрам Лукашэнкам, і службоўцы прэзыдэнцкай адміністрацыі”.

(Вядучы: ) “І апошняе пытаньне – калі законапраект можа стаць законам?”

(Лукашук: ) “На наступным тыдні Кангрэс ЗША не працуе – 4 ліпеня адзначаецца нацыянальнае сьвята - Дзень незалежнасьці. Пасьля вяртаньня з канікулаў заканадўцы пачнуць працаваць з прынятымі ў цэлым заканапраектамі ў справе іх фінансаваньня. Гэта даволі скрупулёзная працэдура, якая часам патрабуе доўгіх кансультацыяў і дадатковых пагадненьняў. Зрэшты, гэта і ёсьць адной з асноўных функцыяў любога парлямэнту. Якое месца на парадку дня зоймуць гэты і іншыя законапраекты камітэту міжнародных адносінаў, залежыць ад кіраўніцтва Палаты прадстаўнікоў. Кіраўніцтва вызначае чарговасьць разгляду. І хаця тэарэтычна законапраект можа быць прыняты ў любы момант і адпраўлены прэзыдэнту на подпіс, хутчэй за ўсё канчатковы адказ будзе ў верасьні”.


Законапраект сэнатара Джэсі Гелмса
аб Беларусі
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG