Лінкі ўнівэрсальнага доступу

60 ГАДОЎ, ЯК ПАМЁР ЯНКА КУПАЛА


Галіна Абакунчык, Менск

Дзень памяці распачаўся памінальным набажэнствам у касьцёле Сьвятога Роха на Залатой горцы. Прысутныя маліліся за Янку Купалу, які пры невядомых абставінах загінуў у расейскім гатэлі “Масква”, а таксама за маці паэта Бянігну Іванаўну, якая тымі ж днямі памерла ў Менску. Затым прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі ўсклалі кветкі да іхных магілаў на Вайсковых могілках Менску.

У сьмерці Янкі Купалы й па сёньня застаецца шмат незразумелага, і разгадка гэтай таямніцы яшчэ наперадзе, — перакананы навуковец і дасьледчык Адам Мальдзіс.

(Мальдзіс: ) “Зь цягам часу гэтая загадка будзе разгаданая, калі нашыя дасьледчыкі трапяць у “сьвятая сьвятых”маскоўскіх архіваў. Можа, ад яго патрабавалася адно, а ён рабіў не зусім тое, што хацелася. Ня думаю, каб ён адышоў па ўласнай волі з гэтага сьвету”.

Сёньняшнія памінальныя імпрэзы сталіся часткай урачыстасьцяў, прысьвечаных юбілейным угодкам паэта. Нацыянальны аргкамітэт і Дзяржаўны літаратурны музэй заплянавалі іх правесьці з 4 да 7 ліпеня. Так, двухдзённая міжнародная канфэрэнцыя “Янка Купала і эўрапейскі літаратурны працэс” пройдзе 4 і 5 ліпеня.

На 4 ліпеня ў музэі заплянаванае адкрыцьцё выставы, а ў тэатры Янкі Купалы — урачыстая вечарына, прысьвечаная 120-годзьдзью народнага паэта. Акрамя афіцыйнай часткі, тут гледачам пакажуць Купалаву “Паўлінку”, а ўся імпрэза будзе трансьлявацца па тэлебачаньні. Сябра аргкамітэту й дырэктар музэю Жана Дапкюнас цяпер дамагаецца, каб замест “Паўлінкі” на ўсю Беларусь паказалі “Тутэйшых”. Але на станоўчае вырашэньне гэтай ды іншых праблемаў спадзяваньняў мала. Гаворыць Жана Дапкюнас:

(Дапкюнас: ) “Змагаюся за тое, каб “Тутэйшыя” былі. Але хто мяне слухае? Гілевіч ня будзе выступаць у Вязынцы — мне адразу сказалі. Можа яшчэ й Бураўкін і Законьнікаў ня будуць. Экспазыцыя ў Вязынцы абвальваецца, бо грошай няма. Мільён праблемаў”.

Нацыянальны аргкамітэт рыхтуе і вялікае мастацкае сьвята, якое адбудзецца 6 ліпеня ў Вязынцы. Прыехаць на радзіму паэта ў гэты ж дзень прыхільнікаў Купалавага таленту запрашае таксама й Грамадзкі камітэт. Нагадаю, што яго стварылі прадстаўнікі творчай інтэлігэнцыі Беларусі. Але галоўнай падзеяй Грамадзкі камітэт называе канфэрэнцыю “Янка Купала і Незалежнасьць Беларусі”, якая пройдзе 2 ліпеня. Гаворыць сябра камітэту, мастак Аляксей Марачкін:

(Марачкін: ) “Тэма: творца й улада. Яна злабадзённая таму, што й сёньня мы адчуваем гэтую дыктатуру. Рэпрэсіі супраць газэты “Пагоня”, беларускае тэлебачаньне адмовілася здымаць вядомага музыку Ўладзімера Пузыню толькі за тое, што на лацкане ягонага піджака быў бел-чырвона-белы сьцяг, здымаюцца з экспазыцыяў карціны мастакоў суполкі “Пагоня”. Таму вось гэтая тэма — Янка Купала й дыктатура — яна вельмі злабадзённая”.

Завершацца сьвяткаваньні ў Купалаўскім парку каля помніка паэту ў дзень ягонага нараджэньня 7 ліпеня. Мастацкія імпрэзы з удзелам бардаў, паэтаў і фальклёрных калектываў цягам дня будуць праводзіць Нацыянальны, Грамадзкі камітэт і Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя БНФ. У гэты ж дзень у тэатры Янкі Купалы пройдзе спэктакль “Тутэйшыя”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG