Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МУЗЭЮ ГІСТОРЫІ МАГІЛЁВА НЕ АДДАЮЦЬ АРХІЯРЭЙСКІ ПАЛАЦ


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў

Музэй гісторыі Магілева быў заснаваны ў 1990 годзе, і працаваць у яго прыйшлі маладыя таленавітыя гісторыкі, якія не адчулі ўплыву савецкай ідэалёгіі ды не саромеліся казаць пра шмат якія невядомыя шырокай грамадзкасьці гістарычныя факты — напрыклад, пра тое, што магілёўцы радасна віталі Напалеонаўскае войска. Гэты музэй нават стаў для магілёўскай грамадзкасьці сымбалем дэмакратызацыі жыцьця.

Музэй гісторыі Магілёва быў разьмешчаны ў некалькіх пакоях Архіярэйскага палацу, старажытнага будынку, зьвязанага са знакавай гістарычнай асобай Магілёва — архіяпіскапам Беларускім Георгіем Каніскім. Улады абяцалі, што пасьля высяленьня жыхароў Палацу, які савецкая ўлада пераўтварыла ў жылы дом, будзе адчыненая музэйная экспазыцыя. Але ўвесь час для гэтага не хапала сродкаў.

За час свайго існаваньня супрацоўнікі музэю сабралі больш за 10 тысяч экспанатаў. Вельмі невялікая частка зь іх — праваслаўныя абразы — прадстаўленая на адкрыцьці музэя.

Палац Каніскага запатрабавала вярнуць як гістарычнаму ўладальніку Магілёўская праваслаўная япархія. Улады заявілі гісторыкам, што на рэстаўрацыю старажытнага будынка патрэбныя такія вялікія сродкі, якіх бюджэт ня мае. Таму цяпер музэй гісторыі Магілёва адчыніўся на першым паверсе будынку ў гістарычнай забудове гораду.

Старшая супрацоўніца музэю Вольга Чарняўская цешыцца, што музэй нарэшце рэальна існуе, але і не хавае сваёй крыўды:

(Чарняўская: ) “Мы яшчэ спадзяваліся, што мы адкрыемся тут, а пазьней, калі зьявяцца грошы, мы адкрыем у Палацы вялікую экспазыцыю. А цяпер можа яшчэ стацца так, што яго аддадуць япархіі. І нам вельмі крыўдна, таму што той будынак, канец 18 стагодзьдзя, для нас можа быць згублены. Вельмі крыўдна”.

У музэю гісторыі Магілёва, дарэчы, некалькі месяцаў таму зьявіўся новы кіраўнік. Уладзімер Якушаў мае адукацыю настаўніка гісторыі, але ўсё жыцьцё адпрацаваў у міліцыі, ён маёр. Пад ягоным кіраўніцтвам музэй бярэ ўдзел у конкурсе на атрыманьне прэзыдэнцкага гранту на ажыцьцяўленьне навуковага праекту “Магілёў часоў Магдэбурскага права”. Разам з тым Уладзімер Якушаў лічыць, што трэба і самім клапаціцца пра грошы.

(Якушаў: ) “Мы цяпер у такі час жывем, калі патрэбна самастойна шукаць пэрспэктывы, выходзіць са становішча сваімі сіламі й разьвіваць платныя паслугі”.

Уладзімер Якушаў зьбіраецца актыўна ўкараняць платныя паслугі — выставы і лекцыі для ўстановаў і прадпрыемстваў, моладзевую экспазыцыю для знаёмства са старажытнай зброяй і гэтак далей, каб забясьпечыць разьвіцьцё музэю. Старшыня Магілёўскага гарвыканкаму Віктар Шорыкаў паставіў яму задачу не абмяжоўвацца Магдэбурскім правам, а адлюстраваць гісторыю абласнога цэнтру да нашых дзён.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG